Джыджы Бекалі. Хорст Зеехофер. Уладзімір Пуцін

Джыджы Бекалі

Джыджы Бекалі

Румынскі алігарх, прэзідэнт папулярнага ў краіне футбольнага клубу “Сцяуа зрабіў, здавалася, неверагоднае. Пасля таго, як яго ўзімку адправілі ў турму за самасуд над злодзеем, які абрабаваў яго машыну, Бекалі ўвесну выставіў сваю кандыдатуру на выбары ў Еўрапарламент. Справа ў тым, што дэпутаты заканадаўчага органа ЕС маюць статус недатыкальнасці і могуць пакінуць краіну. Дзякуючы папулярнасці клуба і саюзу з правай партыяй “Вялікая Румынія Джыджы атрымаў мандат. Увогуле, “Вялікая Румынія здабыла 8 працэнтаў галасоў і будзе прадстаўлена ў Бруселі трыма дэпутатамі. Аднак усе намаганні Джыджы не мелі сэнсу. Вярхоўны суд краіны забараніў яму пакідаць радзіму, а гэта аўтаматычна азначае, што Бекалі застаецца за кратамі. Вязень-дэпутат назваў рашэнне суда “цыркам у цырку. З іншага боку, усе выбары ў Румыніі можна ахарактарызаваць падобнымі словамі. У еўрапарламент таксама прайшла Елена Басэску — дачка прэзідэнта Траяна Басэску . Яна атрымала 4,2 працэнта. Прычына поспеху — апека бацькі. Ад секцый ліберал-дэмакратычнай партыі, якую ўзначальвае Траян, патрабавалі, каб кожны дзесяты сябра прагаласаваў за партыю дачкі боса.

Хорст Зеехофер

Старшыня партыі Хрысціянска-сацыяльны саюз (CSU), якая дзейнічае выключна на тэрыторыі Баварыі і лічыцца самым кансерватыўным палітычным аб’яднаннем сярод буйных нямецкіх партый, апошнім часам робіць папросту фантастычныя ўчынкі з пункту гледжання аматараў кансерватыўных каштоўнасцяў. Не так даўно стала вядома, што ў той час, калі Хорст быў дэпутатам Бундэстага, ён завёў сабе каханку Анэту Фроліх, якая ўжо мае ад яго дачку. Скандал ледзь удалося замяць. Сам Хорст пераехаў у Баварыю, дзе ўзначаліў партыю і публічна прынёс прабачэнні за свае амаральныя ўчынкі. Аднак цяпер высвятляецца, што ўсё гэта было няшчыра. На самай справе, ён дасюль больш часу праводзіць не ў сям’і, а з Анэтай. Больш таго, апошняя чакае ад яго другое дзіця. Калі згадаць, што ў Баварыі галоўным чынам жывуць каталікі, можна зразумець, якія наступствы для партыі будуць мець паводзіны Хорста. Застаецца дадаць, што Зеехофера перацягнулі ў Баварыю як антыкрызіснага менеджэра, які павінен быў выратаваць партыю пасля таго, як упершыню за 50 гадоў яна страціла абсалютную большасць у зямельным парламенце.

Уладзімір Пуцін

Прэм’ер-міністр Расійскай Федэрацыі праявіў сябе не толькі як добры адміністратар, аднак і як мастацкі крытык. З нагоды 79-й гадавіны вядомага расійскага мастака Іллі Глазунова Пуцін наведаў ягоную студыю. Падчас прагляду прац аўтара ён крытычна прайшоўся па шэрагу з іх. Напрыклад, яму не спадабалася выява мяча ў руцэ князя на карціне “Князь Алег і Ігар, якую Глазуноў напісаў аж у 1972 годзе. “Меч вельмі маленькі. Ім быццам кілбасу будуць рэзаць, — пракаментаваў Пуцін малюнак. Таксама прэм’ер пракаментаваў карціну “Вечная Расія, дзе сярод іншых палітычных асобаў выяўленыя пакутнікі-князі Барыс і Глеб, якіх паводле летапісу забілі падчас сну. Пуціну не спадабалася, што князі ў прынцыпе вельмі лёгка памерлі. “Трэба было змагацца і не аддаваць сваё жыццё без барацьбы, — мудра адзначыў лідэр ураду. На ўсе такога кшталту заўвагі Глазуноў рэагаваў стэрэатыпна: “Вы цалкам маеце рацыю. У Вас добры вакамер. З іншага боку, Пуцін не ў першы раз выступае ў ролі крытыка. Пасля прагляду п’есы “Горе от ума ў маскоўскім тэатры «Современник» ён знайшоў фігуру Чацкага вельмі слабай у праекцыі на персанаж Аляксандра Матросава.

Каментаваць