Эвіта вярнулася

Смерць былога прэзідэнта Аргенціны Нестара Кіршнера выклікала нацыянальны шок і надала руху пераністаў другое дыханне.

Нестар Кіршнер, 54-ы прэзідэнт Аргенціны, памёр 27 кастрычніка 2010 года. Яго смерць для ўсіх стала нечаканай, хаця ў гэтым годзе яму зрабілі ўжо дзве аперацыі на сэрцы. Нябожчыку было ўсяго 50 гадоў.



Смерць былога прэзідэнта Аргенціны Нестара Кіршнера выклікала нацыянальны шок і надала руху пераністаў другое дыханне.

Нестар Кіршнер, 54-ы прэзідэнт Аргенціны, памёр 27 кастрычніка 2010 года. Яго смерць для ўсіх стала нечаканай, хаця ў гэтым годзе яму зрабілі ўжо дзве аперацыі на сэрцы. Нябожчыку было ўсяго 50 гадоў.

Як толькі паступіла смутная інфармацыя, газеты надрукавалі некралогі, гісторыкі зрабілі каментары наконт месца палітыка ў гісторыі, чыноўнікі склалі пратакол афіцыйных мерапрыемстваў, урад абвясціў нацыянальную жалобу. Аднак пасля адбылося нешта такое, чаго ніхто не чакаў.

Нягледзячы на тое, што на гадзінніку была глыбокая ноч, на Майскай плошчы (цэнтральная плошчы Буэнас-Айрэса), пачалі збірацца людзі. Зранку тут стаяў натоўп у некалькі сотняў тысяч чалавек. Гэты сход ніхто не арганізаваў. Ніводная партыя або прафсаюз не заклікалі ісці да Ружовага Палацу (адміністрацыя прэзідэнта). Абсалютная меншасць з прысутных былі сябрамі перанісцкага руху, які ўзначальваў нябожчык. Аднак нейкі калектыўны імпульс прымусіў аргенцінцаў прыйсці сюды (на плошчы былі тыя, хто праехаў больш за тысячу кіламетраў, каб развітацца з Кіршнерам). Нацыя рыдала. Федэрацыя па футболу адмяніла ўсе сустрэчы на тыдзень наперад. Палітолагі згодныя, што культ Кіршнера, які нараджаецца на вачах, зменіць палітычную палітру.

Можа падавацца смешным, аднак пры жыцці цяперашняга нацыянальнага героя часцей называлі “пінгвін (мянушка звязана з тым, што Нестар паходзіць з Санта-Круз, самай халоднай правінцыі Аргенціны) або папросту “К.

Праўда, і раней Нестар Кіршнер — сын нашчадкаў эмігрантаў з Харватыі і Швейцарыі — выдаваў сюрпрызы. Ён прыйшоў да ўлады ў 2003 годзе пры вельмі дзіўных абставінах. Па выніках першага туру прэзідэнцкіх выбараў у другі выйшлі два кандыдаты ад лагеру пераністаў. Нестар — пратэжэ тагачаснага прэзідэнта, і Карлас Менем, які ўжо пабываў гаспадаром Ружовага палацу.

Кіршнер набраў 22 працэнты, а яго канкурэнт — 24. І тут Менем чамусьці адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў выбарах. Адпаведна, мала каму вядомы Нестар Кіршнер, губернатар правінцыі Санта-Круз, аўтаматычна зрабіўся прэзідэнтам. Яшчэ ніколі ў аргенцінскай гісторыі лідэрам нацыі не станавіўся палітык, які меў такі нізкі ўзровень электаральнай падтрымкі.

Кіршнер аказаўся трэцім прэзідэнтам краіны за тры гады. Лічылася, што ён працягне сумную традыцыю. Аргенцінская эканоміка ляжала ў руінах з-за наступстваў эканамічнага калапсу 2001 года. Песа ў выніку дэнамінацыі страціў больш за 70 працэнтаў сваёй былой вартасці. Нацыянальны доўг на 2003 год узняўся да 178 мільярдаў долараў. Банкаўскія дэпазіты грамадзян давялося замарозіць.

Аднак Кіршнер і яго міністр эканомікі выцягнулі краіну. Ім часткова дапамог той факт, што Міжнародны валютны фонд, па чыім рэцэптам жыла краіна, аказаўся ў вачах усёй Лацінскай Амерыкі адказным за дэфолт 2001-га. Банкірам было так не ўтульна, што яны нейкім чынам скарацілі аргенцінскі доўг да 84 мільярдаў. Але і яго хутка таксама рэструктурызавалі. У выніку на чацвёртым годзе эры прэзідэнта Кіршнера Аргенціна цалкам разлічылася з МВФ. Адначасова пачаўся эканамічны бум, якога, праўда, трэба было чакаць. Дэнамінацыя песа прывяла да нізкага сабекошту вытворчасці аргенцінскіх тавараў і росту экспарту.

Калі прыйшоў час прэзідэнцкай кампаніі 2007 года, папулярнасць “пінгвіна складала 60 працэнтаў. Ён мог лёгка застацца на пасадзе, аднак адмовіўся на карысць сваёй другой паловы Крысціны Кіршнер, якая хутка стала прэзідэнтам.

Фармальна пакінуўшы прэзідэнцкую пасаду (СМІ сцвярджаюць, што ён фактычна і далей кіраваў краінай), Кіршнер заняўся рэгіянальнай інтэграцыяй, партыйным будаўніцтвам пераністаў. Акрамя таго, ён час ад часу публічна падтрымліваў жонку, у якой хапае праблем — глабальны эканамічны крызіс не пашкадаваў Аргенціну. Гэта, праўда, слаба дапамагла Крысціне, якая да нядаўняга часу стабільна губляла давер.

У дастаткова роўнай біяграфіі Кіршнера сёння стараюцца знайсці сакрэты яго цяперашняй папулярнасці. Правыя і лібералы ўказваюць на тое, што ён адмяніў амністыі для лідэраў вайсковай дыктатуры 1976–1983 гадоў. Пры Кіршнеры тыя, хто катаваў апазіцыянераў, аказаліся ў турмах. Аднак гэтыя панегірыкі здаюцца штучнымі. Калі Кіршнер быў прэзідэнтам, ліберальная прэса моцна крытыкавала яго за аўтарытарны стыль кіравання, за тое, што выканаўчая ўлада падпарадкавала сябе парламенцкую (прэзідэнт выдаў рэкордную колькасць дэкрэтаў), за тое, што Нестар маніпуліраваў статыстыкай. “Wall Street Journal прысудзіла “К тытул “антырынкавы палітыкі.

Гэта яшчэ не ўсё. Кіршнер меў выразныя крытычныя погляды на дзейнасць МВФ, які нёс адказнасць за крызіс 2001 года. Напрыканцы сваёй кадэнцыі ў яго склаліся вельмі сяброўскія адносіны з Уга Чавесам. Ён нават назваў Венесуэлу “краінай сапраўднай дэмакратыі, якая абаранае годнасць свайго народа. Калі французскую кампанію “Suez абвінавацілі ў кепскай якасці вады ў сталічнай каналізацыі, прэзідэнт падпісаў закон аб разрыве кантакту з французамі. Як прыхільнік большай ролі дзяржавы ў эканамічным жыцці, ён стварыў у 2004 годзе дзяржаўную энергетычную кампанію. Пасля ўрад увогуле стаў кантраляваць камунальныя кошты. У 2008 годзе ён паспрабаваў прывесці перанісцкую партыю ў шэрагі Сацінтэрну.

Тое, што Кіршнер быў левым палітыкам, больш адпавядае ісціне. Аднак нават самі левыя прызнаюць — тое, што адбываецца, нельга зразумець праз схемы дыялектычнага матэрыялізму.

“Можна казаць пра містыцызм перанізму, які адклаўся ў гістарычнай свядомасці аргенцінскага народу і сёння праяўляе сябе, — піша вядучае левае выданне Лацінскай Амерыкі “Rebellion. — Цэлыя генерацыі аргенцінцаў выраслі на міфе пра добрага Хуана Перона і яго ягоную верную жонку Эвіту. І вось цяпер міф стаў рэальнасцю.

Праўда, цяпер не зразумела, што рабіць далёка не харызматычнай Крысціне, якой, у адпаведнасці з формулай міфу, адразу прыпісалі рысы славутай Эвіты Перон. “Трымайся, Крысціна, “Крысціна, мы з табой, “Крысціна, наперад! — такія тэксты былі на транспарантах, якія неслі ўдзельнікі пахавальнай працэсіі.

 

Каментаваць