Елізавета ІІ, Тыгран Саркісян, Барут Пахор

Елізавета ІІ

Елізавета ІІ

Каралева Вялікабрытаніі абвясціла пра пачатак святкавання юбілею Садружнасці — аб’яднання краін былой Брытанскай Імперыі. Садружнасць была афіцыйна створана ў 1949 годзе. Яе заснавальнікамі сталі Вялікабрытанія, Аўстралія, Новая Зеландыя, Цэйлон, Індыя, Пакістан, Паўднёвая Афрыка, Канада. На цяперашні момант у склад Садружнасці ўваходзяць 53 краіны, у якіх пражывае больш за мільярд чалавек — прыблізна кожны трэці чалавек на планеце. Толькі дзве былых брытанскіх калоніі Аман і Бірма пасля атрымання незалежнасці не ўвайшлі ў структуру Садружнасці. Двойчы ў арганізацыю хацела ўступіць Францыя. У сваім спецыяльным пасланні, якое было прысвечана юбілею блоку, каралева падкрэсліла, што Садружнасць прэзентуе ідэю рознасці і гуманізму. Яна таксама заявіла, што цяпер ва ўмовах крызісу інстытут Садружнасці мусіць прайсці тэст і выпрацаваць механізм лепшага рэагавання на патрэбы людзей.

Тыгран Саркісян

Кіраўнік кабінета міністраў Арменіі стаў чарговым палітыкам — ахвярай глабальнага крызісу. 4 сакавіка армянская нацыянальная валюта драм згубіла 14 працэнтаў сваёй вартасці адносна долара ЗША. Улады абвясцілі пра разавую дэвальвацыю. Прычым гісторыя краху драма вельмі нагадвае беларускую. Яшчэ 12 лютага на зборах партыі «Квітнеючая Арменія» прэзідэнт краіны заявіў, што «фінансавага абвалу» не будзе. Аднак выратаваць драм не ўдалося. Як вынік — 4 сакавіка толькі за адну гадзіну кошты на прадукты ў краіне выраслі на 15 працэнтаў. Урад патрабаваў вярнуць іх назад, аднак вялікага эфекту гэтага не мела. У некаторых месцах пачалі думаць пра ўвядзенне прадуктовых картак. Сітуацыя пачала стабілізавацца толькі пасля таго, як МВФ заявіў пра выдачу Арменіі крэдыту ў 450 мільёнаў долараў. Аднак заклікі адправіць урад у адстаўку застаюцца папулярнымі. Цікава, што прэзідэнт суседняй Грузіі бачыць прычыну эканамічных праблем Арменіі ў занадта моцнай кааперацыі з Расіяй.

Барут Пахор

Прэм’ер-міністр славенскага ўраду сутыкнуўся з далікатнай праблемай, звязанай з часамі другой сусветнай вайны. У горным раёне Ласка знойдзена масавае пахаванне 300 чалавек. Гісторыкі лічаць, што нябожчыкі былі ахвярамі пракамуністычных партызан Ціта. Хутчэй за ўсё, яны былі салдатамі харвацкіх частак, якія падчас вайны знаходзіліся на службе ў нацыстаў. Напрыканцы другой сусветнай тыя, хто супрацоўнічаў з Гітлерам, спрабавалі хавацца ад партызан у гарах Славеніі. У сваю чаргу атрады Ціта актыўна знішчалі сваіх былых праціўнікаў. Інфармацыя пра масавае пахаванне прымусіла Саюз ветэранаў партызанскага руху зрабіць заяву пра тое, што партызаны не маюць ніякага дачынення да забойстваў. Аднак правыя партыі патрабуюць правесці следства і пакараць арганізатараў злачынства. Яны лічаць, што некаторыя з партызан, якія ўдзельнічалі ў забойствах у Ласка, жывыя і зараз. На іх погляд, пра тое, што ўлады Югаславіі мелі нейкае дачыненне да забойства, сведчыць, як добра, з дапамогай бетону, былі захаваныя нябожчыкі.

Каментаваць