Дыпламатыя Берні Сандэрса

Добрыя вынікі на старце праймерыз яшчэ не гарантуюць Берні Сандэрсу перамогі ў дуэлі з Хілары Клінтан. Аднак нават у выпадку фіяска погляды палітыка, у тым ліку на знешнюю палітыку, будуць улічвацца кожным, хто б ні прыйшоў у Белы дом.



Фота www.redalertpolitics.com


Што тычыцца замежнай палітыкі, то гэта яўна не канёк дэмакратычнага сацыяліста, якім лічыць сябе сам Сандэрс. Калі паслухаць яго выступы, лёгка падлічыць, што тэма замежнай палітыкі ў сярэднім займае 15–20 працэнтаў ад агульнага часу прамовы. У некаторым сэнсе гэта лагічна, бо кумір Сандэрса — Франклін Рузвельт, які, як вядома, да апошняга трымаўся лініі на знешнепалітычны ізаляцыянізм і няўдзел краіны ў Другой сусветнай вайне.

На цяперашні час аналітычная і публічная думкі па­дзялілася наконт таго, што чакае Дзярждэпартамент (у ЗША гэты орган выконвае функцыі МЗС) у выпадку перамогі Сандэрса на прэзідэнцкіх выбарах.

Пачаць можна з вобразу Сандэрса як ястраба, які, маўляў, удала камуфлюецца пад голуба. Аматары такой версіі звяртаюць увагу на тое, што Сандэрс належыць да клінтанаўскай генерацыі дэмакратаў. Калі гэтыя палітыкі ў 1990-я прыйшлі да ўлады, свет стаў сведкам рэзкай актывізацыі знешняй палітыкі ЗША. Пры гэтым Біл Клінтан і яго каманда не мелі комплексаў наконт пасылкі ў зоны канфліктаў самалётаў і жаўнераў (Самалі, Косава, Боснія). Сандэрс асабліва не пратэставаў супраць тых аперацый. У 2011 годзе ён не крытыкаваў увод войскаў NATO ў Лівію. У мінулым годзе ўвогуле падтрымаў авіяцыйныя налёты ЗША на пазіцыі ісламістаў у Сірыі і Іраку. Можна таксама ўзгадаць, як Берні Сандэрс выступаў супраць спробаў Чавеса сабраць антыамерыканскі рэгіянальны блок за кошт левых рэжымаў Лацінскай Амерыкі.

Версія пра Сандэрса-ястраба характэрная для прадстаўнікоў экспертнай супольнасці, якія стала займаюцца маніторынгам учынкаў палітыкаў. Што тычыцца простых людзей, то яны, як правіла, бачаць у Сандэрсе нейкага пацыфіста-ідэаліста. Сапраўды, Сандэрс кідаецца вельмі радыкальнымі прапановамі. Так, ён прапануе перафарматаваць NATO, уключыўшы туды Маскву. Рашэнне праблемы Ісламскай Дзяржавы ён разглядае выключна праз прызму шырокай кааліцыі, куды акрамя Захаду ўвойдуць Расія і Іран. Нягледзячы на яўрэйскае паходжанне Сандэрса, цяперашні кансерватыўны ізраільскі ўрад напружваецца, пачуўшы яго імя — кандыдат-дэмакрат выступае за стварэнне і развіццё Палесцінскай дзяржавы. Увогуле, Сандэрс прапануе пакласці ў аснову дыпламатыі ЗША прынцып міжнародных кааліцый. «У адміністрацыі Сандэрса не будзе адзінага ключа для рашэння міжнародных канфліктаў, мы не можам працягваць рабіць гэта ў адзіночку; мы павінны працаваць у кааліцыі», — сказаў Берні Сандэрс падчас чарговых дэбатаў.

Цікава, што правая прэса крытыкуе палітыка не за пацыфізм, а за папулізм. Сапраўды, падчас ток-шоў Сандэрс прапануе падыходзіць да складаных праблемаў дастаткова проста. Напрыклад, на пытанне пра тое, што амерыканскім жаўнерам далей рабіць у Афганістане, той абяцае вывесці іх адтуль у першы ж дзень сваёй прэзідэнцкай кадэнцыі.

Калі верыць кансерватыўным каментатарам, у Сандэрса дастаткова хаатычныя погляды адносна таго, як павінен выглядаць будучы знешнепалітычны курс Злучаных Штатаў. Адно ён ведае цудоўна — просты амерыканец «наеўся» замежных авантураў, а тым больш вайсковых. Пасля 2001-га ЗША ўлезлі ў тры канфлікты — Ірак, Лівія і Афганістан. У выніку ніводная з інтэрвенцый не дасягнула пастаўленых задач. Наадварот, выклікала толькі эскалацыю ў рэгіёнах. На гэтай траўме ў калектыўнай свядомасці амерыканцаў Сандэрс, маўляў, і гуляе.

Сандэрс не задаволены пражэктамі пашырэння Паўночна-Атлантычнага блоку на ўсход, у тым ліку гэты тычыцца і перспектыў сяброўства Украіны. Па словах палітыка, гэта выклікае геапалітычныя канфлікты і дорага каштуе амерыканскім падаткаплацельшчыкам. З іншага боку, дэмакратычны сацыяліст выступае за ўзмацненне эканамічных санкцый супраць Масквы. «Каб спыніць расійскую агрэсію, мы павінны замарозіць расійскія дзяржаўныя актывы па ўсім свеце, а таксама заахвочваць міжнародныя карпарацыі адмаўляцца ад вялізных інвестыцый у Расію, каб аслабіць ваяўнічыя фракцыі ў эліце краіны», — лічыць Берні Сандэрс.

Такім чынам, прагназаваць, як будзе выглядаць знешняя палітыка ЗША ў выпадку перамогі Сандэрса, шматлікія эксперты не раяць. Тут дарэчы будзе нагадаць, што Буш-малодшы прарваўся ў Белы дом шмат у чым дзякуючы крытыцы экспансіянізму клінтанаўскай адміністрацыі, абяцаючы ўтрымацца ад інтэрвенцый у замежжа. У што ператварыліся тыя абяцанкі, усім вядома.

Калі ў выпадку выбараў пераможа Хілары Клінтан, то, на думку прэсы, яна будзе вымушаная ўлічваць фактар Сандэрса. Яго папулярнасць сярод партыйнага базісу, перш за ўсё сярод моладзі (80 працэнтаў) і жанчын (55 працэнтаў) не пакідае Хілары іншага варыянту. Магчыма, на практыцы гэта выльецца ў змякчэнне танальнасці амерыканскай дыпламатыі.

Дарэчы, пра Беларусь магчымы кандыдат у прэзідэнты ЗША пакуль нічога не казаў.

Каментаваць