Джордж Ціллер. Рэджэп Тайіп Эрдаган. Дэвід Дзюк

Джордж Ціллер

Джордж Ціллер

Вядомы ў ЗША актывіст арганізацыі Women’s Health Care Services быў забіты ў сваім родным горадзе ў штаце Канзас. Прычынай забойства стала пазіцыя Ціллера па пытанню правоў жанчын на аборты. Women’s Health Care Services была адной з трох нацыянальных медычных арганізацый, якія выступалі за права жанчын перарываць цяжарнасць пасля 21-га тыдня. Сярод кансерватараў гэта лічыцца страшэнным грахом. Яны называлі Ціллера «забойцам дзетак» і даводзілі, што актывіст прымушае жанчын рабіць аборты з дапамогай псіхалагічнага ціску. Кансерватары настолькі не любілі Ціллера, што ўдзень і ўначы пікетавалі ягоную клініку. Ужо ў жніўні 1993-га ён ледзь не стаў ахвярай кулі фанатыка. Акрамя таго яго ўвесь час даставалі іскамі. Апошні рэзанансны суд над ім закончыўся ў сакавіку. Ціллера прыцягнулі да адказнасці за аборт жанчыне на 23-м тыдні цяжарнасці. Дзякуючы таму, што тая жанчына перад тым, як ісці да Ціллера, атрымала заключэнне двух дактароў пра тое, што роды будуць каштаваць ёй страты маторных функцый цела, «забойцу дзетак» апраўдалі. Аднак Скот Роўдэр, сябра радыкальнай хрысціянскай групоўкі, застрэліў Ціллера. Забойства выклікала сапраўдны шок у грамадстве. Нават арганізацыі, якія змагаюцца за забарону абортаў, выказалі спачуванне родным нябожчыка. Да спачуванняў далучыўся і Барак Абама. «Праблемы не могуць вырашацца шляхам актаў гвалту», — сказаў прэзідэнт ЗША.


Рэджэп Тайіп Эрдаган

Прэм’ер-міністр Турцыі нарабіў шмат шуму сваёй сенсацыйнай заявай. Ён назваў праявай фашызму «дэпартацыі этнічных меншасцяў у Турцыі». Што прымусіла Эрдагана казаць такія рэчы, цалкам не зразумела. Хаця палітык ні слова не сказаў пра тое, якія канкрэтна дэпартацыі ў гісторыі краіны ён лічыць фашызмам, усе падазраюць, што мова ішла пра генацыд армян у пачатку ХХ стагоддзя. Магчыма, гэта выказванне нейкім чынам звязана з ростам канфрантацыі паміж кемалісцкай рэспубліканскай апазіцыяй і кіруючай Партыяй справядлівасці і развіцця, якая лічыцца ісламісцкай. На мінулым тыдні апазіцыя правяла мітынг з удзелам ста тысяч чалавек, якія выступілі за свецкі характар дзяржавы, вернасць запаветам Атацюрка. У спіс тых запаветаў кемалісты ўключаюць і цвёрдую пазіцыю, якая адмаўляе генацыд армян. Між тым, апошнім часам урад Анкары пачаў дыялог з Ерэванам наконт адкрыцця межаў. Заяву Эрдагана, магчыма, варта разглядаць як своеасаблівую атаку на адзін з кемалісцкіх пастулатаў. Акрамя таго, гэта заява можа прывесці да падтрымкі з боку ЗША і Еўропы, якія даўно выступаюць за тое, каб Турцыя прызнала генацыд армян.


Дэвід Дзюк

Былы лідэр амерыканскай расісцкай арганізацыі «Ку-клукс-клан», якога называюць самым вядомым правым радыкалам ЗША, вырашыў пераехаць жыць у Еўропу і ў якасці новай радзімы абраў Аўстрыю. Сам інтурыст тлумачыць свой пераезд у Стары Свет выключна жаданнем займацца спортам у горных умовах. Не бачаць пакуль што праблемаў і ўлады Зальцбурга, дзе збіраецца жыць былы «галоўны рыцар» — так называецца кіраўнік «Ку-клукс-клану». Затое мясцовыя антыфашысцкія і яўрэйскія арганізацыі вельмі занепакоеныя. Усе памятаюць атысеміцкія выступы Дзюка на кангрэсе па праблемах Халакосту, які арганізаваў у 2006 годзе іранскі ўрад у Тэгеране. Акрамя таго жонка Дэвіда ўжо мела праблемы з аўстрыйскім законам. У 2003 годзе яна была арыштаваная падчас раздачы ўлётак антысеміцкага зместу. Адмаўленне факту Халакосту разглядаецца ў Аўстрыі і ў Германіі як крымінальнае злачынства. Акрамя таго, ёсць падазрэнні, што Дзюк прыбыў у Еўропу з намерам навесці кантакты паміж правымі экстрэмістамі ЗША і Усходняй Еўропы. Так, у маі ён прыняў запрашэнне нацысцкай групы «Narodni Odpor» з Чэхіі ўзяць удзел у іх мерапрыемстве, аднак пасля быў дэпартаваны з краіны.

Каментаваць