Джамілеў: У Крыме ўсё робіцца па-руску

Мустафа Джамілеў назваў галоўную прычыну частковага аднаўлення электразабеспячэння Крыму Украінай.



Фота УНІАН


Галоўная прычына, па якой актывісты, што блакавалі Крым, дазволілі часткова аднавіць энергазабеспячэнне акупаванага паўвострава, — занепакоенасць Захаду ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася ў Крыме.

Пра гэта заявіў адзін з лідараў крымскіх татараў, упаўнаважаны прэзідэнта Украіны па справах крымскататарскага народу Мустафа Джамілеў, перадае УНІАН.

"Па-першае, гэтая галіна (па якой адноўлена энергазабеспячэнне. — Рэд.) заходзіць спачатку ў Крым, а потым накіроўваецца ў два раёны Херсонскай вобласці", — патлумачыў ён. Джамілеў адзначыў, што калі па галіне "Кахоўка-Тытан" не падаваць электрычнасць, без яе застануцца некаторыя пасёлкі Херсонскай вобласці.

"Па-другое, былі размовы аб пагрозе тэхнагеннай катастрофы на заводзе "Тытан", калі туды не будзе паступаць электраэнергія. Гэта, праўда, не зусім важкі аргумент, мы гэтаму пацверджання не знайшлі. Але істотным з'яўляецца тое, што нашы заходнія саюзнікі выказалі з гэтай нагоды неспакой і казалі, што калі ў краіне здзяйсняюцца такія рэчы, адвольна перакрываюцца дарогі, — гэта сведчанне таго, што дзяржава не кантралюе сітуацыю, што ў нас нестабільнасць", — распавёў Джамілеў.

"Мы гаварылі пра тое, што электраэнергіі, якая выпрацоўваецца ў Крыме, пры разумным размеркаванні павінна быць дастаткова, каб задавальняць бытавыя патрэбы жыхароў паўвострава. Але ў Крыме ўсё робіцца па-руску: рускія спачатку ваенныя базы забяспечваюць, ФСБ, а потым ужо насельніцтва. Мы вырашылі да 31 снежня, гэта значыць да заканчэння дзеяння пагаднення паміж Расіяй і Украінай па пастаўках (электраэнергіі. — Рэд.), на гэту адну лінію падаць", — рэзюмаваў Джамілеў.

Каментаваць