Эпатажны дэмакрат у Кангрэсе

Амерыканскі палітыкум не ведае, што рабіць з адным з дэпутатаў Кангрэсу, які паводзіць сябе вельмі правакацыйна і эпатажна, падобна да лідэра расійскіх ліберал-дэмакратаў.

У Алана Грэйсана, які быў абраны ў мінулым годзе кангрэсменам ад Дэмакратычнай партыі ў Фларыдзе, з біяграфіяй быццам усё нармальна. Нарадзіўся ў Нью-Йорку. Закончыў Гарвард (юрыдычны факультэт), праходзіў практыку ў Вярхоўным апеляцыйным судзе. Вядомы як юрыст, абаронца правоў пенсіянераў.



Амерыканскі палітыкум не ведае, што рабіць з адным з дэпутатаў Кангрэсу, які паводзіць сябе вельмі правакацыйна і эпатажна, падобна да лідэра расійскіх ліберал-дэмакратаў.

У Алана Грэйсана, які быў абраны ў мінулым годзе кангрэсменам ад Дэмакратычнай партыі ў Фларыдзе, з біяграфіяй быццам усё нармальна. Нарадзіўся ў Нью-Йорку. Закончыў Гарвард (юрыдычны факультэт), праходзіў практыку ў Вярхоўным апеляцыйным судзе. Вядомы як юрыст, абаронца правоў пенсіянераў.

А вось наконт паводзін ёсць пытанні. Апошнім часам Грэйсана ў лепшым выпадку называюць дзіваком, у горшым — клоунам і псіхічна хворым. Кангрэсмен праславіўся на ўсю краіну арыгінальнай рыторыкай і канфрантацыйным стылем паводзін у сценах парламента і на публіцы.

Вось фрагмент яго выступаў. Падчас дэбатаў па праекту аб рэформе медычнай сістэмы: “Калі нехта з вас захварэў, няхай здохне зараз. Такая сутнасць праекту рэспубліканцаў. З выступу на канале MSNBC: “Не магу глядзець на яго (былы віцэ-прэзідэнт Дзік Чэйні). Калі ён нешта кажа, з ягоных вуснаў капае кроў. Падчас дэбатаў з прадстаўніцай Федэральнай рэзервовай сістэмы: “Я просты абраннік народу, а ты — дзеўка з ж..пы пад назвай К-стрыт (вуліца ў Вашынгтоне, дзе знаходзяцца офісы галоўных лабістаў бізнесу, звязанага з Партыяй рэспубліканцаў). Дарэчы, за слова “ж...па кангрэсмен мусіў прынесці афіцыйнае прабачэнне.

Такога ЗША даўно не бачылі. Прычым Алан атакуе рэспубліканцаў з левых пазіцый. Звычайна падобныя выбрыкі былі характэрныя для правых палітыкаў, якія абвяшчалі сябе галоўнымі абаронцамі амерыканскіх каштоўнасцяў, выпісваючы тым самым сабе індульгенцыю на любыя ўчынкі.

Вакол феномену Грэйсана вядзецца цікавая палеміка, прычым таксама ў шэрагах роднай Дэмакратычнай партыі. У кангрэсмена ёсць як прыхільнікі, так і праціўнікі. Некаторыя аглядальнікі мяркуюць, што Грэйсан сапраўдны фанат партыі аслоў. Яму не падабаецца млявасць дэмакратаў, іх нежаданне называць рэчы сваімі імёнамі. За кошт фактычна хуліганскіх учынкаў Алан намагаецца зрабіць іх неабыякавымі і больш жывымі. Ягоныя паводзіны, кажуць аглядальнікі, могуць спрыяць мабілізацыі партыі напярэдадні парламенцкіх выбараў у наступным годзе. Не кажучы пра тое, што Алан перахапіў у рэспубліканцаў адзін з самых улюблёных рытарычных прыёмаў.

Ёсць іншая думка на гэты конт. Гісторыя амерыканскага парламентарызму пачалася не ўчора. Перыядычна ў парламенце з’яўляліся падобныя да Алана людзі. Яны жорстка, без правіл, атакавалі апанентаў, аднак кансалідацыі партыі і яе фракцый гэта ніяк не спрыяла. Звычайна пасля кожнага такога хуліганскага ўчынку партыйнае кіраўніцтва ўваходзіла ў ступар. Ніхто не ведаў, як рэагаваць на такую экзотыку. Падтрымаць — значыць выставіць сябе прыхільнікам непарламенцкай этыкі. Не падтрымаць — значыць праявіць непавагу да калегі па партыі. Такі стыль шкодзіць нармальнаму палітычнаму дыскурсу.

Што да Грэйсана, то ён падчас падобных размоў хаваецца за агульнымі словамі пра паразітаў-рэспубліканцаў. Яго выбрыкі не карыстаюцца павагай палітычнай эліты (лідэр фракцыі дэмакратаў неаднаразова крытыкаваў стыль Грэйсана). Але дзякуючы сваім правакацыям кангрэсмен з Фларыды стаў кумірам СМІ. Ён любімы палітык журналістаў, блогераў і карыстальнікаў парталу YouTube, дзе можна пабачыць усе ролікі з ягоным скандальнымі выступамі.

Інтэрнэт-рэсурс у ЗША — гэта вельмі важны фактар. На хвалі эмацыйнага захаплення карыстальнік можа зрабіць клік мышкай і перавесці ў выбарчы фонд палітыка грошы на ягоную кампанію. Толькі за апошнія пару месяцаў дзякуючы пераводам праз інтэрнэт Грэйсан сабраў больш за 300 тысяч долараў.

Вырашальнымі ў палітычнай кар’еры Грэйсана будуць выбары наступнага года. Калі выбаршчыкі фактычна павінны вырашыць: працягнуць яго мандат або пазбавіць права прадстаўляць іх у Кангрэсе. Трэба адзначыць, што падчас выбараў 2008 года на сваім выбарчым участку ён рабіў сабе імідж умеранага дэмакрата. Толькі пасля пераезду ў Вашынгтон ён змяніў стыль паводзінаў і стаў левым папулістам.

Ужо зараз відавочна, што за ягонай выбарчай кампаніяй будуць назіраць шматлікія агенцтвы, якія займаюцца палітычнымі тэхналогіямі. Вынік выбараў можа паўплываць на палітычную этыку і нават на ход і лозунгі прэзідэнцкай кампаніі 2012 года. “Я баюся, што мы ператвараемся ў партыю прымітыўных людзей. Ад нас можа адыйсці сур’ёзны выбаршчык, — так каментуе рост папулярнасці Грэйсана адзін з лідэраў дэмакратаў.

З іншага боку, у гэтым няма нічога дзіўнага. У ЗША эканамічны крызіс, які стварае попыт на рознага кшталту папулістаў. Варта згадаць, якое імя зрабіў у часы Вялікай дэпрэсіі папуліст Хью Лонг, губернатар Луізіаны. Яго нават называлі фаварытам на выбарах прэзідэнта 1936 года. Хто ведае, як склалася б гісторыя краіны, калі б у 1935-м яго не забілі пры таямнічых абставінах у адной з публічных прыбіральняў.

Каментаваць