Эвакуацыя або трыумф

Польская правая апазіцыя лічыць, што прызначэнне Дональда Туска на пасаду старшыні Еўрарады — ледзь не самы ганебны эпізод у сучаснай гісторыі Польшчы. А «Грамадзянская платформа» разлічвае на бонусы.



Дональд Туск — першы паляк з часоў каралёў дынастыі Ягелонаў, які можа ўплываць на лёсы ўсёй Еўропы. Вось так — не больш, не менш — ацэньваюць некаторыя польскія гісторыкі навіну пра абранне Туска на пасаду старшыні Рады Еўропы. Эйфарыі з гэтай нагоды ў Польшчы сапраўды хапае. Аднак далёка не ўсе за Бугам у захапленні ад новага месца працы прэм’ера.

Для правай апазіцыі пераезд Туска ў Брусэль (ён, дарэчы, павінен пачаць выконваць абавязкі старшыні Рады Еўропы з 1 снежня) — не што іншае, як эвакуацыя, уцёкі ад адказнасці за відавочныя правалы сваёй працы на радзіме. У віну Туску ставяць набраныя за мяжой даўгі, рост працоўнай эміграцыі — следства беспрацоўя, допуск на польскі рынак замежных карпарацый…

Адзін з любімых заняткаў правых каментатараў — разважаць пра тое, што без лобі Ангелы Меркель просты смяротны не можа заняць такую адказную пасаду, як старшыня Рады Еўропы. Падтрымка Туска Ангелай Меркель, быццам, указвае на тое, што польскі прэм’ер заўсёды быў крэатурай Берліна. Быццам, на пасадзе старшыні Рады ЕС ён працягне верай і праўдай служыць немцам. Лічыцца, што тэстам на патрыятызм для яго стане геаграфія новых баз NАТО, што ў сувязі з экспансіяй Расіі плануюць размясціць ва Усходняй Еўропе. Калі тыя базы не размесцяць пад Беластокам, то гэта будзе значыць несамастойнасць Туска як еўрапейскага лідара.

Адзначаючы ролю Меркель у еўрапрацэсах, правая прэса сумняваецца ў тым, што Туск зможа годна супрацьстаяць экспансіі Масквы. Як вядома, Меркель выступае за пошук кампрамісу з Крамлём, штурхаючы Кіеў на шлях федэралізацыі. Яшчэ адна тэма для скандалу — роля Дэвіда Кэмерана, які, будучы еўраскептыкам, не хацеў абрання на пасаду старшыні нейкага яскравага тыфозі еўраінтэграцыі і пагадзіўся на фігуру Туска. Шэраг правых партый абвінавацілі Дональда Туска ў тым, што ён запатрабаваў у адказ ад Лондану поўны сацыяльны пакет для палякаў, якія працуюць на Альбіёне.

Самы цікавы тэзіс правай прэсы — Дональд Туск прафесійна не здольны выканаць функцыі старшыні Рады ЕС і папросту скампраметуе Польшчу. Яго слабую кампетэнцыю як міжнароднага палітыка, быццам, ілюструюць правалы польскай дыпламатыі на Усходзе. «Вядома, што Дональд Туск не з'яўляецца цвёрдым, адказным, добра падрыхтаваны функцыянерам, якім быў, напрыклад, Херман ван Рампей. І на працягу сямі гадоў прэм'ерства ён так і не прывык да сістэматычнай працы. Пра яго навыкі для перамоваў на міжнародным узроўні можна меркаваць па наступствах яго ўчынках у складаных сітуацыях і крызісах. А калі ўлічыць крызіс у адносінах з Расіяй, Украінай, Літвой і Беларуссю, відавочна, што вялікіх прарываў Польшча ў гэтым накірунку не мае», — піша адна з польскіх газет.

Асаблівае месца ў правай публіцыстыцы адводзіцца праблеме пераемніка Туска на пасадзе прэм’ера. Зараз топ кандыдатаў на вольную вакансію кіраўніка ўраду ўзначальвае Ева Копач (Ewa Kopacz), якая займае пасады маршалка Сейму і намесніка Дональда Туска ў партыі "Грамадзянская платформа" (РО). Сцвярджаецца, што прэм’ерства Копач абернецца для Польшчы кашмарам.

Галоўным чынам прэса падкрэслівае адсутнасць у Копач харызмы і самастойнасці. Сапраўды, яна — дастаткова шэры палітык, якога не частка запрашаюць на розныя шоў. «Яна (Копач) настолькі не выбітная, што не мае разумення нават аб нейкай самастойнасці. У той жа час, яна пазбаўленая ўсялякай харызмы, нават калі справа тычыцца польскай палітыкі, што стэрыльная па вызначэнні», — пішуць на рэсурсе wPolityce.pl.

Там жа адзначаецца, што дэфіцыт харызмы ператворыць Еву ў пасіўны манекен у руках Туска, які будзе слепа выконваць яго брусэльскія інструкцыі. Еве нават ужо прыдумалі адпаведную мянушку — «Тамагочы».

Хаця палітычная кар’ера Евы Копач не звязаная з вялікімі скандаламі, апазіцыя ўсё ж знайшла ў яе шафе некалькі шкілетаў. Перш за ўсё, Еву зрабілі адказнай за эпідэмію свінога грыпу. Напярэдадні прыходу вірусу яна адмовілася набыць вакцыну. Дайшло да таго, што маршалка Сейму жадаюць прыцягнуць да адказнасці за смерць усіх палякаў, які памерлі ад A/H1N1. Таксама Еву падазраюць у тым, што, прымаючы рашэнне, яна тайна дзейнічала ў інтарэсах фармацэўтычных кампаній.

Па-другое, Копач, на думку правых апазіцыйных медыя, кепска выканала місію ў Смаленску, дзе павінна была ідэнтыфікаваць целы польскіх палітыкаў, якія загінулі ў авіякатастофе. У прыватнасці, яна не звярнула ўвагу на тое, што глеба на месцы катастрофы была моцна перакапаная. На думку шмат каго, гэта былі сляды спробы расіян неяк схаваць доказы, якія ўказваюць на іх датычнасць да аварыі.

З улікам усяго сказанага вышэй, апазіцыя заклікае правесці датэрміновыя выбары, каб урад фармаваў новы сейм. Такая ўстаноўка, безумоўна, звязаная з эфектам уплыву еўрапейскай пасады Туска на польскі палітычны працэс. Апошнія апытанні давалі перавагу кансерватарам.

Цяпер сімпатыі могуць змяніцца на карысць лібералаў. Выбаршчык можа клюнуць на тое, што прызначэнне Туска значыць высокую ацэнку еўрапейскімі палітыкамі курсу "Грамадзянскай платформы".

Яшчэ горшы сцэнар вяртання Туска на радзіму пасля заканчэння кадэнцыі. З такім салідным іміджам ён мае добрыя перспектывы на прэзідэнцкіх выбарах. Таму крытыка на яго адрас шмат у чым прадыктаваная палітычнай кан’юнктурай. Прынамсі, расійская прэса вельмі негатыўна ўспрыняла прыход Туска на такую высокую пасаду ў ЕС, прызнаючы, што гэта патэнцыйна нясе пагрозу ўплыву Масквы на Усходнюю Еўропу.

Наколькі на самай справе "Грамадзянскай платформе" дапаможа эвакуацыя Туска ў Брусэль, мы даведаемся бліжэй да вясны, калі палякі пойдуць на мясцовыя выбары. Па-сутнасці, вясновае галасаванне выразна акрэсліць шансы партый на вельмі важных для Польшчы парламенцкіх выбарах. 

Каментаваць