Фальшывы час

Антыглабалісты, якія падрабілі ў іранічна-парадыйным стылі выпуск вядомай нямецкай газеты, надалі папулярнасці сваёй праграме па выхаду з крызісу.



Антыглабалісты, якія падрабілі ў іранічна-парадыйным стылі выпуск вядомай нямецкай газеты, надалі папулярнасці сваёй праграме па выхаду з крызісу.

Ахвярай праціўнікаў глабалізацыі стаў штотыднёвік «Die Zeit» («Час» па-нямецку) — адно з самых салідных выданняў краіны, якое выходзіць з 1946 года. Газета лічыцца апірышчам нямецкай журналістыкі (дастаткова сказаць, што выдаўцом яе цяпер працуе былы канцлер ФРГ Гельмут Шмідт). «Die Zeit»  — таксама перадавы орган нямецкай ліберальнай думкі. Для ягоных артыкулаў характэрная моцная аналітыка і дэталёвае вывучэнне тэмы. Таму да публікацый у газеце ў грамадстве ставяцца вельмі сур’ёзна. Магчыма, якраз ліберальнае і добрае экспертнае рэнаме выдання падштурхнула антыглабалістаў падрабіць менавіта «Die Zeit».

Аўтарамі падробкі выступілі актывісты арганізацыі АТТАС. АТТАС — гэта абрэвіятура ад Association for the Taxation of Financial Transactions for the Aid of Citizens (Асацыяцыя за падаткі на трансакцыі для дапамогі грамадзянам). Такую складаную назву прыдумалі заснавальнікі праекту. Яны (у асноўным гэта былі французскія эканамісты левых поглядаў) лічаць, што збіранне аднаго працэнту падатку з біржавых здзелак спекулянтаў дапаможа стварыць буйны фонд дапамогі бедным краінам Поўдня.

Так здарылася, што стварэнне ініцыятывы ў 1997 годзе адбывалася сінхронна з уздымам моды на антыглабалізм. Падлеткі, якія атакавалі рэстараны Макдональдс і вялі асаду самітаў Вялікай сямёркі, ахвотна выкарыстоўвалі тэзісы АТТАС.

У выніку АТТАС хутка ператварылася з гуртка эканамістаў у шырокую грамадскую ініцыятыву, прычым з філіямі ў многіх краінах, у тым ліку Германіі. Праўда, праз пару гадоў пачаўся арганізацыйны крызіс: працаваць па канкрэтных пытаннях больш цяжэй і марудней, чым кідаць камяні ў паліцыю.

Цяперашні глабальны крызіс быў для АТТАС як мана з неба. На апошнім так званым Антыкапіталістычным кангрэсе ў Берліне, арганізаваным АТТАС у лютым, удзельнічалі 2500 чалавек. Падчас мерапрыемства было вырашана стварыць фальшывы нумар нейкай папулярнай газеты, у якім праз арыгінальны фармат падачы матэрыялаў данесці да немцаў галоўныя ідэі дыскусіі на кангрэсе.

21 сакавіка ў 100 гарадах Германіі актывісты АТТАС выйшлі на вуліцы і пачалі раздаваць быццам бясплатны выпуск «Die Zeit». Мінакі ахвотна бралі экземпляры газеты. Пазней, калі людзі чыталі яе, яны разумелі, што сталі ахвярамі, самае малое, нейкага жарту.

Змест газеты, чый дызайн як дзве кроплі вады падобны на арыгінал, уяўляе сабой шэраг артыкулаў, напісаных у жанры утопіі. Быццам нарэшце лозунгі АТТАС перамаглі — і вось што ў выніку адбываецца цяпер у Германіі.

Перадавы артыкул, які называецца «Нарэшце святло напрыканцы тунеля», пачынаецца з экскурсу ў нядаўняе мінулае, калі на двары стаяў крызіс, а ўрады збіраліся лячыць яго з дапамогай ліберальных эканамічных рэцэптаў. Дзякуй богу, піша аўтар, нашы міністры зразумелі, што сапраўдная крыніца крызісу — «капіталізм». Таму яны нацыяналізавалі ўсе прыватныя банкі, абклалі падаткамі багатых, павялічылі падтрымку бедных.

Больш за тое, зараз ідзе грамадская палеміка наконт новай мадэлі вытворчасці, якая павінна арыентавацца на сацыяльныя і экалагічныя праблемы. Так, хутка канцэрн Opel парадуе аўтааматараў новым абсалютна экалагічным аўтамабілем. Страшна падумаць, што яшчэ ўчора Opel быў на мяжы банкруцтва. «Калі ёсць палітычная воля, то аказваецца, што зрабіць рэформы не так і цяжка», — каментуе ход рэформаў міністр фінансаў.

Адначасова газета падкрэслівае, што падобныя рэформы не былі б магчымыя без саміх простых грамадзян. У адзін дзень яны выйшлі на вуліцы і прымусілі ўрад змяніць эканамічную палітыку: інвеставаць у сацыяльныя інстытуты: школы, бальніцы, забараніць прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў.

Змены, дарэчы, калі верыць напісанаму, адбываюцца і ў іншых галінах. Пасля таго, як прэзідэнт Абама закончыў «вайну з тэрарызмам», каласальныя сродкі, якія раней ішлі на абарону, былі накіраваныя на вырашэнне сацыяльных праблем. Сацыяльнай будзе і новая канстытуцыя Еўрасаюзу, праца над новай рэдакцыяй якой вось-вось закончыцца.

Вось такі прыкладна змест тэкстаў у фальшывай «Die Zeit».

Створаная сябрамі АТТАС новая утопія выклікала гучны рэзананс у медыях. Праўда, дапамог ім сам «Die Zeit», на сайце якога з’явілася заметка «Асцярожна, плагіят». Пра падман адразу паведамілі ўсе вядучыя выданні, уключаючы ТБ. Блізкая да Партыі зялёных газета «Tageszeitung» нават выпусціла падробку асобным дадаткам да свайго нумару.

«Мы не чакалі такога поспеху», — прызнае адзін з аўтараў падробкі. Не чакала яе і рэдакцыя «Die Zeit». Цяпер яе супрацоўнікі думаюць, пачынаць або не судовую справу за недазволенае выкарыстання брэнду. Усё ж гэта было своеасаблівай рэкламай для газеты. Тым больш, што некаторыя артыкулы з псеўда-«Die Zeit» сімпатычны выдаўцам і журналістам штотыднёвіка. Крызіс ударыў і па іх. Газета ўпершыню страціла рэнтабельнасць і вымушана звяртацца да прыватных донараў па дапамогу.

Сутнасць праблемы, аднак, у іншым. Чаму яўна утапічныя ідэі мелі такую папулярнасць у немцаў? Таму, што гэта быў добры гумар, або таму, што сітуацыя сапраўды настолькі дрэнная, і бюргеры гатовыя верыць у радыкальныя сацыяльныя альтэрнатывы? Частковы адказ мы атрымаем на гэтыя выходныя. У Франкфурце-на-Майне АТТАС рыхтуе маніфестацыю, каб паказаць лідэрам дваццаці вядучых краін свету, якія збяруцца ў Лондане, кузькіну маці.

Каментаваць