Фанаты — зброя Крамля

Чэмпіянат Еўропы па футболе ў Францыі азмрочыла серыя боек з удзелам агрэсіўных расійскіх фанатаў. Некаторыя аспекты сутыкненняў далі падставу для з'яўлення версіі пра тое, што хуліганы дзейнічаюць паводле цыркуляраў Крамля.

euro2012.rsport.ru


Нягледзячы на някепскі футбол, які дэманструюць удзельнікі Еўра–2016, галоўнымі ўдзельнікамі рэпартажаў з чэмпіянату пакуль з’яўляюцца футбольныя хуліганы. Практычна ўсе матчы першых тураў суправаджаліся навінамі пра рознага маштабу разборкі паміж заўзятарамі. Лідзіруюць тут пакуль расійскія тыфозі. На іх рахунку масавая бойка з англійскімі калегамі ў Марселі, у выніку якой пацярпелі каля сотні чалавек, і прарыў на сектар англічан на стадыёне.


Існуе версія, што расіяне таксама стаялі за атакай на групу ўкраінскіх фанатаў у Лілі. Прынамсі, на адным з відэазапісаў можна пачуць, як атакуючыя падбадзёрваюць адзін аднаго на мове Пушкіна. Гэтую тэму прасоўваюць украінскія СМІ. Праўда, нямецкая паліцыя кажа, што іх ведамства здолела ідэнтыфікаваць некаторых персон з Ліля, і яны належаць да заўзятараў дрэздэнскага «Дынама». Тое, што фанаты «Дынама» з саксонскай сталіцы абралі ўкраінскіх турыстаў у якасці аб’ектаў нападу, можна растлумачыць іх праварадыкальнымі поглядамі (нямецкія праварадыкалы, як правіла, падтрымліваюць Расію ў расійска-ўкраінскім канфлікце).


Чытайце таксама: Гібрыдныя хуліганы





Паколькі ў Расіі без санкцыі Крамля камар не праляціць, па слядах апісаных інцыдэнтаў з’явілася версія, што фанатаў каардынуе нейкі звязаны з дзяржавай цэнтр.


Польская «Gazeta Wyborcza» піша: «Вельмі дзіўна, што самая вялікая групоўка па стварэнні атмасферы нянавісці спакойна прыехала на цягніках. Куды глядзелі спецслужбы? Ці не дапамог ім нехта? Напрыклад, Англія не дазволіла падарожнічаць найбольш агрэсіўным «хуліганам», канфіскаваўшы 3 тысячы пашпартоў. Германія накіравала французскім сілавікам спіс з 2,5 тысяч прозвішчаў самых небяспечных фанатаў. З Масквы пераслалі толькі 30 прозвішчаў».


Прэса таксама не прайшла міма дзіўнай тырады віцэ-спікера Дзярждумы Расіі, сына лідара ЛДПР Уладзіміра Жырыноўскага Ігара Лебедзева. Той пахваліў расійскіх балельшчыкаў за бойку з англійскімі фанатамі. «Не бачу нічога страшнага ў бойцы фанатаў. Наадварот, малайцы нашы хлопцы. Так трымаць!» — напісаў ён у Twitter. На думку палітыка, калі б міністр спорту РФ Віталь Мутко быў з фанатамі на трыбунах і не быў афіцыйнай асобай, ён таксама пайшоў бы біцца з англічанамі. У рунэце (расійскі сегмент інтэрнэту) існуе папулярны міф пра тое, што госці з Расіі дапамаглі французскім абывацелям пазбавіцца алкаголікаў-англічан, якія тры дні буянілі ў цэнтры гораду. Быццам бы за гэта ім удзячны ўвесь Марсель.


Навошта Крамлю ствараць войска футбольных фанатаў, паспрабаваў адказаць украінскі блогер Алег Панамар. На яго думку, расійскія спецслужбы спланавалі правакацыю напярэдадні брытанскага рэферэндуму пра выхад з ЕС. Сцэна на тэлевізійных экранах пра збіццё падданых Яе Вялікасці на фоне бяздзейнасці паліцыі адной з дзяржаў Еўрасаюза не можа не выклікаць антыеўрапейскія пачуцці.


Каментатар расійскай службы «Deutsche Welle» Ілля Прэабражэнскі не верыць у канспіралогію. На яго думку, фанаты проста сталі ахвярамі патрыятычнай вакханаліі ў расійскіх дзяржаўных медыя, якія падаюць Еўра–2016 не як спартовае мерапрыемства, а як пляцоўку для дэманстрацыі вялікасці Расіі. У тым ліку і на трыбунах.


Прэабражэнскі ў гэтай думцы не адзінокі. Вось што піша французскае выданне "L'Equipe": «Яны (расійскія фанаты) хацелі біць англічан, таму што ў іх свядомасці застаўся стары стэрэатып пра англійскіх «хуліганаў», якія, быццам бы, самыя брутальныя ў свеце. І яны хочуць давесці, што яны круцей за англічан. Нездарма месцам для гэтага быў абраны Марсель, дзе ў 1998-м англійскія фаны арганізавалі масавыя беспарадкі».


Некаторыя пабачылі ў праявах агрэсіўнасці фанатаў нейкі сігнал аматарам арганізаваць у Расіі Майдан. Вядома, што пуцінскія паліттэхнолагі намагаюцца выкарыстоўваць моладзевыя субкультуры ў сваіх мэтах. Яскравы прыклад — байкеры «Начныя ваўкі», якія, па сутнасці, выступаюць прапагандыстамі Крамля.


«Крамлёўскія» спрабуюць фліртаваць і з фанатамі. «Фанацкі рух, кантраляваны і падкантрольны Пуціну і яго агентам, усё больш і больш нагадвае па сваіх метадах і мэтах атрады «Татон-Макутаў» гаіцянскага дыктатара Франсуа Дзювалье-старэйшага, якія падаўлялі палітычныя пратэсты, распраўляліся з непажаданымі і справа, і злева, займаліся вымагальніцтвам і рэкетам», — піша адзін з каментатараў на сайце «Deutsche Welle».


Якімі б не былі сапраўдныя матывы ўчынкаў фанатаў, відавочна, што Расія будзе намагацца замяць скандал. Ужо вядома пра адпаведны зварот да заўзятараў. Прычына не толькі ў тым, што рымейк марсельскай бойкі можа каштаваць рускай зборнай дыскваліфікацыі. Адначасова можа паўстаць пытанне пра здольнасць улады Расіі кантраляваць сітуацыю падчас Чэмпіянату свету 2018 года, які павінна прымаць наша ўсходняя суседка.


www.ua-football.com


Сваёй думкай пра тое, чым можа скончыцца цяперашні скандал, з НЧ падзяліўся маскоўскі журналіст Дзмітрый Ільін:


— Не думаю, што Крэмль наўпрост інспіраваў фанатаў на гвалт, аднак цяпер ён дакладна будзе выкарыстоўваць футбольную тэму напоўніцу. Сённяшняя інфармацыя пра дэпартацыю 50-ці расійскіх фанатаў, сярод якіх быццам бы ёсць кабеты, і заклікі да дыскваліфікацыі зборнай Расіі — манна нябесная для канторы Кісялёва. І, баюся, гэта будзе толькі рэпетыцыя напярэдадні Алімпіяды ў Бразіліі. Вось там будзе сапраўдная патрыятычная прачыстка мозгу за кошт спорту. Задача — падрыхтаваць выбаршчыка да правільнага галасавання на думскіх выбарах у верасні.

Каментаваць