Джаана Ламлі. Рахат Аліеў. Джыджы Бекалі

Джаана Ламлі

Джаана Ламлі

Брытанская актрыса, якая вядомая дзякуючы ролі дзяўчыны Джэймса Бонда, выратавала гонар брытанскага войска. Яна дамаглася таго, што ветэраны-гуркі атрымаюць права на пражыванне ў Вялікабрытаніі. Гуркамі называюць непальцаў, якія служаць у брытанскім войску. Першыя батальёны гуркаў брытанцы пачалі фармаваць яшчэ ў 1815 годзе пасля няўдалай спробы захапіць Непал. Уражаныя мужнасцю тубыльцаў, брытанцы дабіліся таго, каб у мірнай дамове быў пункт, які дазваляў непальцам служыць у арміі Яе Вялікасці. З тых часоў у Непале штогод праводзіцца вярбоўка салдат (цяперашні конкурс — 160 чалавек на месца). Гуркі ўсе 200 гадоў служылі на самых важных і небяспечных участках фронту. Праблема ў тым, што, паводле закону, яны застаюцца грамадзянамі Непалу і пасля службы павінны ехаць дахаты. З улікам розніцы ва ўзроўні жыцця шматлікія ветэраны-гуркі хацелі б застацца ў Вялікабрытаніі, аднак гэта не аргумент для дэпартаменту па пытаннях мігрантаў. Бог ведае, чым усё скончылася б для трох тысяч гуркаў (менавіта столькім пагражае дэпартацыя), калі б не Джаана. Яна арганізавала кампанію ў іх абарону і дамаглася сенсацыйнай перамогі. Практычна ўсе фракцыі парламенту падтрымалі праект, які надае ветэранам-гуркам права мець пажыццёвую брытанскую візу.


Рахат Аліеў

Былы зяць прэзідэнта Казахстана, які збег у Вену, лічыцца галоўным ворагам Назарбаева, таму што доўгі час быў сябрам бліжэйшага атачэння прэзідэнта і сабраў на яго салідны кампрамат. Кампрамат ён час ад часу злівае ў сеціва. Падобную дзейнасць высока ацанілі на радзіме Аліева: яго ўжо завочна прыгаварылі да 40 гадоў турмы. Аднак галоўным ударам па рэжыму павінна была стаць кніга «Хросны цесць», якую Аліеў доўга рэкламаваў. Уся краіна чакала скандальнага фаліянта. Выходзілі нават фальшывыя «хросныя цесці», дзе пісаліся самыя неверагодныя рэчы (кшталту таго, што кожны вышэйшы казахскі чыноўнік перад тым, як паступіць на службу, павінен быў пацалаваць нагу прэзідэнта). І вось нарэшце ў кнігарнях з’явіўся сапраўдны «Хросны цесць». На 540 старонках Аліеў апісвае, як функцыянуе пабудаваная Назарбаевым сістэма. Яе спадарожнікі — карупцыя, продаж нацыянальнага багацця, перавод грошай на персанальныя рахункі за мяжу. Аднак самы вясёлы блок прысвечаны праекту «Суперхан», які быццам распрацаваны адміністрацыяй Назарбаева. Яго сутнасць — перадача ўлады ў краіне ў 2035 годзе па дынастычнай лініі. Новым кіраўніком Казахстана, па гэтаму плану, павінен стаць Султан Назарбаеў, які нарадзіўся ў 2005 годзе. Дарэчы, ён быў зачаты ў прабірцы і народжаны ад малодшай жонкі Назарбаева Асель (міс Казахстан 1999 года). Афіцыйная Астана змест кнігі неяк не каментуе.


Джыджы Бекалі

Прадпрымальнік, папулісцкі палітык, уладальнік папулярнага румынскага футбольнага клубу «Сцяуа» — зараз самы вялікі прыхільнік еўрапейскай інтэграцыі ў Румыніі. Менавіта дзякуючы Еўрасаюзу і выбарам у яго парламент, якія прызначаныя на чэрвень, ён можа выйсці з турмы, куды трапіў 3 красавіка. Трапіў ён туды з-за суда Лінча, які Джыджы са сваімі целаахоўнікамі ўчыніў над групай хуліганаў, якія скралі ягоную машыну. Праз нейкі час Бекалі арыштавалі і, нягледзячы на пратэсты фанатаў «Сцяуа», асудзілі. Аднак ужо праз 10 дзён яго наведаў лідэр радыкальнай нацыяналістычнай партыі «Вялікая Румынія» і прапанаваў месца ў сумесным спісе на выбарах у Еўрапарламент. Джыджы таксама мае сваю партыю «Новая генерацыя», якая, як і «Вялікая Румынія», знаходзіцца ў другой лізе румынскай палітыкі. Аднак кааліцыя дае ім шанец на выбарах. Зараз адвакаты Бекалі часова выцягнулі яго з турмы, каб ён мог весці выбарчую кампанію. Дзякуючы папулярнасці ягонага клуба і скандальнай славе картэль «Новая генерацыя — Вялікая Румынія» адразу апынуўся ў фокусе СМІ. Цяпер усе чакаюць, куды адправіцца Джыджы гэтым летам: у турму або ў Еўрапарламент. Застаецца дадаць, што раней Бекалі люта ненавідзеў партыю «Вялікая Румынія». Лідэры апошняй плацілі той жа манетай, называючы Джыджы «пасол д’ябла».
 

Каментаваць