Фемінісцкая вясна, якая прыйшла ўвосень

Набраўшы на парламенцкіх выбарах у Швецыі 4 працэнты галасоў выбаршчыкаў, партыя «Фемінісцкая ініцыятыва» вывела рух феміністак у Еўропе на новы якасны ўзровень. Што чакае FI далей?



У далёкім 1980 годзе ды-джэй рускай службы ВВС Сева Наўгародцаў жартоўна пераклаў назву песні «ABBA» «Super trouper» як «Выдатнік парашутна-дэсантных войскаў», напэўна з-за тэмы ўдзелу СССР у афганскай вайне. Песню пасля гэтага ў СССР адразу забаранілі, хаця меламаны не разумелі падстаў для рэпрэсій — па-першае, «Super trouper» ніякі не «дэсантнік», а прыбор для асвятлення, а па-другое, у палітыку музыкі «АВВА» ніколі не лезлі.

Аднак гэта было амаль 35 гадоў таму. Цяпер «АВВА» дакладна ўтрымлівае палітычны падтэкст. Адзін з удзельнікаў гурта Бені Андэрсан ахвяраваў партыі «Фемінісцкая ініцыятыва» (FI) мільён шведскіх крон (каля 200 тысяч долараў). Тое ахвяраванне, напэўна, зрабіла ўскосны ўнёсак у сенсацыйны прарыў FI, якая 14 верасня атрымала 4% на выбарах у Рыксдаг (парламент Швецыі). Такім чынам, «Фемінісцкая ініцыятыва» стала першай фемінісцкай партыяй, якая здолела прайсці ў нацыянальны парламент у краінах Еўрасаюза. З улікам таго, што раней увесну партыя атрымала 5,3% на выбарах у Еўрапарламент, некаторыя палітолагі кажуць пра выразны трэнд «фемінізацыі» шведскай і, магчыма, еўрапейскай палітыкі.

«Фемінісцкая вясна, якая прыйшла ўвосень», — пракаментавала адна з газет палітычны працэс у Швецыі.

Грошы ад саліста «АВВА», безумоўна, не з’яўляюцца галоўным фактарам перамогі. Поспех «Фемінісцкай ініцыятывы» звязаны з сацыяльнымі і культурнымі зменамі ў шведскім грамадстве, якія робяць палітычны фемінісцкі рух запатрабаваным не толькі з боку свядомых жанчын, але і вялікай часткі грамадства, уключаючы моцны пол.

Праўда, чыста фемінісцкай рыторыкі ў рэкламных матэрыялах «Фемінісцкай ініцыятывы» хапае. Як ні дзіўна, праявы гендэрнай няроўнасці прысутнічаюць і ў, па нашых мерках, вельмі прагрэсіўнай Швецыі. Напрыклад, заробак жанчын у сярэднім на 14–16% ніжэйшы, чым у мужчын. Нездарма адной з самых гучных акцый FI ў свой час стала публічнае спаленне сабраных жанчынамі 100 тысяч крон на знак пратэсту супраць дыскрымінацыі ў заробках.

Аднак наўрад ці выключна жаночая тэма вывела створаную ў 2006 годзе партыю з лігі палітычных маргіналаў (на першых выбарах «Фемінісцкая ініцыятыва» стабільна атрымлівала 0,6–1%) у палітычны бамонд. Інтарэсу да FI перш за ўсё спрыяла характэрная не толькі для Швецыі тэма крызісу даверу да традыцыйных партый. Усё часцей людзі робяць выбар на карысць новых партыйных брэндаў, з якімі яны звязваюць надзеі на кардынальныя змены сістэмы.

Нельга не ўлічыць і ролю асобы. «Фемінісцкую ініцыятыву» вяла на выбары вельмі харызматычная Гудрун Шуман. Самае цікавае, што свой шлях у палітыцы яна пачынала як актывістка партыі «Марксісцка-ленінская ліга барацьбы», якая агітавала будаваць у Швецыі сацыялізм па лякалах Маа Цзэдуна. Пасля Гудрун падалася да былых камуністаў у Левую партыю, і нават пэўны час была іх лідарам, адкуль яе «папрасілі» за перакос у бок фемінізму. Думаецца, што якраз Гудрун дамаглася таго, каб у праграме феміністак быў самы радыкальны сярод іншых шведскіх партый сацыяльны блок — напрыклад, патрабаванне ўвесці шасцігадзінны працоўны дзень.

Напэўна, сама тэма фемінізму разглядаецца ў Швецыі, дзе ў жанчын паводле заканадаўства моцныя правы, трошкі інакш, чым у іншых краінах. Фемінізм з яго канцэптам роўнасці супрацьпастаўляюць мужчынскай палітычнай культуры, якая дамінуе ў калідорах улады. Рух за большую прысутнасць жанчын ва ўладзе бачыцца шмат каму як рэальны інструмент руху грамадства ў бок большай дэмакратыі і талерантнасці. Дарэчы, у кіраўніцтве Ініцыятывы таксама прысутнічаюць мужчыны.

FI таксама здолела стаць сімвалам мабілізацыі грамадства супраць росту ксенафобіі і расізму. Менавіта феміністкі выступілі галоўнымі апанентамі правапапулісцкай партыі «Шведскія дэмакраты». Сімвалічна, што фронтмэнам FI на выбарах у Еўрапарламент была шведка цыганскага паходжання Сарайа Пост. Антырасісцкая кампанія хутка прыцягнула ўвагу за мяжой, — напярэдадні выбараў феміністак падтрымаў вядомы амерыканскі рэп-музыка Фарэл Вільямс. Зразумела, што паслядоўная антырасісцкая пазіцыя надала FI сімпатыю тых шведаў, якія маюць эмігранцкія карані. А гэтая катэгорыя грамадзянаў Швецыі зараз складае каля 15% насельніцтва.

Крытыкі FI лічаць, што фемінісцкі агітпроп, наадварот, спрыяў росту папулярнасці ўльтраправых. Вялікі адмоўны рэзанас у кансерватыўнай часткі грамадства выклікала ініцыятыва «мужчынскага падатку»: спецыяльнага падатку, які павінны плаціць усе шведскія мужчыны ў фонд дапамогі жанчынам-ахвярам згвалтаванняў.

Таксама «Фемінісцкая ініцыятыва» не супраць палігамных сем’яў. Падчас выбарчых дэбатаў агучвалася ідэя надаваць удзельнікам полавага акту прававы статус сужонкак. Такі крок, на думку феміністак, мог знізіць статыстыку згвалтаванняў, бо аўтаматычна робіць ахвяру гвалту суб’ектам сямейнага права і надае правы згвалтаванай на частку маёмасці гвалтаўніка.

Каб выказаць пратэст супраць гэтых і іншых «вычварэнскіх» праектаў FI, шматлікія кансерватары галасавалі за «Шведскіх дэмакратаў», якія найбольш «бадаліся» з феміністкамі падчас выбарчых ток-шоў.

Крытыкуюць «Фемінісцкую ініцыятыву» і за сектанцтва. Партыя адмовілася ўваходзіць у агульны блок левых партый (сацыял-дэмакраты, «зялёныя» і левыя). У выніку 4% галасоў, якія дасталіся феміністкам, не дазволілі левым атрымаць большасць у парламенце. Цяпер для фармавання кабінета ім давядзецца дзяліцца партфелямі з адной з правацэнтрысцкіх партый, вынікам чаго можа быць карэкцыя ўрадавай праграмы, а менавіта памеры інвестыцыі ў «сацыялку», што было каньком левай прапаганды на выбарах.

Што чакае FI далей? На гэты конт няма адзінага пункту гледжання. Ёсць думка, што феміністкі стануць копіяй партыі шведскіх «піратаў», чые лозунгі вельмі пераклікаюцца з «Фемінісцкай ініцыятывай». «Партыя піратаў» таксама гучна заявіла пра сябе 6–7 гадоў таму, калі ўвайшла ў Еўрапарламент. Аднак развіць поспех яны не здолелі і паступова інтэграваліся ў рух «Зялёных». Той жа сцежкай, на першы погляд, ідуць і феміністкі, якія, па сутнасці, не маюць з «Зялёнымі» вялікіх праграмных разыходжанняў. Іншымі словамі, поспех «Фемінісцкай ініцыятывы» — гэта толькі забаўны эпізод, выкліканы часовай кан’юктурай.

Адваротны тэзіс заключаецца ў тым, што FI мае патэнцыял стаць партыяй мейнстрыму перш за ўсё за кошт крызісу даверу да старых партый як складовых палітычнай сістэмы, што цяпер яўна патрабуе радыкальных рэформаў. Замацаванню феміністак у сур’ёзнай палітыцы павінен дапамагчы і ўздым фемінісцкага руху ў свеце, выкліканы навінамі са Швецыі. Сапраўды, рэакцыяй на поспех FI ў шматлікіх краінах ЕС сталі заклікі да стварэння аналагічных партый.

Каментаваць