Дзень іспанскага свету

12 кастрычніка Іспанія адсвяткавала Fiesta Nacional (ісп.: Нацыянальнае свята), або Día de la Hispanidad (Дзень іспанскага свету). Гэта галоўнае свята прыхільнікаў адзінай і непадзельнай Іспаніі, сведкам святкавання якога ў Барселоне стаў журналіст НЧ. 



У адрозненні ад Беларусі, у Каталоніі ўсё яшчэ цёпла.Тэмпература паветра пакуль не апускаецца ніжэй за 20 градусаў. Не дзіўна, што большасць удзельнікаў маніфестацыі з нагоды Дня іспанскага свету, якія сабраліся ў мінулы панядзелак на барселонскай Плошчы дэ Грасія, былі апранутыя вельмі лёгка, і толькі некаторыя захіналіся ў дзяржаўныя іспанскія сцягі. Маніфестанты — пераважна людзі за 50 гадоў — адрываліся напоўніцу, скандавалі ў тым ліку пахабныя слоганы на адрас Артура Маса, каталонскага прэм’ера, лідара руху незалежнікаў. Асноўны лозунг гучыць для нашых вушэй вельмі арыгінальна: «Артур Мас — свіння, а Іспанія — адзіная краіна!»

Дарэчы, каб зразумець, адкуль узялася традыцыя святкавання Дня іспанскага свету, трэба ўзгадаць, што 12 кастрычніка 1494 года — дзень, калі Калумбам была адкрытая Амерыка. Гэты дзень адзін уплывовы прадпрымальнік прапанаваў зрабіць «Святам іспанскай расы» яшчэ ў 1913 годзе. Аднак афіцыйным святам у Іспаніі 12 кастрычніка стала толькі ў 1918 годзе. З часам гэты дзень стаў святочным і ў шматлікіх краінах Лацінскай Амерыкі. Праўда, у гэтых краінах 12 кастрычніка мае розныя назвы: ад закавырыстага — Дзень народаў і міжкультурнага дыялогу (Перу) да незразумелага, з улікам таго, што Калумб быў каланізатарам, — Дзень дэкаланізацыі (Балівія).

Але вернемся да маніфестацыі ў Барселоне, якая па ўсім шляху да галоўнай плошчы гораду — плошчы Каталоніі — суправаджалася слоўнымі дуэлямі з аматарамі незалежнасці, якія часам сустракаліся.

Палітычныя атмасфера ў Каталоніі яшчэ не разрадзілася пасля выбараў 27 верасня. Нагадаем, што ў гэты дзень прайшлі выбары, на якіх прыхільнікі суверэнітэту не дабіліся абсалютнай большасці, аднак і праіспанскай партыі таксама не хапіла мандатаў, каб заблакаваць рух да суверэнітэту.

Таму падвешаная сітуацыя дасюль выклікае вострыя палітычныя эмоцыі. Што было заўважна і падчас маніфестацыі. Каб спрэчкі не перараслі 12 кастрычніка ў фізічнае супрацьстаянне, часам патрабавалася непасрэднае ўмяшанне арганізатараў. Яны заклікалі праз мегафоны не паддавацца на «спробы палітычнага перавароту з боку аматараў суверэнітэту».

Цікава, што ў 1926 годзе адзін прагрэсіўны іспанскі святар напісаў артыкул, у якім прапанаваў замяніць слова «раса» ў апісанні дадзенага свята на слова «Hispanidad», што і было зроблена ў 1935-м. Святкавалі 12 кастрычніка і ў часы Народнага Фронту, які пачаў даваць нацменам правы на аўтаномію. Аднак незалежніцкія і левыя партыі ставяцца да Día de la Hispanidad вельмі асцярожна. Хутчэй за ўсё, гэта тлумачыцца месцам, якое Дзень іспанскага свету займаў у афіцыйным календары падчас дыктатуры Франка.

У часы Франка 12 кастрычніка было амаль галоўным дзяржаўным святам у Іспаніі, у тым ліку таму, што ў гэты дзень таксама святкуецца Дзень боскай маці з Пілару — святой заступніцы Іспаніі. Таму пры Франка факт адкрыцця Амерыкі Калумбам падаваўся як знак з неба. Тое, што маленькія караблі Калумба дасягнулі Новага свету, тлумачылася як божая абарона іспанскай нацыі, прыналежнасць да якой накладае на кожнага іспанца шмат абавязкаў.

Але зноў вернемся да маніфестацыі 12 кастрычніка 2015 года. Пасля прыбыцця ў фінальную кропку маршрута — на плошчу Каталоніі — маніфестанты правялі невялікі мітынг з удзелам каталонскіх палітыкаў, якія арыентуюцца на Мадрыд. Праіспанскія трыбуны, імёны якіх наўрад ці нешта скажуць чытачам «Новага Часу», крытыкавалі незалежнікаў за пагрозы, якія яны нясуць простым каталонцам. З улікам саліднай па ўзросту аўдыторыі, усё гэта трошкі было падобна на сумную палітніфармацыю ідэолагаў БТ для адпаведнага электарату. Цікава, што ў выступах прамоўцаў даставалася і лідарам партый, якія таксама выступаюць супраць каталонскай дзяржаўнасці. А ўся справа ў тым, што пакуль правы іспанскі лагер знаходзіцца ў стане перафарматавання, пасля апошніх каталонскіх выбараў набірае папулярнасць ліберальная партыя «Грамадзяне», якая падмінае кансерватараў.

Мітынг на Плошчы Каталоніі закончыўся даволі хутка. У тым ліку таму што сінхронна ў Мадрыдзе пачаўся вайсковы парад з нагоды Día de la Hispanidad. І ўсе хацелі яго пабачыць. Ніхто з прысутных не хаваў, што сталічны парад — дэманстрацыя сілы, адрасаваная каталонскім сепаратыстам, якія, пабачыўшы стройныя калоны вайскоўцаў, павінны адмовіцца ад сваіх намераў. Згортваючы штандарты і транспаранты, удзельнік акцыі пабеглі атрымліваць сваю порцыю імперскага наркотыку.

Між тым, месца, дзе яшчэ 15 хвілін таму гудзеў мітынг дзяржаўнікаў, акупавала звыклая публіка — тынейджары на скейтбордах, турысты, падазроныя асобы, якія прапаноўвалі турыстам забароненыя рэчы, бамжы, сямейны пары з дзецьмі, якія выехалі адпачыць у цэнтр, закаханыя, музыкі… Адным словам, тое, што сапраўды называецца «іспанскі свет».

Каментаваць