Фініта ля футбол

Зборная Італіі не здолела абыграць каманду Швецыі ў стыкавым матчы за выхад у фінальную частку на Чэмпіянат свету па футболе 2018 года ў Расіі і прапусціць сусветнае першынства. Упершыню за 60 гадоў! Уся Італія — у жалобе.

Распавядаюць, што футбалістаў зборнай Венгрыі, якія прайгралі немцам фінальны матч Кубку свету 1954-га, кіраўніцтва краіны збіралася пасадзіць у турму як ворагаў народу. Навіна была ўспрынятая футбалістамі вельмі пазітыўна. Толькі за кратамі ў гульцоў з’яўляўся хоць маленькі шанец выратавацца ад пераследу раз’юшаных фанатаў.

Апісаны эпізод адразу прыходзіць на памяць, калі чытаеш італьянскія інтэрнэт-форумы, дзе абмяркоўваецца правал «скуадра адзуры» (так часта называюць італьянскую зборную). На адрас гульцоў гучаць ледзь не смяротныя пагрозы. Напрыклад, некаторыя высвятляюць адрасы футбалістаў і трэнера і раяць ім хутчэй збегчы з краіны.

Праўда, часам даходзіць да смешнага. Напрыклад, шмат хто незадаволены тым, што пасля фінальнага свістку сярод італьянскіх футбалістаў заенчыў толькі брамнік Джанлуіджы Буфон. Гэта, быццам, сведчыць пра тое, што іншым футбалістам гонар краіны і настрой гледачоў былі абыякавыя. Хапае ў сеціве і драматычных допісаў, напрыклад: «Лепш бы я памёр перад пачаткам матчу».

Як ні смешна, сваю ролю тут адыграў і гараскоп. Наступны 2018 год — год сабакі. Менавіта ў год гэтай жывёлы «скуадра адзура» выйграла тры кубкі з чатырох — у 1934, 1982 і 2006 гадах! Таксама ў год сабакі Італія двойчы гуляла ў фіналах Кубка свету — у 1970 і 1994. Адным словам, усё, падавалася, сведчыла пра хуткі трыумф італьянцаў на футбольных палях Расіі — калі б не пракол са шведамі.

Акрамя таго, матчу са Швецыяй папярэднічала кампанія ў прэсе. «Перамога або нічога», «Сёння будзе вайна», — вось некаторыя з загалоўкаў італьянскіх газет у дзень гульні. Не дзіўна, што некаторыя ацэньваюць вынікі гульні зборнай як нацыянальную катастрофу. Каментатары дазваляюць сабе нават думкі пра тое, што італьянскі футбол ніколі ўжо не адродзіцца.

Што тычыцца спецыялістаў, то яны лічаць фіяска ў стыках са Швецыяй у чымсьці заканамерным. Каманда складаецца (або, дакладней сказаць, складалася) напалову з ветэранаў, гатовых вось-вось развітацца з кар’ерай, а напалову — з прадстаўнікоў новага пакалення. Амаль ніхто не сумняваецца, што цяперашняму трэнеру хутка будуць шукаць замену. Больш за тое, пра сыход з каманды заявілі трое футбалістаў.

Прэса заклікае фанатаў не ўспрымаць правал так балюча. У любым разе, гэта ўжо другі выпадак у гісторыі, калі Італія не прайшла ў Чэмпіянат свету. У 1958-м Італія прапусціла турнір пасля пройгрышу Паўночнай Ірландыі, і тады асаблівай істэрыкі ў краіне не назіралася. З іншага боку, на той час вялікіх амбіцый у італьянцаў не было. Футбольная інфраструктура на Апенінах толькі-толькі адбудавалася пасля вайны. У дадатак, у 1948 годзе ў Альпах разбіўся самалёт з футбалістамі клубу «Тарына» — базавай каманды для тагачаснай зборнай.

Ёсць, натуральна, і комплексны аналіз сітуацыі, калі слабая гульня зборнай разглядаецца як люстэрка больш глабальных трэндаў. «Краіна ў заняпадзе ва ўсіх адносінах — мастацтва, кіно, музыка, палітыка, мода, аўтамабілі. Цяпер знікла адна з тых нешматлікіх рэчаў, якія мы добра ведалі, — мастацтва гуляць у мяч. Ад старой добрай Італіі засталася хіба што кухня, аднак гэта, думаецца, не надоўга», — піша адзін з журналістаў выдання «Gazetto dello Sport».

Фрустрацыяй італьянцаў на глебе футболу ўжо паспрабавалі скарыстацца мясцовыя правыя, якія пераклалі адказнасць на адміністрацыі клубаў, бо тыя даўно займелі практыку запрашаць таленавітых іншаземцаў. У выніку мясцовая моладзь, маўляў, аказалася слаба запатрабаванай, што выявілася ў кволай гульні «скуадра адзуры». Натуральна, правыя ўзгадалі, што менавіта пры дыктатуры Беніта Мусаліні, які асабіста патранаваў футбол, італьянцы двойчы былі ўладальнікамі залатога кубку чэмпіёнаў свету.

Гучыць ідэя нацыяналізацыі ўсёй футбольнай гаспадаркі на некалькі гадоў, каб надаць маладым футбалістам стабільны заробак і сацыяльны пакет. За кошт такой радыкальнай меры аўтары ініцыятывы мараць пачаць новую эру ў італьянскім футболе. Думаецца, што пераход італьянскага футболу на адміністрацыйна-камандныя рэйкі — гэта нешта з галіны фантастыкі. А вось скарачэнне квоты для іншаземцаў у італьянскіх клубах — дастаткова рэальная перспектыва.

Так ці інакш, агульны тонус італьянцаў пасля фатальнага матчу са шведамі сапраўды цяпер вельмі адмоўны. Гэта дакладна паўплывае на іх палітычную матывацыю, узмоцніць апатыю і пачуццё безнадзейнасці.

Напрыканцы застаецца ўзгадаць яшчэ адзін кур’ёз. Канфуз італьянцаў выпадкова ўзняў рэйтынг беларускай зборнай. Паводле словаў вядомага расійскага каментатара Васіля Уткіна, зборная Італіі гуляе цяпер гэтак жа кепска, як зборная Беларусі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць