Дзе, чорт пабяры, тая Братыслава?

У Славакіі адчуваеш сябе вельмі камфортна — бо культурная розніца мінімальная. Падобныя станоўчыя якасці, падобныя заганы. На злом эпох славакі адрэагавалі гэтак жа, як і беларусы — прытуліліся да «бацькі». У славакаў тое гучала больш ласкава — «tatko Vladko».



Калі галоўная гераіня раману Каэльё «Вераніка вырашае памерці», славенская дзяўчына, наглытаўшыся снатворнага, ляжыць і чакае смерці, ёй на вочы трапляецца артыкул у выпадковым часопісе, які пачынаецца з пытання: «Дзе знаходзіцца Славенія?» Вераніка вырашае ў завяршэнне свайго жыцця напісаць ліст у гэты часопіс, каб павучыць невукаў палітычнай геаграфіі. Такім чынам яна хацела схаваць ад цікаўных сапраўдныя матывы свайго самагубства, разам з тым прыцягнуўшы ўвагу да сваёй краіны. 
 
 
Нядаўна мне давялося наведаць Славакію. Перад паездкай сябры часта пыталіся, што ды чаго, чаму і навошта, і дзе наогул тая... Славенія. Зрэшты, не яны першыя. Самым вядомым чалавекам, які пераблытаў дзве краіны, быў Джордж Буш-малодшы. 
 
 
Славакам вядома гэтая прыкрая акалічнасць. Але замест таго, каб рваць на сабе валасы, крыўдуючы на безуважны да іх свет, яны зрабілі з яе турыстычную фішку. Сярод іншых сувеніраў на латках у цэнтры Братыславы ў вочы кідаюцца цішоткі з надпісам «Where the fuck is Bratislava?» Што можна перакласці як: «Дзе, чорт пабяры, тая Братыслава?»
 
 
Уменне паставіцца да сябе з іроніяй звычайна выклікае прыязнасць. 
 
 
Братыслава фігуруе ў двух галівудскіх фільмах — моладзевай камедыі «Еўратур» і садысцкім трылеры «Хостэл», прычым у абодвух яна аднолькава паўстае ў непрывабным і страшнаватым выглядзе. Прыкладна як Казахстан у камедыі «Барат». Забароненай у 2006 годзе да пракату ў Казахстане, Расіі і Беларусі. 
 
 
 
 
Мяне вельмі цікавіла пытанне, як успрынялі «Еўратур» і «Хостэл» славакі. Мусіць, пакрыўдзіліся, абурыліся? «Ды ну, мы смяяліся!», — пераканаўча смеючыся адказала мне Зузана Фіялава, праект-мэнэджэр арганізацыі «Чалавек у небяспецы». Я пытаўся ў іншых, пагартаў водгукі на славацкіх форумах, ці не ўводзіць яна мяне ў зман — не, сапраўды, славакі паставіліся з гумарам да таго, што Галівуд прадставіў іх сталіцу ў якасці жупела.
 
 
Напэўна, яны адразу зразумелі тое, на што казахскім уладам спатрэбілася шэсць гадоў — так ці іначай гэта павялічвае прывабнасць для турыстаў. Летась за тое падзякаваў «Барату» кіраўнік казахскага МЗС, прызнаўшы, што з выхадам фільма колькасць віз, выдадзеных Казахстанам, вырасла ў 10 разоў. 
 
 

«Але справа яго жыве»

 
 
У Славакіі пабывала ўжо даволі шмат журналістаў з Беларусі. Як мяркуецца, тут мы можам з карысцю для нашай краіны вывучыць досвед «дэмакратычных пераўтварэнняў». Схема такая: пэўны час Славакіяй кіраваў Уладзімір Мечыяр, якога называлі «славацкім Лукашэнкам», краіна лічылася «чорнай дзіркай Еўропы», а потым — хоба! — славакі раптам ачомаліся, страсянулі з сябе аўтарытарызм, і ўліліся ў сям'ю еўрапейскіх дэмакратый, ужо цалкам абноўленыя. 
 
 
Уласны невялікі досвед знаёмства з Славакіяй не дазваляе мне згадзіцца з такой вясёлкавай карцінай. 
 
 
Судзіце самі. Прэзідэнт Славакіі, Іван Гашпаровіч, які займае пасаду ўжо другі тэрмін, быў ключавой палітычнай фігурай у часы мечыярызму. Прэм'ер-міністр,  Роберт Фіцо — палітык папулісцкага толку з аўтарытарнымі замашкамі, упершыню прыйшоў да ўлады ў саюзе з партыяй Мечыяра. Апроч іншага, ён вядомы тым, што наведваў Беларусь па запрашэнні ўладаў, праўда, у якасці старшыні апазіцыйнай парламенцкай фракцыі. Гэта само па сабе шмат аб чым гаворыць. 
 
 
Падчас другога тэрміну, набраўшы шалёную папулярнасць на хвалі антыкарупцыйнага скандалу пад кодавай назвай «Gorila», які выклікаў масавыя пратэсты, Фіцо сфармаваў аднапартыйны ўрад. Але гэтым не задаволіўся. Паўзаконнымі метадамі зняўшы з пасады Генеральнага пракурора, стаўленніка іншай партыі, Фіцо праціснуў туды свайго былога аднакурсніка. 
 
 
Для нас можа быць не зусім зразумелым, у чым тут праблема, мы ўжо даўно забылі пра падзел уладаў і ўсё такое, у Славакіі ж забілі ў званы, загаварыўшы пра павольнае вяртанне да мечыярызму.  
 
 
На нядаўніх губернатарскіх выбарах у адным з рэгіёнаў Славакіі перамог Марыян Катлеба, якога чэскі штодзённік «Hospodárske noviny» назваў «маленькім фюрэрам». Аднымі з прычынаў абрання Катлебы выданне лічыць «агульную незадаволенасць развіццём славацкага грамадства ў апошнія гады» і «аўтарытарныя схільнасці значнай часткі электарату».    
 
 
Хаця самога Уладзіміра Мечыяра сёння называюць «палітычным трупам», бо на апошніх выбарах яго партыя не змагла нават трапіць у парламент, можна сказаць, што «справа яго жыве». 
 
 
Рычард Сулік, лідэр славацкай апазіцыйнай партыі «Свабода і салідарнасць», паслухаўшы расповед нашай групы пра сітуацыю ў Беларусі, сказаў: «У выпадку калі Фіцо застанецца яшчэ на адзін тэрмін, у нас можа быць усё тое ж самае».   
 
 
Відавочна, ён перабольшвае пагрозу, але гэта не значыць, быццам няма тэндэнцыі ў азначаным кірунку. 
 
 

Майдан, ды не той

 
 
Едучы ў Братыславу, я быў упэўнены, што сустрэну тут майданчык у падтрымку імкнення ўкраінцаў да Еўропы. 
 
 
Аднак Братыслава аказалася адной з нешматліках сталіцаў Еўропы, дзе такога майданчыку дасюль не было. Стваральнік групы «Euromajdan Slovensko» у Facebook патлумачыў, што таму віной «традыцыйная русафілія» славакаў і прыхільнасць цяперашняга прэм'ер-міністра да Пуціна. 
 
 
Аднойчы вечарам, на ўскрайку Братыславы, я разгаварыўся з пажылым чалавекам інтэлігентнага выгляду, у берэце і нашыйнай хустцы. Спачатку ён прыняў мяне за рускага, але калі я патлумачыў, што я з Мінску, чамусці вырашыў, што я ўкраінец. Тады пажылы чалавек паглядзеў на мяне з сумам і прамовіў:
 
 
«А-а, вы, значыць,  іншых палітычных поглядаў... Дык ведайце, тое, да чаго вы імкнецеся, можа аказацца зусім не такім прывабным».
 
 
Пасля чаго пачаў скардзіцца на нізкую пенсію, высокія камунальныя плацяжы, рост коштаў пасля ўвядзення еўра і г.д.
 
 
Майданчык урэшце знайшоўся. Акурат перад прэзідэнцкім палацам. З начным дзяжурствам, намётамі, вогнішчам і палявой кухняй. Толькі ён не меў ніякага дачынення да Украіны. Хаця яго ўдзельнікі ўздыхалі, як уздыхаюць апошнімі днямі многія беларусы: «На жаль, мы не ўкраінцы...» 
 
 
Майданчык арганізаваў «Усеславацкі рух незадаволеных грамадзянаў» («Celoslovenské hnutie nespokojných občanov»), які ставіць за мэту «вярнуць сабе краіну». Удзельнікі цяпер ужо шматдзённага пратэсту ўпэўнены, што палітыкі скралі яе ў славакаў, выкарыстоўваючы іх проста як сродак прыходу да ўлады. За 23 гады незалежнасці яны «не здолелі навесці парадак», таму ў грамадзянаў тут «няма будучыні». 
 
 
Сам пратэст пакуль выглядае з'явай маргінальнай, чаго не скажаш пра незадаволенасць і раздражненне, якімі ён сілкуецца. З гэтымі пачуццямі сутыкаешся даволі часта, калі знаёмішся з Славакіяй. 
 
 

Калі Славакію адсунуць на 1000 кіламетраў на ўсход

 
 
Вольга Гяфрашава, эксперт Інстытуту грамадскіх справаў, лічыць гэтыя адчуванні збольшага «суб'ектыўнымі». Калі ў цябе пад бокам Аўстрыя (да Вены ад Братыславы менш за 70 кіламетраў), ты будзеш параўноваць сваё жыццё з жыццём аўстрыйца, і гэтае параўнанне будзе дастаўляць табе пакуты. Калі вакол з'явілася столькі розных рэчаў, пра якія ты раней нават і не думаў, але цяпер яны побач, ты іх бачыш і табе хочацца іх мець, але няма такой магчымасці, гэта будзе цябе мучыць. У суседа лепшы дом, лепшая машына, лепшы прадуктовы кошык — усё гэта парушае твой псіхічны баланс. Хаця насамрэч у цябе ўсё далёка не так кепска.  
 
 
 
 
Зузана Фіялава і Вольга Гяфрашава
 
Як добра мець у суседзях Расію: зірнеш, і на душы адразу лягчэй — прынамсі да такога стану мы яшчэ не дакаціліся! Яшчэ лепей было б прысуседзіцца да Таджыкістану, асабліва ў гэты цяжкі для краіны момант, каб кантраст быў выразней. Ну, не пашанцавала. 
 
 
Можна толькі паспачуваць Славакіі, вымушанай жыць поруч з Аўстрыяй, ці Эстоніі, якую мучыць суседства Фінляндыі. 
 
 
Вось калі б адсунуць Славакію на тысячу кіламетраў на ўсход... Сапраўды, што б тады было? 
 
 
У Славакіі адчуваеш сябе вельмі камфортна — бо культурная розніца мінімальная. Падобныя станоўчыя якасці, падобныя заганы. На злом эпох славакі адрэагавалі гэтак жа, як і беларусы — прытуліліся да «бацькі». У славакаў тое гучала больш ласкава — «tatko Vladko». І «tatko» той быў не горшы за іншых, гатовы супрацьстаяць ворагам, які атачылі Славакію з усіх бакоў, «закатаць усё ў асфальт», аб чым у 1993 годзе сам казаў сваім паплечнікам. А 2011 годзе ён пазіраваў перад фатографамі з троху дурнаватай усмешкай, трымаючы ў руках падораныя яму жартам два цацачных катка. 
 
 
 
Мечыяр з цацачнымі каткамі
 
 
 
З намі ў групе быў журналіст дзяржаўнай газеты. Ён не даў веры, быццам уся справа ў тым, што славакі свядома адмовіліся ад палітычнага бацькоўства. І меў рацыю, як на мой погляд. Бо сёння на славацкай палітычнай сцэне іграюць вельмі падобныя да яго персанажы. Той журналіст агучыў сваю версію: «Мечыяр сам сышоў. Проста праявіў грамадзянскую свядомасць». 
 
 
У гэта я таксама не веру. Таму запытаўся ў Вольгі Гяфрашавай:
 
 
— Што было б, калі Славакію адсунуць на тысячу кіламетраў на ўсход?
 
 
— Хутчэй за ўсё, яна была б падобная да Беларусі, — нечакана для самой сябе, як мне падалося, адказала Вольга.
 
 
Так, яна была б сатэлітам Расіі з аўтарытарным кіраваннем і пацёртым нацыяльным абліччам. Але з больш высокім узроўнем побытавай культуры і вядзення гаспадаркі, чым у метраполіі. У расіян было б яшчэ адно месца, дзе можна замілавацца «парадкам». Для такога сцэнару былі ўсе перадумовы.  
 
 
— Атрымліваецца, вам проста больш пашанцавала з суседзямі? 
 
 
— Можна і так сказаць.
 
 
 
Вакол Славакіі імкліва фармаваўся Еўрасаюз, яна не магла заставацца самотнай выспай з «суверэннай дэмакратыяй». Прыклад Мілошавіча наглядна тое дэманстраваў. Мечыяр сам падаў дакументы на ўступленне ў ЕС і НАТА. Калі ж стала зразумелым, што з ім Славакія вымушана будзе заставацца «чорнай дзіркай Еўропы», яго партыя пацярпела паразу на выбарах. Стаўкі былі занадта высокія, каб чапляцца за ўладу. 
 
 
Адным словам, тут спрацаваў стары добры геаграфічны дэтэрмінізм. 
 
 

Павярнуцца ў іншы бок

 
 
Дык што гэта значыць, мы не можам атрымаць ніякай карысці з славацкага досведу? Бо перасунуцца на тысячу кіламетраў на захад у нас пры ўсім жаданні не атрымаецца... 
 
 
Мне падаецца, што можам. Як было сказана вышэй, славакі — тыя ж беларусы, нават без знака якасці. Калі б мы памяняліся абставінамі, славакі б маглі паўтарыць наш шлях, а мы — іх.  
 
 
Варта нам толькі павярнуцца ў іншы бок. Гэта не будзе панацэяй ад усіх нашых праблемаў, але будзе крокам наперад. 

Абмеркаванне:

  • Пятро Тутэйшы
  • 2013-12-12 20:38:43
Вельмі цікава гэтае параўнанне. Так, на самой справе, ўсім нам трэба разумець - і славакам, і беларусам, і ўкраінцам, усім: шлях наперад будзе - жадаем мы таго ці не - ПРАЗ ЦЯЖКАСЦІ, але іх трэба
пераадолець. Другі і трэцці крокі, калі будзем ісці наперад, а не назад, прывядуць да свабоды і дабрабыту. Але ня трэба пужацца таго, што спачатку будзе не салодка. Бяз гэтага не дайсці да добрага
выніку . Дзякуй, Будзімір, за артыкул. Памятаю твае нарысы пра Эстонію. Таксама вельмі цікавыя. А працяг пра Славакію будзе?
  • Дзмітры Галко
  • 2013-12-13 18:15:54
Да жалю, у Славакіі я быў не вельмі доўга і толькі ў Братыславе. Таму працягу пакуль не будзе.
  • Сябра
  • 2013-12-14 02:42:35
А гэты матэрыял хаця б надрукаваным у газеце будзе? Ці ён напісаны толькі дзеля дзвюх-трох соцен чытачоў сайта (ня ведаю, ці дакладна назваў лічбы, прабачце, калі памыліўся!)? Зміцер, ты нешта ня
часта зараз з'яўляешся са сваімі артыкуламі ў СМІ. Добра, што размясціў спасылку на гэты у сваім блогу, а то б і ён не патрапіў бы у вочы. Мне падабаецца ў тваіх назіраннях за іншымі нацыямі і
краінамі, што табе нейкім чынам удаецца зразумець іх нацыянальныя асаблівасці і прыкметы і цікава параўнаць з беларусамі - і ў іх нацянальным характары, і ў іх гісторыіі, і ў іх сучаснай палітыцы і
часам нават у этна-культурных асаблівасцях. Твае назіранні заўсёды цікавыя, а параўнанні часта незвычайныя. Пішы часцей на такія тэмы. Жадаю табе праехаць увесь свет і пазнаёміць чытачоў з тваім
незвычайным поглядам на яго праз кнігу нарысаў. Збірай іх і друкуй адзіным выданнем. Я буду абавязкова пакупніком гэтай кнігі! Цікавых табе падарожжаў і новых нарысаў і артыкулаў! Трымайся і не
лянуўся пісаць часцей.
  • Стас
  • 2013-12-12 22:09:46
Аўтар ставіць пытанне: А што будзе, калі славакаў адсунуць на 1000 км на усход? А я запытаю: А што было б, калі нас, беларусаў, адсунуць на гэтыя ж км на захад? І адкажу: А нічога! З нашай
памяркоўнасцю мы і там знойдзем ціхі куток і пакінем тую ж прымаўку:"неяк будзе...". Ці не так, спадар Зміцер?
  • Дзмітры Галко
  • 2013-12-13 18:20:17
Не думаю, што так. Я ж напісаў, што славакі, на мой погляд, мала чым ад нас адрозніваюцца. Але іншыя ўмовы прымусілі быць іх троху іншымі.
  • Агей
  • 2013-12-13 02:37:45
У маім атачэнні ніхто Лукашэнку бацькам не называе. Бацька ў кожнага чалавека адзін...Думаю, для многіх хто ўжывае яго - гэта слоўца - проста мянушка, а не прызнанне роднасці. Мо татко Владко - нешта
іншае...
  • Влад
  • 2013-12-13 02:46:05
Слово "Батька" стало именем нарицательным. Услышав это слово, каждый знает, о ком речь идёт в беларучси. Что за окружение у Вас такое, Агей, что этого слова не употребляют. Мне
кажется, употребляют все. А разница - в интонациях и вкладываемом смысле. Вы вообще-то откуда? Из Беларуси или белорус зарубежья?
  • Дзмітры Галко
  • 2013-12-13 18:35:42
Там тое ж самае. Але славакі з гэтым "таткам" развіталіся.

Каментаваць