Фэйк над усімі фэйкамі

Адна з загадак Другой сусветнай вайны, пра пачатак якой узгадвалі днямі, — нашто ў верасні 1939-га польская прэса дэзынфармавала чытача, распавядаючы пра фіктыўныя перамогі на ўсіх франтах?


Першыя польскія газеты з паведамленнямі з фронту з’явіліся ўжо апоўдні 1 верасня 1939 года. Яны пісалі пра бандыцкі напад гітлераўцаў і баі па ўсёй лініі фронту.

Але прыкладна з 3–4 верасня журналістаў, што называецца, панесла. Напрыклад, друкаваліся паведамленні пра тое, як польскія самалёты бамбарду­юць Берлін. «Сёння раніцай над Берлінам з’явілася 30 польскіх самалётаў, якія бамбілі ваенныя аб’екты, і наносілі велізарную шкоду ворагу. Усе самалёты вярталіся без стратаў», — пісаў «Kurjer Poranny» 5 верасня.

6 верасня з’явілся інфармацыя пра тое, што ва Усходняй Прусіі немцы панеслі велізарныя страты. У выніку польская кавалерыя перанесла баявыя дзеянні на тэрыторыю Германіі, дзе ёй дапамагае брытанская авіяцыя. Не дзіўна, што хутка з’явілася навіна: польскае войска стаіць каля варотаў Берліну, які вось-вось выкіне белы сцяг. 10 верасня «Dziennik Polski» парадаваў аўдыторыю навіной пра хуткую сустрэчу польскага і французскага войскаў, што маршыруюць насустрач адно аднаму па нямецкай зямлі.

Не менш цікавыя падзеі, паводле польскіх медыя, адбываліся на іншых франтах Другой сусветнай вайны. На Заходнім фронце французы атакавалі пазіцыі немцаў і адразу ў пяці месцах прарвалі Лінію Зігфрыда — сістэму нямецкіх умацаванняў на Захадзе Германіі. Падключыліся да вайсковых дзеянняў і брытанцы. Флот Яго Вялікасці актыўна пускаў на дно нямецкія караблі і субмарыны, а брытанскія самалёты палівалі бомбамі парты немцаў на Балтыцы. Разумеючы хуткі і непазбежны канец Германіі, італьянскі дыктатар Мусаліні перабег у антыфашысцкі лагер. У самой Германіі — у прыватнасці, у Баварыі — ідуць масавыя антываенныя маніфестацыі. Краіну ахапіў татальны дэфіцыт. Сам Гітлер страціў кантроль над сітуацыяй і схаваўся ў нейкім сакрэтным бункеры…

Цікава, што газеты працягвалі сваю лінію нават пасля таго, як катастрофа Польшчы была ўжо відавочная. 18 верасня газета «Czas» аптымістычна рапартавала пра тое, што пад Гдыняй брытанска-французскі флот разграміў суперніка, а ўсё неба над Польшчай вызваленае ад немцаў. Яшчэ далей пайшоў «Express Poranny», які 20 верасня апублікаваў рэпартаж пра візіт маршала Эдварда Рыдз-Сміглага на адзін з участкаў фронту. Сам Рыдз-Сміглы, для даведкі, на той час з іншымі кіраўнікамі збег у Румынію.

Логіка падобнай маніпуляцыі падаецца вельмі дзіўнай. Па-першае, ад пачатку вайны ўглыб краіны на Усход рушыла вялікая маса ўцекачоў, якія распавядалі пра тое, што сапраўды адбываецца на фронце. Ужо той факт, што праз тыдзень вайны немцы вышлі да Варшавы, павінна было выклікаць сумнеў, напрыклад, у паведамленнях выдання «Czas». У выпуску ад 8 верасня «Czas» пісаў, што «імпульс нямецкага наступу ў Польшчы запаволіўся».

Цяперашнія гісторыкі заклікаюць глядзець на сітуацыю трошкі інакш. Кіраўніцтву краіны было вельмі важна падтрымліваць аптымізм сярод палякаў, для якіх напад немцаў быў сапраўдным шокам. Пераможныя рэляцыі хоць нейкім чынам уздымалі дух насельніцтва. Акрамя таго, яны дапамагалі лакалізаваць панічныя настроі, якія б спаралізавалі працу дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў. Нарэшце, трэба было мабілізаваць людзей на барацьбу з акупантам. Адсюль, напэўна, фэйкі ў газеце «Express Poranny» ад 4 верасня. Газета інфармавала пра бамбардзіроўку немцамі касцёла ў Яснай Гуры — святыні польскага народу.

Нарэшце, нельга забывацца, што тагачасная польская прэса была цалкам камерцыялізаванай. Прымусіць чытача набываць газету заўжды дапамагала сенсацыя. Вось і даводзілася супрацоўнікам рэдакцый прыдумляць самыя фантастычныя анонсы на першую старонку. Накшталт таго, што яўрэі Палесціны сфармавалі стотысячнае антыгітлераўскае войска, якое вось-вось рушыць на дапамогу Польшчы праз Балканы.

Ёсць яшчэ адзін цікавы тэзіс. Шэраг гісторыкаў лічаць, што фэйкі пра перамогі былі следствам фатальнай памылкі тагачасных лідараў Польшчы. У польскім кіраўніцтве чамусьці ўпарта панавала думка, што Вермахт больш слабы за польскае войска. Падставы для такіх забабонаў сапраўды былі. Па сутнасці, Гітлер парушыў Версальскія дамовы, якія забаранялі Германіі мець армію, толькі ў 1935-м, калі з’явіўся закон аб увядзенні ў Германіі ўсеагульнай вайсковай павіннасці. Так ці інакш, мантры пра слабасць немцаў прэса тыражавала з сакавіка 1939-га, калі пачалі абвастрацца адносіны з Берлінам. З пачаткам вайны ў лідараў краіны не хапіла мужнасці адмовіцца ад старых штампаў і паглядзець праўдзе ў вочы.

Уся гэта гісторыя яшчэ раз даводзіць вернасць выразу амерыканскага палітыка Хірама Джонсана: «Першай ахвярай вайны заўжды з’яўляецца праўда».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць