Эмігрантам нельга гуляць у футбол

У Францыі працягваюцца дэбаты наконт прычынаў правалу футбольнай зборнай краіны на чэмпіянаце свету ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы (ПАР). На думку некаторых аналітыкаў, ва ўсім вінаватая цяперашняя мадэль дзяржаўнага ладу.

(На здымку: Галоўны трэнер зборнай Францыі Раймон Даменек)



У Францыі працягваюцца дэбаты наконт прычынаў правалу футбольнай зборнай краіны на чэмпіянаце свету ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы (ПАР). На думку некаторых аналітыкаў, ва ўсім вінаватая цяперашняя мадэль дзяржаўнага ладу.

(На здымку: Галоўны трэнер зборнай Францыі Раймон Даменек)


Такога спартыўная Францыя яшчэ не бачыла. На гульню Францыі І ПАР (гэта быў апошні матч групавога турніру) французскія балельшчыкі маршыравалі з сімволікай «Bafanas» (мянушка каманды ПАР). У французскім сектары стадыёну можна было пабачыць ірландскія трыкалоры (Францыя трапіла ў фінал Кубка свету дзякуючы голу, які французскі спартсмен забіў у вароты кельтаў, прычым рукой). Такой была рэакцыя фанатаў Францыі на выступ былых улюбёнцаў.

Нагадаем, што ў Паўднёвай Афрыцы віцэ-чэмпіёны свету не здолелі не толькі выйсці ў наступны раунд, але і забіць хаця б адзін гол. Яны сталі агульным аб’ектам для кпінаў дзякуючы ўнутраным скандалам. Усё пачалася з таго, што форвард Нікаля Анэлька паслаў трэнера ў вядомае месца. Кіраўнік жа зборнай загадаў яму пакаваць чамаданы і пакінуць зборную. Аднак падавіць бунт не ўдалося. Напярэдадні вырашальнага матчу з ПАР у знак салідарнасці з Анэлька палова каманды байкатавала трэніроўку. Навіны з лагеру французаў выклікалі здзеклівыя каментары міжнароднай прэсы. Падчас чэмпіянату нават узнік тэрмін «французская ганьба».

Наступствы правалу не абмежаваліся апісанымі вышэй пратэстамі і дэмаршамі прадстаўнікоў лагеру балельшчыкаў. Справу ўзяў пад асабісты кантроль прэзідэнт Нікаля Сарказі. Гарант патрабаваў ад спартыўных чыноўнікаў, каб «восень 2010 года стала часам аднаўлення французскага футболу».

Адначасова Разелін Башэло, міністр аховы здароўя і спорту, пачала змаганне за адстаўку прэзідэнта французскай футбольнай федэрацыі. Міжнародная федэрацыя футболу (FIFA) была вымушана прасіць міністра не парушаць аўтаномію сваёй французскай секцыі. З’явіліся нават спекуляцыі наконт таго, што Францыя пойдзе шляхам Нігерыі, дзе рэакцыяй уладаў на паразу зборнай у ПАР стала ідэя роспуску нацыянальнай федэрацыі (у апошні момант, праўда, ад яе адмовіліся з-за ціску той жа FIFA).

Тым часам тэма футболу прыйшла ў вялікую палітыку. Усе вядучыя палітычныя і інтэлектуальныя сілы краіны аказаліся ўцягнутыя ў палеміку наконт прычыны скандальнага канфузу ў Афрыцы. Дэбаты справакаваў прапанаваны правымі інтэлектуаламі тэзіс пра тое, што сапраўднай падставай правалу «bleurs» (папулярная ў народзе назва французскай зборнай) стаў дэкаданс французскай нацыі, а тое, у сваю чаргу, — следства крызісу мадэлі мультыкультурнай рэспублікі.

Прыхільнікі такой канцэпцыі звяртаюць увагу, што большасць футбалістаў зборнай (13 з 23) не з’яўляюцца этнічнымі французамі. Яны — нашчадкі эмігрантаў з былых калоній Францыі (Карыбы, Афрыка, Магрыб). Напэўна, іх у камандзе было б яшчэ больш, калі б FIFA не дазволіла французскім футбалістам алжырскага і мараканскага паходжання гуляць за зборныя краін сваіх бацькоў.

Акрамя колеру скуры большасць французскіх футбалістаў яднае аднолькавая формула інтэграцыі ў соцыум. Усе 13 спартсменаў выраслі ў бедных прыгарадах буйных гарадоў, дзе пануе агрэсіўная крымінальная субкультура з прысмакам ісламу.

Адпаведна, на думку правых інтэлектуалаў, большасць са спартоўцаў не мае ідэнтыфікацыі з Францыяй. Галоўны інтэлектуал лагеру правых філосаф Ален Фінкелькраўт піша пра тое, што нацыянальная зборная ператварылася ў гербарый «крымінальных элементаў», якія «жывуць па маральных законах мафіі». «Гэта зборная не прадстаўляе Францыі, а з’яўляецца люстэркам кланавасці, этнічнага расколу, класавай нянавісці», — адзначае філосаф.

У якасці прыкладу ахвотна ўзгадваюць прыгоды футбаліста зборнай Франка Рыберы. Увесну ён быў арыштаваны паліцыяй за сексуальныя кантакты з непаўнагадовай прастытуткай.

Вялікі рэзананс таксама набылі сведчанні былога гульца зборнай Яна Гаркуфа, які, дарэчы, паходзіць з сям’і брэтонскіх пісьменнікаў. Ён кажа пра тое, што зборная расколатая на фракцыю «мафіёзі з прыгарадаў» і іншых. Прычым першыя ўвесь час не даюць другім праходу.

Лідэры правых партый кшталту Марыны Ле Пэн з Нацыянальнага Фронту бачаць тут праяву крызісу мадэлі мультыкультурнай рэспублікі, патрабуючы уніфікацыі культурных практык (у тым ліку рэлігійных) на аснове французскай нацыянальнай традыцыі.

Ёсць шмат не згодных з такой пазіцыяй. Апаненты Фінкелькраўта і Ле Пэн перш за ўсё звяртаюць увагу на кан’юнктурны характар заяў правых. Звычайна ніякай цікавасці да футболу і да сітуацыі ў зборнай яны не праяўлялі. Больш таго, той жа Нацыянальны Фронт перыядычна заклікаў падтрымліваць зборныя іншых краін, напрыклад, Германію або Італію, у складзе якіх няма або амаль няма «каляровых» футбалістаў. А Марына Ле Пэн напярэдадні турніру ў ПАР нават прызналася, што не разумее правіл гульні ў футбол.

Звяртаюць увагу на тое, што вульгарная культура і лексіка спартсменаў блізкая і першым асобам дзяржавы. Сам Сарказі ў дэбатах з апанентамі любіць ужываць выраз: «Маўчы, ідыёт!»

Аднак галоўным аргументам праціўнікаў тэзісу пра крызіс футболу як складовую частку дэкадансу нацыі з’яўляецца экскурс у нядаўнюю гісторыю. У 1998 годзе, калі Зідан і яго каманда выхадцаў з прыгарадаў узялі Кубак свету, уся Францыя толькі і казала пра феномен дзяцей эмігрантаў. Сам Зідан стаў кумірам французаў.

Магчыма, вастрыня палемікі вакол футболу неяк звязаная з грамадскай атмасферай. Пачынаючы з 2008 года эканоміка краіны знаходзіцца ў крызісе. З-за серыі карупцыйных скандалаў пайшоў на дно і рэйтынг ураду Сарказі. Спорт у такой сітуацыі з’яўляецца сродкам пераключэння ўвагі ад штодзённых праблемаў. Таму катастрофа «bleurs» у ПАР была ўспрынята гэтак эмацыянальна і выклікала столькі агрэсіі на адрас футбалістаў.

Так ці інакш, нават крытыкі правых канцэпцый прызнаюць, што ніякай зборнай Францыі няма. Ёсць кола прафесіяналаў, якімі рушыць хутчэй спартыўная злосць, вялікія грошы і асабістыя комплексы.

Праблема правых у тым, што ніякай канструктыўнай альтэрнатывы «камандзе мафіёзі з прыгарадаў» няма. Атрымліваецца, што трэба забараніць дзецям эмігрантаў гуляць у футбол? А можа, варта ўвесці этнічныя квоты ў зборнай? Праўда, на старонках правай прэсы з’явілася канцэпцыя «зборнай джэнтльменаў», якая выглядае, аднак, утопіяй. Прапануецца набіраць у зборную выключна белых юнакоў з вышэйшай адукацыяй і з моцнымі патрыятычнымі перакананнямі.

Каментаваць