Фідэль Кастра. Іслам Карымаў. Пётр Фарфал

Фідэль Кастра

Фідэль Кастра

Былы кіраўнік Кубы, нягледзячы на жорсткі ложкавы рэжым, працягвае ўплываць на знешнюю палітыку краіны з дапамогай звычайнай асадкі. Кожны дзень ён піша нататкі для ўласнай калонкі ў газеце кампартыі. Матэрыялы калонкі часта выклікаюць скандалы, паколькі фактычна лічацца заявамі кубінскага МЗС. Апошні скандал звязаны са «свіным грыпам». Фідэль Кастра напісаў, што мексіканскія ўлады даўно ведалі пра H1N1, аднак хавалі праўду, каб не сарваць візіт Барака Абамы, які наведаў краіну ў сярэдзіне красавіка. Менавіта пасля заканчэння візіту з’явілася афіцыйная інфармацыя пра пачатак эпідэміі. Заяву Кастра ўжо пракаментавалі мексіканскія ўлады. Яны рашуча пратэстуюць, спасылаючыся на тое, што сітуацыю ў краіне кантралююць не чыноўнікі, а Сусветная арганізацыя аховы здароў. Палітолагі не выключаюць, што інсінуацыі Кастра могуць прывесці да дыпламатычнага скандалу. У прынцыпе, напісанае можна лічыць рэакцыяй на навіну пра тое, што ў Кубе зарэгістраваны першы хворы на «свіны грып». Гэта мексіканскі студэнт, які вучыцца ў адным з правінцыйных гарадоў Кубы. Медыцынская сістэма — галоўны канёк кубінскай афіцыйнай прапаганды, і калі краіна не справіцца з вірусам, міф пра самую лепшую медычную дапамогу можа быць пахаваны, а разам з ім — і пазітыўны імідж рэжыму.

Іслам Карымаў

Прэзідэнт Узбекістана рыхтуецца да ўзбекскіх Дажынак. Уся сталіца краіны перакопаная, ідуць будоўлі, кладуцца новыя трасы, садзяцца дрэвы. У гэтым годзе Дзень гораду будзе асаблівы. Прэзідэнт Карымаў лічыць, што менавіта ў 2009-м гораду споўніцца 2000 гадоў. Гэта лічба асабліва цікавая з улікам таго, што толькі пяць гадоў таму горад ужо святкаваў 2000-ы юбілей. Аднак уладу гэта мала турбуе, тым больш, што лаяльныя гісторыкі дэманструюць журналістам нейкія археалагічныя доказы. Ніхто дакладна не ведае, калі сапраўды быў заснаваны горад, аднак яго жыхарам з нагоды той гадавіны даводзіцца цярпець. У прыватнасці, у Ташкенце забаранілі сушыць бялізну на балконах па прычыне таго, што… гэта не адпавядае нацыянальным традыцыям. Віноўнікаў чакае спачатку папярэджанне, потым штраф, і нарэшце — прымусовае высяленне з дому праз суд. Пра тое, што бялізна — гэта не жартачкі, сведчаць маштабы міліцэйскай акцыі: цяпер міліцыянеры абходзяць дамы і інструктуюць жыхароў наконт новага закону. Цяжка сказаць пра сапраўдныя прычыны кампаніі супраць бялізны на балконах. Аднак варта будзе згадаць, што пару гадоў таму па асабістаму патрабаванню Карымава ў краіне быў забаронены більярд.

Пётр Фарфал

Кіраўнік польскага нацыянальнага тэлебачання (TVP) даўно ўжо стаў заклятым ворагам ліберальных і левых польскіх медыя: ён пачынаў сваю кар’еру як неанацыст, а пасля сышоў у партыю правых кансерватараў, і нарэшце апынуўся ў крэсле дырэктара TVP. З гэтай пасады яго ўжо неаднаразова спрабавалі скінуць. Напрыклад, праціўнікі Фарфала развярнулі кампанію супраць рашэння TVP не трансляваць канцэрт у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Аднак Пётр насуперак усім намаганняў сваіх ворагаў пасаду не пакінуў. Усё дзякуючы пазіцыі левых і лібералаў, якія не жадаюць, каб TVP узначаліў прадстаўнік партыі прэзідэнта. І вось новая газетная атака на Фарфала. У цэнтры кампаніі, якую распачала «Gazeta Wyborcha», яўныя сімпатыі TVP да адной з партый, якая ўдзельнічае ў выбарах у Еўрапарламент. Размова пра партыю «Libertas», што выступае супраць Канстытуцыі ЕС. Пётр не толькі займае першае месца ў выбарчым спісе «Libertas», ён актыўна рэкламуе партыю, выкарыстоўваючы рэсурсы TVP. Па сутнасці маргінальная партыя згадваецца ў навінах на тым жа ўзроўні, як урадавыя і парламенцкія партыі. Трэба дадаць, што левым і лібералам выгодны раскол на правым флангу. А менавіта гэтым зараз фактычна займаецца цяперашні дырэктар TVP.

Каментаваць