Фактар Гангадзэ

Год таму ва Украіне фактычна пачаўся перагляд скандальнай справы забітага ў 1999 годзе журналіста Георгія Гангадзэ. Каму гэта было патрэбна, чаму следства дасюль не можа прасунуцца, і чым скончыцца працэс? 



На цяперашні момант афіцыйная версія забойства Георгія Гангадзэ, заснавальніка рэсурсу «Украінская праўда», выглядае наступным чынам. У жніўні 2000 года міністр МУС Украіны Юрый Краўчанка даў генералу міліцыі Аляксею Пукачу загад ліквідаваць журналіста. Атрымаўшы загад, Пукач прапанаваў сваім падначаленым вывезці Гангадзэ ў лес, збіць і запалохаць. Пад выглядам таксістаў міліцыянты схапілі журналіста, вывезлі яго ў лес, дзе выпадкова забілі. Пукача злавілі ў 2009 годзе ў адной з вёсак Жытомірскай вобласці, дзе ён хаваўся пад чужым прозвішчам. 29 студзеня 2013 года суд пазбавіў яго звання генерала і прысудзіў да пажыццёвага зняволення.

Нават не дасведчаны ў аспектах украінскай палітычнай сітуацыі чалавек адразу пабачыць тут лагічныя нестыкоўкі. Па-першае, нашто Краўчанку (ён потым быў знойдзены забітым) і Пукачу арганізоўваць выкраданне чалавека і забойства? Сам Пукач упарта адмаўляецца казаць пра матывы, а тым больш называць імя чалавека, які замовіў яму забойства. Між тым, і дзіця зразумела, што пайсці на такі ўчынак можна толькі ў выпадку, калі замоўнік плаціць шмат грошай або загад сыходзіць з самага верху.

Узнікае лагічнае пытанне: чаму следства не пажадала прыцягнуць да справы т. зв. «стужкі Мельнічэнкі» — запісы размоваў Кучмы і яго сілавікоў, якія рабіў адзін з ахоўнікаў Кучмы. На адным з запісаў можна пачуць, як Леанід Кучма вельмі негатыўна ўзгадвае журналіста «Украінскай праўды». Хаця міжнародныя эксперты аказаліся няздольнымі ўсталяваць сапраўднасць запісаў, ва Украіне хапала і хапае прыхільнікаў версіі пра след Кучмы.

З улікам апісанага вышэй, не дзіўна, што пасля перамогі Майдану ўсе пачалі казаць пра неабходнасць новага следства па справе Гангадзэ. «Генпракуратура пераглядае справу журналіста Георгія Гангадзэ і правярае датычнасць да яе другога прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы», — пра гэта заявіў выканаўца абавязкаў генеральнага пракурора Алег Махніцкі яшчэ ў красавіку мінулага года. «Папярэдняе кіраўніцтва Украіны скрала дзясяткі мільярдаў долараў у краіны, і на дадзены момант ідзе як перагляд справы супраць Леаніда Кучмы, так і супраць іншых чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да дадзеных злачынстваў», — сказаў тады Махніцкі.

Нечакана за перагляд справы выступіў і Пукач, які падаў заяву ў апеляцыйны суд. Пукач заявіў пра ціск з боку былой каманды пракурораў. Са слоў абвінавачанага, пракуроры не дазвалялі яму называць прозвішча Кучмы сярод ланцуга заказчыкаў забойства Гангадзэ, а таксама прымушалі яго даваць ілжывыя паказанні.

Прайшоў год. Ніякіх заўважных рухаў у справе Гангадзэ за гэты час не адбылося, хаця імя Гангадзэ час ад часу прысутнічае ў медыйнай прасторы. Чаму мае месца сабатаж суддзяў? Каму выгадна падтрымліваць інтарэс да гэтай справы? Спектр пытанняў, на якія няма адказаў, правакуе грамадства прапаноўваць самыя незвычайныя версіі.

Самая простая версія — сістэма, ахвярай якой стаў Гангадзэ, захавалася нягледзячы на рэвалюцыйную рыторыку. «Сістэма Кучмы, якая была створаная ў 1990-я, да гэтага часу існуе. Сам Кучма і многія яго людзі, выхадцы з яго палітычнага гнязда, самі да гэтага часу актыўна прысутнічаюць у палітычным асяроддзі. Яны не зацікаўленыя, каб справа расследавалася», — сцвярджае Аляксандр Кляшкевіч, адзін з праваабаронцаў. Ён таксама прыводзіць цікавую фактуру. Напрыклад, без рэакцыі ўлады застаўся ліст прадстаўніка Кангрэсу ЗША Стыва Коуэна, у якім вышэйшае кіраўніцтва Украіны прасілі ўзяць справу Гангадзэ пад свой кантроль.

Аднак не ўсё так проста. Шмат хто лічыць, што падвешаны характар справы Гангадзэ выкліканы хутчэй задачай клана Парашэнкі стрымліваць Кучму і яго атачэнне. Леанід Кучма і звязаныя з ім кланы (напрыклад, Пінчука) дастаткова моцныя. Таму, магчыма, Парашэнка і цягне як мага даўжэй гэтую справу, каб трымаць кучмаўскіх пад кантролем.

Абсалютна новы памер справа забітага журналіста набыла пасля таго, як у красавіку гэтага года ў Кіеве быў на вуліцы забіты журналіст Алесь Бузіна — адзін з самых вядомых крытыкаў Майдана і новага рэжыму. Апазіцыя ахвотна праводзіць паралелі паміж Бузіной і Гангадзэ.

Да гэтага таксама падключаюцца расійскія медыя. На іх старонках высоўваецца новы тэзіс пра тое, што ступар у справе Гангадзэ звязаны з заходнімі спецслужбамі, якія маглі мець дачыненне да інцыдэнту. Напрыканцы 1990-х гадоў на Захадзе, быццам, адпрацоўвалі тэхналогіі масавай мабілізацыі за кошт рэзанансных забойстваў. Сапраўды, навіна пра жудаснае забойства практычна нікому не вядомага інтэрнэт-журналіста пасля публікацый у апазіцыйных СМІ выклікала шок у масавай свядомасці і відавочны дрэйф палітычных сімпатый. Тады ўпершыню цэлыя арганізацыі камуністычнай партыі Усходняй Украіны пачалі ўступаць да той жа Юліі Цімашэнка.

Сітуацыю вакол справы Гангадзэ каментуе кіеўскі журналіст Юрый Дакукін:

— Мяркую, што партыя Майдана вярнулася да справы Гангадзэ таму, што доўгі час гэта было яе фішкай. Аднак у выніку мы атрымалі «глухара». І ў гэтым няма нічога дзіўнага. У свой час краіна жыла іншай тэмай — хто атруціў Віктара Юшчанку? Юшчанка, які нават называў канкрэтныя прозвішчы, пасля прыходу да ўлады забыўся пра той выпадак. Усё таму, што ўкраінская эліта жыве па сваіх правілах. Думаю, з Гангадзэ будзе тое ж самае. Гэта імя паступова з’явіцца на перыферыі інфармацыйнага поля, і амністыя Пукачу з часам не будзе выклікаць ніякіх асаблівых эмоцый у грамадстве, якое на той момант падсадзяць на новыя сенсацыйныя тэмы. Адзінае, што хочацца, каб такая сітуацыя не паўтарылася з забойствам Нябеснай сотні. Год прайшоў пасля той масакры, аднак следства не прапанавала ніякага цэласнага малюнка той трагедыі.

Каментаваць