ЕТА памерла. Няхай жыве ЕТА?

Эйфарыя наконт рашэння баскскіх нацыяналістаў з тэрарыстычнай групоўкі «Радзіма і незалежнасць» (ЕТА) расфармавацца і скласці зброю паступова суцішваецца, а трывожныя прагнозы гучаць усё часцей.

Калі 3 траўня 2018-га ЕТА агучыла доўгачаканае камюніке пра самаліквідацыю, шмат каментатараў ахвотна пісалі, што ў будучым гэтую падзею пачнуць вывучаць усе школьнікі Еўрасаюзу. Падзея сапраўды глабальная — скончыўся апошні вайсковы канфлікт у Заходняй Еўропе. Ён цягнуўся аж з 1956 года, і яго ахвярамі сталі каля двух тысяч чалавек.

Мінула больша за месяц пасля самароспуску ЕТА — і цяпер энтузіязму паменела. Затое ў прэсе ўсё больш публікацый пра тое, што шлях да міру ў рэгіёне, напэўна, будзе даўжэйшым і складанейшым. Справа не толькі ў некаторых нюансах. У гісторыі ЕТА хапала эпізодаў, калі, прыняўшы нейкае рашэнне, групоўка праз пэўны час раптам змяняла сваю пазіцыю — у тым ліку адносна інструментарыю і тактыкі.

Натуральна, нельга не зрабіць праекцыю на мірны працэс у Паўночнай Ірландыі, дзе аналаг ЕТА — Ірландская Рэспубліканская Армія (IRA) — у 1998 годзе таксама заявіла пра адмову ад тэрарыстычных метадаў барацьбы. Ледзь не адразу ў нетрах арганізацыі паўсталі фракцыі накшталт «Сапраўднай IRA» (Real IRA), якія абвясцілі пра намер працягнуць падпольную дзейнасць. Яны дасюль нагадваюць пра сябе — у тым ліку забойствамі і выбухамі. А што, калі на парэштках ЕТА з’явіцца банда адмарозкаў, падобная на «Сапраўдную IRA», пытаюцца медыя.

Калі такая радыкальная секта не паўстане, грамадская атмасфера ў краі ўсё роўна застанецца вельмі таксічнай. Французскае выданне «La Dépêche» звяртае ўвагу на тое, што міф пра ЕТА вельмі моцна прапісаўся ў баскскай палітычнай культуры. Выданне прыводзіць цікавы факт: у Краіне Баскаў сёння вельмі лёгка набыць сувенірную майку з выявай Чабі Эчыбар’еты, які здзейсніў першы гісторыі ЕТА замах. 7 чэрвеня 1968-га падчас разгону дэманстрацыі ён забіў свайго аднагодка Хасэ Пардынеса, супрацоўніка Грамадзянскай гвардыі (аналаг нашых унутраных войскаў). У гонар учынку Чабі на месцы таго замаху даўно стаіць помнік. А вось пра Хасэ Пардынеса ніхто, хіба акрамя гісторыкаў, не ўзгадае.

«La Dépêche» таксама нагадвае, што яшчэ да з’яўлення ЕТА баскі як мінімум тройчы вялі ўзброеную барацьбу супраць цэнтра (дзве карлісцкія вайны плюс удзел у грамадзянскай вайне на баку рэспубліканцаў). Моладзь выхоўваюць паважаць герояў тых канфліктаў. Адсюль выданне робіць выснову — экстрэмізм застанецца часткай баскскага палітычнага пейзажу, хаця самі радыкалы гэтым разам могуць не выкарыстоўваць брэнд ЕТА.

Больш за тое, стала вядома, што менавіта такі сцэнар быў распрацаваны кіраўніцтвам ЕТА некалькі гадоў таму. Нізавыя асяродкі арганізацыі тады атрымалі інструкцыю імкліва расфарміравацца і спрыяць паўстанню новых палітычных праектаў, якія, не будучы структурна падпарадкаваныя ЕТА, арыентаваліся б у паўсядзённай дзейнасці на яе рэзалюцыі.

Калі верыць паліцыі, адным з такіх праектаў стала групоўка «Ospa» з Навары, восем актывістаў якой цяпер паўсталі перад судом. Гісторыя пачалася мінулай восенню, калі падсудныя атакавалі супрацоўнікаў Грамадзянскай гвардыі. Паколькі арэнай бойкі быў нейкі бар, усё можна было б спісаць на наступствы злоўжывання моцнымі напоямі. Аднак самі сілавікі сцвярджаюць, што напад быў загадзя падрыхтаваны, а «Ospa» належыць да сеткі, што стварыла ЕТА перад тым, як паведаміць пра самароспуск. «Мы ніколі не гаворым, што гэтыя спадары (сябры з «Ospa») інтэграваныя ў ETA або супрацоўнічаюць з ETA, але арганізаваны імі гвалт вынікае з рэкамендацый ETA. У канчатковым выніку гэта звязана з тым, што іх гвалт звязаны з палітычнымі мэтамі», — рэзюмуюць спікеры сілавога ведамства.

Але самая вялікая бомба пад перспектывы міру ў Краіне Баскаў — праблема вязняў. У іспанскіх турмах дасюль сядзяць баевікі ЕТА (каля 460–500 чалавек), і некаторыя з іх сядзець будуць яшчэ вельмі доўга. На думку шматлікіх баскскіх нацыяналістаў, пасля самароспуску ЕТА Мадрыд у якасці зваротнага добрага сігналу павінен быў абвясціць амністыю. Аднак іспанскі ўрад кансерватара Марыяна Рахоя абыякавы да такіх петыцый. У Мадрыдзе камюніке ЕТА ад 3 траўня ўспрымаюць не як прапанову да дыялогу, а як заканамерны акт аднабаковай капітуляцыі.

Не дзіўна, што ў лагеры баскскіх незалежнікаў, якія спа­дзяваліся на вызваленне аднадумцаў, шмат расчараваных. Арнальда Атэгі, адзін з лідараў партыі Bildu (структуры, якую лічаць палітычнай вітрынай ЕТА) у нядаўнім артыкуле для брытанскага «The Guardian» піша: «ЕТА больш не існуе. Аднак відавочна, што іспанская ўлада не здольная рэагаваць праз фарматы дыялогу, перамоваў і пошукаў кампрамісу на запыты каталонскага і баскскага грамадстваў».

Як бачым, прычынаў і фактараў для рэнесансу ЕТА (або яе аватара) сапраўды хапае. Аднак усё ж, думаецца, пакуль гэта — толькі версія. Большасць нацыяналістаў пагаджаецца: ад ЕТА як кампраметуючага рудыменту трэба было пазбаўляцца. Тым больш — напярэдадні рашучай бітвы. Перманентны палітычны крызіс у Каталоніі і калапс рэйтынгаў кансерватараў Рахоя дазваляюць спадзявацца на фармаванне кааліцыі з удзелам левых, якія больш станоўча ўспрымаюць ідэю пашырэння правоў рэгіёнаў.

У такім разе не выключаюць нават прыняцця новай Канстытуцыі, якая, па прыкладзе Даніі і Вялікабрытаніі, надасць малым народам Іспаніі права на самавызначэнне праз рэферэндум. Баскі лічаць, што гэтаму актыўна будзе спрыяць і Брусэль. Як адзначае Атэгі ў тым жа артыкуле, «фрустрацыя іспанскай эліты ад таго, што імперыя руйнуецца на вачах, — крыніца нестабільнасці для ўсёй Еўропы».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць