Джыл або Хіл?

Намер кандыдата ад амерыканскай Партыі зялёных перацягнуць на свой бок прыхільнікаў Берні Сандэрса стварае новую інтрыгу на прэзідэнцкіх выбарах за акіянам.

Фота www.inquisitr.com


Зараз Хілары Клінтан выйшла ў бясспрэчныя лідары кампаніі. Аднак ніхто з экспертаў не рызыкуе завочна віншаваць Хілары з перамогай. І ў тым ліку таму, што ў кампаніі з’явіўся новы фактар: у Х’юстане на зборах Партыі зялёных ЗША ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта была намінаваная 66-гадовая Джыл Стэйн. На першы погляд, навіна не вартая ўвагі. Хаця Джыл (яна працуе доктарам і ў вольны час грае на барабанах у рок-гурце) мае нацыянальную рэпутацыю змагара за празрыстыя выбары і чыстае наваколле, «зялёныя» — гэта другі эшалон амерыканскай палітыкі.

Створаная ў сярэдзіне 1980-х гадоў партыя можа ганарыцца прарывамі на мясцовым узроўні, калі яе кандыдаты станавіліся мэрамі і мелі большасць у муніцыпалітэтах. Некалькі разоў «зялёныя» прарываліся ў заканадаўчыя органы штатаў. Каб атрымаць поўную карціну, дастаткова сказаць, што Джыл балатавалася ў прэзідэнты ад «зялёных» чатыры гады таму, атрымаўшы тады 0,36 працэнта.



Аднак гэтым разам у зялёнага кандыдата ёсць джокер. Джыл не хавае, што арыентуецца на частку дэмакратычнага электарату, і перш за ўсё на тых, хто падтрымліваў падчас праймерыз сацыяліста Берні Сандэрса. Хаця Сандэрс згубіў шансы перамагчы Клінтан яшчэ напачатку вясны, яго фанаты змагаліся да самага фіналу. Агітаваць за Сандэрса шмат каго натхняла таксама папулярная плётка пра тое, што той пойдзе на выбары самастойна, і, магчыма, нават на базе створанай ім новай левай партыі.

Мары засталіся марамі. Падчас канвенцыі дэмакратаў у Філадэльфіі Сандэрс заклікаў сваіх прыхільнікаў галасаваць за Хілары. Паводле статыстыкі, «здрада» была балюча ўспрынятая прыкладна 30 працэнтамі з 20 мільёнаў рэкрутаў Берні, для якіх Клінтан — сімвал несправядлівасці і карумпаванасці цяперашняй Амерыкі.

У куміры прыхільнікаў Сандэрса і набіваецца Джыл. «Для мяне гонар ісці на выбары разам, у альянсе з рухам Берні Сандэрса. Мы зялёныя Берні», — заявіла яна ў першай прамове пасля абрання ў кандыдаты. Аўдыторыя адказала: «Jill, not Hill!» (англ.: «Джыл, а не Хіл!»). Застаецца дадаць, што выбарчая праграма Партыі зялёных практычна паўтарае праграмныя сацыяльныя рэфармісцкія тэзісы Сандэрса. Хіба што да іх дадаўся пункт пра неабходнасць перавесці ўсю амерыканскую эканоміку на альтэрнатыўнае паліва да 2030-га года і абяцанне легалізаваць марыхуану.


Фота www.huffingtonpost.com


Навіны з Х’юстана выклікалі сапраўдны палітычны шторм у краіне. Усе адразу ўзгадалі выбары 2000-га, калі вядомы юрыст, абаронца правоў спажыўцоў Ральф Надэр, будучы кандыдатам ад Партыі зялёных, «адкусіў» 2 працэнты ў Альберта Гора — тагачаснага прадстаўніка дэмакратаў. Гэтага якраз хапіла, каб Гор прайграў Бушу-малодшаму.

Фігура Буша-малодшага адразу выклікае непрыемныя асацыяцыі з дзвюма непапулярнымі войнамі — у Іраку і ў Афганістане, якія Злучаныя Штаты, па сутнасці, вядуць і цяпер. Менавіта на гэты аспект звяртаюць увагу прыхільнікі Клінтан, уключаючы асабіста Сандэрса, які заклікаў не паддавацца на абяцанкі Джыл. Па яго словах, выбар дэмакратаў на карысць кандыдата «зялёных» павялічвае шанцы перамогі для Трампа, легіслатура якога можа абярнуцца новымі вайсковымі авантурамі. Дарэчы, Трамп сапраўды публічна падтрымаў інтарэс выбаршчыкаў да зялёнага кандыдата.



Фота www.inquisitr.com




Аднак пакуль прыём экскурсаў у гісторыю працуе слаба. Прэса звярнула ўвагу, што ў Х’юстане сярод дэлегатаў Партыі зялёных бачылі каардынатараў выбарчых камандаў Сандэрса. Напрыканцы мінулага тыдня за Джыл збіраліся прагаласаваць каля 5–6 працэнтаў амерыканцаў. Сама яна абяцае атрымаць не менш за 15 працэнтаў — за кошт былых тыфозі Берні. Зялёныя прэса лічыць, што менавіта фурор Джыл падштурхнуў Федэральны суд прыняць у мінулую пятніцу рашэнне, якое дазваляе Камісіі па тэледэбатах кандыдатаў у прэзідэнты не запрашаць на шоў прадстаўнікоў малых партый.

Барацьба паміж Джыл і Хілары за галасы прыхільнікаў Берні Сандэрса абяцае быць вельмі цікавай. Асабліва з улікам таго, што ў выбарчым штабе Джыл акапаўся Джуліян Асанж. Той самы кіраўнік праекту WikiLeaks, які, падаецца, мае асабістую крыўду на Хілары Клінтан. Сінхронна з кангрэсам Партыі зялёных ён выкінуў у сеціва чарговы кампрамат на Клінтан. Калі верыць апублікаваным дакументам, Хілары ў свой час ледзь не асабіста дамаглася фінансавання для невялікай групы іракскіх ісламістаў, якую планавалася перакінуць на барацьбу з сірыйскім рэжымам. Дзякуючы гранту ад Хілары, тая секта здолела ператварыцца ў салідную палітычна-мілітарную арганізацыю, якая два гады таму выдала маніфест пра стварэнне «Ісламскай дзяржавы». Застаецца пабачыць, як «зліў» адлюструецца на рэйтынгах кандыдатаў.



Каментаваць