FIFA атрымала хабар?

Футбольны свет не разумее, якім чынам Расія і Катар здолелі атрымаць права праводзіць чэмпіянат свету па футболу. Прапануем агляд прэсы на гэту тэму.

Рашэнне пра тое, што Расія і Катар правядуць турніры, адпаведна, у 2018-м і 2022-м годзе, нагадаем, было прынята 2 снежня ў Цюрыху і адразу паставіла на вушы ўсю супольнасць заўзятараў самай папулярнай гульні ў свеце. Ніхто не чакаў такога. Загадзя ўсе лічылі, што турнір 2018 года будзе, хутчэй за ўсё, прымаць у сябе Англія.



Футбольны свет не разумее, якім чынам Расія і Катар здолелі атрымаць права праводзіць чэмпіянат свету па футболу. Прапануем агляд прэсы на гэту тэму.

Рашэнне пра тое, што Расія і Катар правядуць турніры, адпаведна, у 2018-м і 2022-м годзе, нагадаем, было прынята 2 снежня ў Цюрыху і адразу паставіла на вушы ўсю супольнасць заўзятараў самай папулярнай гульні ў свеце. Ніхто не чакаў такога. Загадзя ўсе лічылі, што турнір 2018 года будзе, хутчэй за ўсё, прымаць у сябе Англія.

Нават пераможцы былі ў шоку. Пра гэта сведчаць каментары ў расійскім сегменце сусветнага сеціва: «Ну что тут сказать... да и говорить ничего не нужно... Это просто офигеть!» Падобная карціна назіралася і ў Катары. Як піша нямецкі «Tageszeitung», мясцовае насельніцтва нават не сачыла за падзеямі ў Цюрыху і толькі пазней зразумела, што адбылася гістарычная з'ява.

Што да спецыялістаў, яны дружна лічаць, што расіяне і арабы далі чыноўнікам FIFA хабар. Тым больш, што напярэдадні брытанскія медыя ў рамках журналісцкага даследавання прапанавалі некаторым клеркам хабар за прызначэнне чэмпіянату ў ЗША. Тыя ахвотна давалі згоду. Скандал дорага каштаваў іміджу FIFA. І цяпер яна помсціць.

Натуральна, Англія пратэстуе. Мэр Лондану Барыс Джонсан заявіў, што FIFA ў сваім цяперашнім выглядзе папросту не павінна далей існаваць. Былы трэнер зборнай Англіі Грэм Тэйлар лічыць, што дзейнасць FIFA неабходна расследаваць у судзе.

«Рамантызм англійскай заяўкі сутыкнуўся з камерцыйнай жылкай FIFA, якая марыць пра капіталы былых савецкіх рэспублік і багатых нафтай арабскіх краінаў», — выказвае думку англійскіх аматараў футболу «The Guardian». Іншыя выданні называюць выбар FIFA нават нацыянальнай крыўдай для брытанцаў.

Дасталася і ўраду. Лейбарысты, якія знаходзяцца ў апазіцыі, абрушыліся з крытыкай на прэм'ер-міністра. Ён, па іх словах, «крывадушнік», які спыняе фінансаванне фізкультуры ў школах і ў той жа час падтрымлівае англійскую заяўку ў Цюрыху.

«The Times» прыводзіць словы апраўдання прэм'ера. Ён кажа пра тое, што «ў Англіі была лепшая заяўка з тэхнічнага і камерцыйнага пунктаў гледжання, краіна жыве футболам, але, як высвятляецца, гэтага недастаткова».

Далей больш. «The Daily Telegraph» лічыць, што Расія не мае права прымаць вялікі футбол без адпаведных дэмакратычных рэформаў. «Для таго, каб Расія годна прыняла чэмпіянат, ёй неабходны фундаментальныя змены. У прыватнасці, ёй трэба шырэй расчыніць вокны на Захад. Ёй неабходны культурныя змены, гатоўнасць прыняць свет ва ўсёй яго разнастайнасці». Газета згадвае таксама пра праблему расізму ў расійскім футболе.

Падтрымлівае гэты тэзіс і расійская апазіцыя. Нацыяналістычны сайт АПН піша: «Права на правядзенне чэмпіянату свету ў Расіі — чарговая прапагандысцкая бурбалка, прызначаная выключна для ўнутранага карыстання. Можна не сумнявацца, рашэнне FIFA будзе паднесена як грандыёзны міжнародны поспех, «чарговы до­каз узмацнення ролі і ўплыву Расіі ў свеце». Прычым, трэба заўважыць, што памер гэтых бурбалак, якія рэгулярна надзьмуваюць ужо дзесяць гадоў, у апошнія гады стаў прыкметна больш дробным.

Негатыўна ўспрымае Кубак свету-2018 і ліберальны сайт «Каспаров.ру»: «Замест таго, каб укладваць грошы ў закупку новых тэхналогій, развіццё вытворчасцяў, Расія будзе ўбіваць мільярды долараў на стадыёны ў правінцыйных гарадах. Ну і плюс не менш паловы ад гэтых грошай у выглядзе адкатаў з'явяцца на замежных рахунках расійскіх спартыўных функцыянераў. На грошы, якія пойдуць на Алімпіяду і чэмпіянат свету, можна было б насельніцтва краіны павялічыць, дапамагаючы шматдзетным сем'ям».

Цікава, што расійскую супольнасць не радуе абяцанне чыноўнікаў пра тое, што Мундыяль-2018 будзе на галаву вышэй за польска-ўкраінскае Euro-2012.

Тым часам «The New York Times» нават правяла расследаванне. Газета задаецца пытаннем, што падштурхнула FIFA зрабіць выбар на карысць Расіі і Катара, і адказвае: «Палітычная перавага Уладзіміра Пуціна і бяздонныя нафтавыя рэсурсы Катару былі ключавымі фактарамі падчас гандлю». Нягледзячы на заявы FIFA, выданне выяўляе ў механізме прыняцця рашэння больш палітычныя і фінансавыя стымулы, што, на ягоную думку, можа супярэчыць Статуту FIFA. Адну з галоўных роляў, па меркаванні прэсы, адыграў Чак Блэйзер—амерыканец, які адказвае ў арганізацыі за маркетынг і тэлебачанне. Блейзер і Пуцін сустрэліся ў жніўні гэтага года ў Маскве і, паводле версіі «The New York Times», менавіта тады была заключаная дамова з д'яблам.

«Расія навучыла Вялікабрытанію, як гуляць у палітыку з FIFA», — робіць рэзюме газета.

Сапраўды, гісторыя цёмная. Цяжка не пагадзіцца з «The Independent», якая не разумее, «як з лепшай па адзнацы экспертаў FIFA тэхнічнай і камерцыйнай заяўкай брытанцы маглі набраць усяго толькі два галасы».

У дадатак 6 снежня ў інтэрв'ю газеце «Спорт-экспрэсс» былы прэзідэнт Расійскага футбольнага саюза Вячаслаў Каласкоў прызнаў, што Пуцін сустракаўся са спартовымі чыноўнікамі падчас кампаніі за правядзенне чэмпіянату свету па футболе 2018 года ў Расіі. Аднак дэталі ён распавесці адмовіўся.

На гэты момант цяжка прагназаваць, ці паўплываюць падазрэнні ў карупцыі FIFA на перагляд вынікаў. Але паколькі ні арабскі свет, ні постсавецкая прастора яшчэ не прымалі турніры ўзроўню чэмпіянату свет, іх правядзенне дасць імпульс развіццю мясцовага футболу.

«Канешне, грошай шмат раскрадуць, але хоць стадыёны і дарогі пабудуюць», — аптымістычна адзначыў ананімны расійскі блогер.

Каментаваць