Фюрэр ідзе на карнавал

Па ўсяму свету пачынаецца сезон карнавалаў — перыяд павальнага вяселля. Між тым, у часы нацысцкай дыктатуры ў Германіі карнавалы былі таксама важным сродкамі дзяржаўнай прапаганды.

На мінулым тыдні ў Германіі адбылася прэзентацыі кнігі, прысвечанай гісторыі карнавалаў у нацысцкай Германіі. Яе напісалі гісторыкі Карл Дзітмар і Маркус Ляйфельд. Абодва, дарэчы, з Кёльну, які даўно носіць тытул сталіцы нямецкіх карнавалаў.



Па ўсяму свету пачынаецца сезон карнавалаў — перыяд павальнага вяселля. Між тым, у часы нацысцкай дыктатуры ў Германіі карнавалы былі таксама важным сродкамі дзяржаўнай прапаганды.

На мінулым тыдні ў Германіі адбылася прэзентацыі кнігі, прысвечанай гісторыі карнавалаў у нацысцкай Германіі. Яе напісалі гісторыкі Карл Дзітмар і Маркус Ляйфельд. Абодва, дарэчы, з Кёльну, які даўно носіць тытул сталіцы нямецкіх карнавалаў.

Увогуле, практыка святкавання карнавалаў з’явілася яшчэ ў паганскія часы і была ўпісана ў цыкл палявых прац. Нягледзячы на намаганні царкоўных аўтарытэтаў, карнавальная традыцыя засталася ў Германіі і пасля прыходу хрысціянства. У пачатку ХІХ стагоддзя правядзенне карнавалаў было рэгламентавана. Асноўныя блокі праграмы карнавалу ўключалі ў сябе рытуалы адкрыцця, абрання караля свята, вулічныя танцы, дэфіле гіганцкіх пудзілаў і, нарэшце, сцэнічныя выступы артыстаў. Карнавалы карысталіся вялікай папулярнасцю. Паступова яны ператварыліся ў сапраўдны бізнес. Кожная больш-менш паважная фірма выстаўляла сваю сцэну або фінансавала вырабленне пудзілаў. Былі створаныя адпаведныя карпарацыі арганізатараў і акцёраў.

У тым жа ХІХ стагоддзі арганізатары карнавалаў сталі браць пад увагу палітычны фактар. Палітыка часта ўносіла свае карэктывы ў графік правядзення святочных мерапрыемстваў. У 1861 годзе менавіта напярэдадні карнавалу памер кароль Фрыдрых Вільгельм ІV. Гэта стала падставай для адмены карнавалаў у гарадах Паўночнай Германіі. Карнавалы былі забароненыя і ўвосень 1870 года: у гэты час ішла вайна з Францыяй. Вялікая дэпрэсія і палітычная нестабільнасць у Веймарскай рэспубліцы прымусілі на пачатку 1930-х гадоў многія нямецкія гарады адмовіцца ад традыцыйнага святкавання.

Яшчэ больш свята было палітызаванае пасля таго, як канцлерам краіны стаў Адольф Гітлер. Па-першае, фестывалі павінны былі сімвалічна нагадваць пра вяртання да добрых часоў, якія ідуць на змену цяжкаму перыяду эканамічнага крызісу і рэспубліканскай анархіі. Па-другое, фестывалі сталі тым, што паказвалі турыстам.

Акрамя таго, афіцыйныя прапагандысты бачылі ў карнавальных святах праяву арыйскай традыцыі і народнага адзінства. У канцэпцыях культурнай палітыкі Трэцяга рэйху карнавалам адводзілася важнае месца «аддзелу афіцыйнага гумару». Была нават прыдумана версія змовы: нібыта габрэйскія літаратары і іх найміты, якія раней складалі сцэнары правядзення карнавалаў у часы Веймарскай рэспублікі, ставілі перад сабой мэту — давесці публіку да такога стану, каб мерапрыемства абавязкова перайшло ў фінале ў калектыўную оргію. Пры гэтым, як пісаў тады Томас Ліссэм, адзін з нацысцкіх знаўцаў карнавалаў: «Усё народнае, усё, што звязана з традыцыямі, свядома адкідвалася».

У 1937 годзе ўсе артысты, якія займаліся карнаваламі, былі вымушаныя стаць сябрамі «Саюзу нямецкіх карнавальшчыкаў». Раней, пачынаючы з 1934 года, штогод напярэдадні карнавальных шэсцяў арганізатары пачалі атрымліваць спецыяльныя кніжкі рэкамендаваных да спеваў песняў. Добрую частку з іх складалі тэксты пра габрэяў, якія ў той час з-за палітыкі дыскрымінацыі былі вымушаны масава эмігрыраваць з краіны. Нацысты лічылі, што гэты сыход габрэяў — добрая тэма для гумарыстаў. «Ура, ура! Габрэі бягуць!» — гучаў рэфрэн адной з песняў, прапанаваных для абавязковага выканання на свяце. У той жа час на карнавальных парадах з’явіліся вялікія пудзілы, якія знешне нагадвалі артадаксальных габрэяў. Звычайна на іх пісалі: «Апошні сыходзіць».

За два гады да стварэння «Саюза нямецкіх карнавальшчыкаў» склад аб’яднанняў карнавальшчыкаў зачысцілі ад асоб габрэйскага паходжання. Гэта называлася «арыйскі параграф».

Дасталася і артыстам, якія ігралі на сцэнах персанажаў процілеглага полу. Адказныя за карнавалы пабачылі ў гэтым прапаганду гомасексуалізму. У 1937 годзе нумары з элементамі транссексуалізму былі абвешчаны па-за законам.

Ачысціўшы карпарацыі карнавальшчыкаў ад габрэяў і «вычварэнцаў», нацысты ўзяліся за фармат мерапрыемстваў. Камусьці ў галаву прыйшла ідэя правесці адзіны дзяржаўны карнавал. У «конкурсе» перамог карнавал Кёльну. Задачу даверылі функцыянерам дзяржаўнай праграмы для моладзі «Радасць праз сілу». Менавіта сяброў «Радасці праз сілу» штогод звазілі з усёй імперыі ў Кёльн на свята. Застаецца дадаць, што ахвярай такой практыкі стаў мясцовы каларыт фестывалю і рэпертуар акцёраў. Паколькі мерапрыемства было ўпісанае ў каляндар афіцыйных дат, жартаваць было дазволена на тэмы, узгодненыя ў апараце Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі.

Цікава, што спачатку адказныя за рэпертуар карнавалаў дазвалялі камедыянтам высмейваць некаторыя недарэчнасці сістэмы — напрыклад, дэфіцыт прадуктаў. Аднак хутка такія жарты таксама забаранілі.

Аўтары кнігі вымушаныя былі прызнаць, што ў сваёй абсалютнай большасці акцёры і арганізатары карнавалаў пагаджаліся на патрабаванні нацыстаў: кпілі з габрэяў і палітычнай апазіцыі, выкрэслівалі са сваіх выступаў і тэкстаў інтэрмедый хоць нейкую крытыку існуючай сістэмы. Больш таго, часам некаторыя аргкамітэты карнавалаў самі выступалі ініцыятарамі нацыфікацыі святаў. Напрыклад, прапаноўвалі шэсці супраць імпартных прадуктаў, за тое, каб немцы набывалі «нямецкае». Аўтары кнігі спрабуюць растлумачыць гэта мясцовым патрыятызмам. Для гарадскога бюджэту карнавалы былі вельмі важнай крыніцай. Як следства — апартунізм. Лепш хоць нейкі карнавал, чым ніякі.

Аднак нельга казаць пра тое, што гумарысты проста так здаліся. У кніжцы згадваюцца як мінімум два выпадкі, калі карнавальшчыкі спрабавалі пратэставаць. Так, кёльнскі комік Карл Купер зрабіў пародыю на нацысцкае прывітанне «Зіг хайль!». Ён падчас выступу падняў руку, быццам аддае нацысцкае прывітанне. Потым перавярнуў далонь і спытаў у аўдыторыі: «Вам не здаецца, што ідзе дождж?» Выхадка каштавала яму абвінавачвання паводле артыкулу «Здзек з фашысцкага прывітання» (быў такі пункт у Крымінальным кодэксе тагачаснай Германіі). Суд прысудзіў яго да пажыццёвай забароны на публічныя выступы.

Леа Штац, прэзідэнт Саюза карнавальшчыкаў Дзюсельдорфа, увогуле расплаціўся за пратэсты жыццём. У 1943 годзе ён заявіў, што не верыць у канчатковую перамогу нацызму. За гэта Леа прыгаварылі да смяротнага пакарання. Думаецца, што ўчынак Штаца быў цалкам матываваны. З 1939 года ўсе карнавалы ў Германіі забаранілі з-за вайны, і Леа меў усе падставы ненавідзіць вайну і Гітлера.

Каментаваць