Дзень першага прэзідэнта

Рэлізам кінабіяграфіі Нурсултана Назарбаева і пачаткам канструкцыі яго маўзалея Казахстан адсвяткаваў Дзень першага прэзідэнта. У снежні на экраны казахскіх кінатэатраў выйшаў новы фільм з кінаэпапеі пра жыццёвы шлях прэзідэнта.



1 снежня ў Дзень першага прэзідэнта ў канцэртнай залі Астаны «Казахстан» адбылася прэм’ера мастацкіх фільмаў «Вогненая рака» и «Жалезная гара» кінаэпапеі «Шлях Лідара»


Гэта другая частка задуманай трылогіі пад умоўнай назвай «Шлях Лідара». Першая называлася «Неба майго дзяцінства» і распавядала пра маладыя гады Елбасы. Другая частка прысвечаная юнацтву Нурултана.

Па сюжэту, ён кідае родны аул, прыбывае ў намётавае мястэчка — будучы горад Цеміртаў. Сярод працоўных абвяшчаюць набор студэнтаў для навучання металургічнай справе ў горадзе Днепрадзяржынску, і герой з кампаніяй таварышаў адпраўляецца на Украіну. Пасля Украіны герой вяртаецца ў Цеміртаў і пачынае працаваць на будаўніцтве металургічнага камбіната. Заводзіць сям’ю. Сюжэт фільма завяршаецца на атрыманні Назарбаевым чарговай партыйнай пасады. Такім чынам, стваральнік стужкі рэжысёр Рустэм Абдрашоў падараваў гледачам надзею, што кінапраца можа атрымаць працяг.

Як і трэба было чакаць, афіцыёз даў самую высокую ацэнку карціне. Адна з афіцыйных газет: «Фільм паказвае праўдзівыя моманты. Лёгка верыш, што ўсё так і было: як будучы прэзідэнт ваяваў з несправядлівасцю і як у выніку выходзіў пераможцам. Карціна будзе павучальнай для маладых, паколькі паказвае, якімі высілкамі і працай дасягаюцца нават самыя малыя поспехі. Стваральнікі карціны сапраўды паказалі тую эпоху, распавялі без усхвалення і пампезнасці. Гэта рэальнае жыццё, рэальны лёс чалавека, які стаў лідарам нацыі».

У прынцыпе, крытыкі згодныя, што Абдрашоў і яго каманда з задачай больш-менш справіліся. Зняць фільм пра ўльтрапазітыўнага ва ўсіх адносінах героя вельмі складана, а такі жанр цяпер не карыстаецца інтарэсам публікі. Праўда, пра гэта аўтары карціны, напэўна, думалі менш за ўсё.

Звычайна, на такія фільмы ад бюджэтнікаў, школьнікаў і студэнтаў патрабуюць хадзіць у абавязковым парадку. На іх думку, галоўны поспех рэжысёра ў тым, што фільм аказаўся лепшым за першую частку кінабіяграфіі Назарбаева «Неба майго дзяцінства».

Крытыкі далі яму вельмі нізкую ацэнку. Адзін з сайтаў пісаў: «Усе персанажы фільма выраблены з кардона і пафарбаваныя, аднак не мастацкай алейнай фарбай, не легкадумнай акварэллю ці якой-небудзь пастэллю... Матэрыял аўтараў фільма — кардон і акрыл. Ніякіх табе паўтонаў, адценняў і іншай рэфлексіі… Усё працуе на стэрыльную, недасягальную, найдасканалую выяву Нурсултана — ён і варашылаўскі стралок, і ў атэстаце (паказана буйным планам) адны пяцёркі, і ў спорце першы, і на домбры іграе, і настаўніцы на стол кветкі ў вазе ставіць, і бойкі прыпыняе, і Гётэ чытае. Люба-дорага глядзець — вочы б мае не бачылі».

Прэм’ера карціны падвяла рысу пад мерапрыемствамі з нагоды Дня першага прэзідэнта. Гэтае свята з’явілася ў казахскім календары два гады таму і прысвечана 1 снежня 1989 года, калі казахі абралі свайго першага і пакуль што адзінага прэзідэнта ў гісторыі.

Летась Дзень першага прэзідэнта святкавалі неяк вяла: ніхто не разумеў фармат свята. Не склаўся рытуал і на гэты раз, хаця эксперыментавалі шмат і вельмі арыгінальна. Так, міліцыянеры Караганды выканалі любімыя песні прэзідэнта, прафсаюзы правялі сустрэчу сваіх актывістаў з былымі аднакласнікамі Нурсултана.

Усіх пераплюнуў 60-тысячны калектыў канцэрну ENRC. Калектыў аднадушна прызнаўся ў сваёй любові да Нурсултана Абішавіча Назарбаева і выказаў гатоўнасць пералічыць аднадзённы заробак на будаўніцтва 100-метровага помніка гаранту ў Астане.

Годную канкурэнцыю ENRC склаў дзяржхолдынг ФНБ «Самрук-Казына». Па словах кіраўніка ФНБ «Самрук-Казына» Умірзака Шукеева, 300-тысячны калектыў прадпрыемства «любіць Елбасы больш за маму, тату і Радзіму».

У прынцыпе, такой лавіны панегірыкаў ад бюджэтных арганізацый і дзяржаўных ВНУ можна было чакаць, аднак на гэты раз улада не абмежавалася проста калектыўнымі заявамі працоўных. Мяркуючы па ўсім, з дапамогай адміністратыўнага рэсурсу студэнтаў прымушаюць «любіць» прэзідэнта на сваіх старонках у сацыяльных сетках. Інакш цяжка растлумачыць чаму 1 снежня ў Фэйсбуку з’явілася так шмат праяваў самых светлых пачуццяў на адрас казахскага лідара.

Вось прыклады: «1 снежня — Дзень першага прэзідэнта!». Што тут такога? Мы павінны дастойна ацэньваць працу нашага Елбасы». «Я таксама люблю прэзідэнта, і не баюся сказаць гэта. Наогул, нашага Елбасы любіць большасць казахаў. Асабліва тыя, хто жадае міру!» «Усё адно — нікога іншага, акрамя нашага Нур-ага немагчыма прадставіць на месцы нашага Елбасы. Нават падумаць пра гэта страшна». «Са святам Першага прэзідэнта, які высунуў наперад казахаў, зрабіў іх вядомымі ўсяму свету».

На фоне такой эмацыйнай хвалі крытыкам Елбасы застаецца радавацца толькі адной навіне. Казахстанскія службоўцы задумалі пабудаваць у Астане Нацыянальны пантэон — мемарыяльны комплекс, у якім знойдуць свой апошні прыстанак героі мінулага і сучаснага Казахстана, а таксама вядомыя асобы і палітычныя дзеячы краіны.

Сярод сталічных архітэктараў ужо абвешчаны конкурс праектаў. Ніхто чамусьці не сумняваецца, што Назарбаеў пры жыцці вырашыў пабудаваць сабе маўзалей.

Хаця да канца ідэя аказалася не прапрацаванай. Па-першае, супраць праекту выступілі вядучыя канфесіі — праваслаўныя і мусульмане. Першыя кажуць, што для хрысціянскага свету наогул не прымальныя маўзалеі або піраміды. Другія кажуць, што будаўніцтва вакол магілы — супярэчыць ісламу. Самая цікавая крытыка праекту звязаная з тэмай кланавасці на месцах. На думку некаторых, пантэон стане прыкладам для мясцовых губернатараў (акімаў), якія абавязкова пачнуць будаваць падобныя сталічнаму комплексы, толькі мясцовага значэння. Між тым, камуністы Казахстану ўжо разглядаюць ідэю перапахавання ў будучым пантэоне рэшткаў Уладзіміра Ульянава (калі яго, натуральна, папросяць з Чырвонай плошчы).

Экзатычнасць праекту адразу абудзіла аматараў прыколаў. Гумарысты ўжо прапанавалі ўладзе стварыць пры пантэоне службу экстранай сувязі з іншым светам. «Яе задача будзе складацца ў атрыманні каштоўных кансультацый ад выбітных душ, чые целы будуць пахаваны ў пантэоне», — гаворыцца ў заяве.

Жарты жартамі, а Дзень першага прэзідэнта пакінуў у шматлікіх казахаў сумны асадак. «Калісьці пасмейваліся з Кім Чэн Іра, пасля — з Туркменбашы. А далёкае, аказваецца, так блізка. Са святам!» — прызнаўся адзін з казахскіх палітолагаў.

Каментаваць