Эра экстрасэнса

20 гадоў таму ў СССР пачалася эпоха экстрасэнсаў: па цэнтральных тэлеканалах пачалі дэманстраваць сеансы масавага лекавання Анатоля Кашпіроўскага і Алана Чумака.

Здавалася б, поўная антынавуковая лухта, аднак у той час поспех такіх практык быў фантастычны. 57 працэнтаў тэлеаўдыторыі, калі верыць апытанням, збіраліся кожны тыдзень каля экранаў, каб пабачыць славутага доктара Кашпіроўскага і атрымаць ад яго пазітыўны сігнал.



20 гадоў таму ў СССР пачалася эпоха экстрасэнсаў: па цэнтральных тэлеканалах пачалі дэманстраваць сеансы масавага лекавання Анатоля Кашпіроўскага і Алана Чумака.

Здавалася б, поўная антынавуковая лухта, аднак у той час поспех такіх практык быў фантастычны. 57 працэнтаў тэлеаўдыторыі, калі верыць апытанням, збіраліся кожны тыдзень каля экранаў, каб пабачыць славутага доктара Кашпіроўскага і атрымаць ад яго пазітыўны сігнал.

Анатоль Кашпіроўскі нара­дзіўся ў 1939 годзе ва ўкраінскім Праскураве. Пасля заканчэння Вінніцкага медыцынскага інстытута і 25-гадовай псіхіятрычнай практыкі, ён нейкім чынам уладкаваўся псіхатэрапеўтам у зборную СССР па цяжкай атлетыцы. Злыя языкі кажуць, што ў гэты час вакол яго сфармаваўся клуб прыхільніц, які складаўся ў асноўным з жонак партыйнай эліты. Быццам менавіта яны зрабілі ўсё, каб Кашпіроўскі атрымаў карт-бланш. У 1989 годзе доктар правёў два сеансы тэлевізійнай анестэзіі. Пасля гэтага яму далі вячэрні эфір на Першым канале.

Нягледзячы на тое, што хутка сеансы Кашпіроўскага знялі з сеткі праграм, той працягваў стрыгчы купоны. У 1993 годзе яго абралі дэпутатам Дзяржаўнай думы ад Яраслаўскай вобласці па спісу ліберал-дэмакратаў. У 1995-м, пасля таго, як Басаеў захапіў радзільны дом у Будзёнаўску, Кашпіроўскі збіраўся з дапамогай гіпнозу нейтралізаваць тэрарыстаў.

Анатоль Кашпіроўскі


У той жа год Анатоль пайшоў з вялікай палітыкі. Цяпер Кашпіроўскі час ад часу з’яўляецца на старонках медыя хутчэй з экзатычных і скандальных нагодаў. Так, у 2006 годзе яго спрабавалі арыштаваць у Чэлябінску за заняцце нетрадыцыйнай медыцынай. У адказ Кашпіроўскі прыгразіў міліцыянерам, якія мелі намер надзець на яго кайданкі, адмоўнымі працэсам у іхнім арганізме.

Куды больш праблем, чым міліцыянеры, Кашпіроўскаму дастаўляў і дастаўляе канкурэнт у асобе Алана Чумака. Былы выпускнік Інстытута фізічнай культуры і факультэта журналістыкі МГУ праславіўся тым, што падчас сеансаў на ТБ заражаў розныя субстанцыі — ваду, крэмы, мазі і нават гледачоў. Пры гэтым, у адрозненні ад Кашпіроўскага, падчас сеансаў Чумак не казаў ні слова — проста рабіў рухі і варушыў вуснамі. Адсутнасць слоў падчас сеансу Чумак выдаваў за вялікі прарыў.

У адным з інтэрв’ю ён заявіў, што яго навучалі галасы, якія працавалі дыктарамі ў яго галаве пазменна. У час гэтых лекцый Чумак быццам занатоўваў усё, што яму дыктавалі. Па тых канспектах Алан пасля і навучаўся.

Самай арыгінальнай выхадкай Чумака стала гісторыя з выпускам газеты «Вечерняя Москва». Напрыканцы лета 1989 года ў сродках масавай інфармацыі з’явілася сенсацыйнае паведамленне пра тое, што 1 верасня 1989 года нумар вячоркі будзе «зараджаны» Аланам Чумаком. У дзень распаўсюду газеты (а таксама праз некаторы час) у сталіцы ўзнікалі вялікія чэргі каля газетных шапікаў і аўтаматаў. Спекулянты перапрадавалі экземпляры газеты ў некалькі разоў даражэй. Асобныя людзі для ўзмацнення тэрапеўтычнага эфекту сталі літаральна есці кавалачкі газеты. Прычым некаторым, нібыта, гэта моцна дапамагала. Як кажуць, без каментара.


Алан Чумак


Наступным следствам дуэлі Чумак супраць Кашпіроўскага стаў падзел у працоўных калектывах і сем’ях. Адны сцвярджалі, што Кашпіроўскі больш моцны за Чумака. Іншыя — наадварот.

Відавочна, што перамог у тым спаборніцтве Кашпіроўскі. Чумак не змог зрабіць палітычнай кар’еры. На выбарах у Дзяржаўную думу па Самарскай вобласці ён набраў толькі тры працэнты галасоў выбаршчыкаў. Праўда, гэта не замінае яму і дасюль практыкаваць. Ён заражае пазітывам усё, што толькі можна, уключаючы відэакасеты і нават шампунь.

Пры гэтым Чумак вельмі не любіць Кашпіроўскага, называючы яго шарлатанам. Ён сцвярджае, што ў выніку сеансаў Кашпіроўскага людзі траплялі ў псіхушкі. Па яго словах, двойчы ўлады СССР прасілі Анатоля падчас перапынкаў футбольных матчаў з удзелам савецкай зборнай зняць у аўдыторыі стрэс. Кашпіроўскі намагаўся, аднак нічога ў яго не атрымалася.

Аднак і без законаў пра забарону экстрасэнсаў давер да Чумака і Кашпіроўскага падае. Адпаведна апытанням, ад 60 да 79 працэнтаў расіян прызналі, што ТБ тэрапія не мае ўплыву на здароўе. Больш таго, многія людзі лічаць, што кашпіроўшчына і чумакоўшчына дрэнна ўплываюць на здароўе. Засталіся прыкладна 5 працэнтаў фанатаў такога метаду лячэння. У сеціве можна сустрэць іхнія панегірыкі на адрас Кашпіроўскага. Напрыклад, такога кшталту: «Пусть враги изнывают от злости, / Но ведь тысячи верных друзей, / Умоляя зовут тебя в гости / Побывать хоть на несколько дней».

Застаецца загадкай, чаму на той час яшчэ дастаткова моцны КПСС выпусціў у прайм-тайм ранішняга і вячэрняга эфіру такіх супярэчлівых персанажаў. Нямецкі «Freitag» сур’ёзна сцвярджае, што гэта была адна з апошніх спроб камуністаў неяк адвесці ўвагу грамадзян ад праблем сістэмы і выйграць час. Калі гэта так, калі сапраўды стаўка рабілася на экстрасэнсаў, то СССР насамрэч быў асуджаны.

Каментаваць