Французы супраць геяў

Францыю страсаюць масавыя пратэсты супраць законапраекта пра аднаполыя шлюбы. Пра вытокі гамафобіі французаў і перспектывы развіцця сітуацыі журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з Наталі Пізан, сябрам французскай праваабарончай арганізацыі «SOS racisme».
 



— Наколькі тэма правоў сэксуальных меншасцяў стала часткай французскага палітычнага і грамадскага дыскурсу?

— Рух за правы сэксуальных меншасцяў узнік у нас, як і паўсюль у Еўропе, на пачатку 1970-х, хаця ў тым жа фрывольным Парыжы, асабліва сярод багемы, заўсёды хапала геяў і лесбіянак. Абсалютна легальна яшчэ ў 1950-я гады выходзіў іх часопіс «Аркадзія». Усур’ёз пра праблему роўнасці правоў пачалі размаўляць у 1991 годзе, калі па ініцыятыве сацыялістычнага ўраду Жаспэна быў прыняты закон пра Грамадзянскі пакт салідарнасці. Пакт — гэта фактычна новы інстытут сумеснага жыцця, накшталт грамадзянскага шлюбу. Ён тычыцца сумесных абавязкаў партнёраў у выпадку сумеснай арэнды кватэры, сацыяльных ільготаў, спадчыны. Пакт можна заключыць у натарыяльнай канторы, прычым яго могуць заключаць таксама аднаполыя партнёры. Цяпер у Францыі такіх аднаполых «пактаў» каля 10 тысяч. Гэта, паводле статыстыкі, працэнтаў пяць ад агульнай колькасці пактаў. Таксама, напэўна, будзе цікава ведаць, што ў Францыі каля 3 мільёнаў чалавек адносяць сябе да сябраў лігі сэксуальных меншасцяў.

— Чаму ўзнікла патрэба пашырыць правы сэксуальных меншасцяў?

— Францыя ганарыцца тым, што з’яўляецца радзімай Дэкларацыі правоў чалавека, якая, на думку левых, павінна мець універсальны, а не выбарачны характар. Калі гей з’яўляецца грамадзянінам, то ён павінен карыстацца ўсім пакетам свабодаў, які гарантуе яму канстытуцыя. Таму Пакт ад 1991 года заўсёды разглядаўся левымі не як канчатковы этап, а толькі як плацдарм або тактычны манеўр, што яны, дарэчы, заўсёды падкрэслівалі. Напрыклад, адзін мэр ад партыі «Зялёных» на знак салідарнасці з правамі геяў рэгістраваў у сваёй мэрыі аднаполыя шлюбы, якія, праўда, не мелі юрыдычнай сілы. У 2007 годзе патрабаванне «шлюбы для ўсіх» было ўключана ў праграму вядучай левай сацыялістычнай партыі. Адразу пасля перамогі Франсуа Аланда на выбарах прэзідэнта гэта пытанне пачалі абмяркоўваць у ніжняй палаце парламенту, аднак у левых не хапіла мандатаў, каб давесці справу да канца. Пасля пазачарговых чэрвеньскіх выбараў у парламент сацыялісты атрымалі большасць у дэпутацкім корпусе, што выклікала чуткі пра хуткую рэформу. 7 лістапада на пасяджэнні кабінету міністраў сапраўды быў прадстаўлены законапраект пра легалізацыю аднаполых шлюбаў. Цяпер на студзень наступнага года прызначаныя парламенцкія дэбаты на гэты конт. Гэта навіна вывела на вуліцу сотні тысяч праціўнікаў лібералізацыі. Самая значная дэманстрацыя — каля 70 тысяч чалавек — прайшла ў Парыжы. Паралельна пратэставала правінцыя. На 13 студзеня прызначана новыя дэманстрацыі.

— Хто арганізоўвае пратэсты?

— Відавочнага лідара ў лагеры гамафобаў няма, хаця прэса часта цытуе кардынала, ліёнскага біскупа Філіпа Барбарэна, які адным з першых пачаў мабілізоўваць каталіцкую грамаду супраць новага закону. Увогуле, афіцыйна пратэсты падтрымалі ўсе тры самыя буйныя французскія канфесіі — каталікі, іудзеі і мусульмане. Далучыліся сюды і правыя партыі, у тым ліку «Нацыянальны фронт». Партыя Марыны Ле Пэн патрабуе правядзення рэферэндуму па праблеме аднаполых шлюбаў. Аднак больш заўважныя не партыі і царква, а грамадзянскія асацыяцыі, накшталт «Civitas» або «La Manif pour tous».

— Як вядома, зараз узнік сур’ёзны канфлікт у шэрагах вядучай правай партыі «Саюз за народны рух» (UMP). Былы прэм’ер Франсуа Філон і цяперашні генеральны сакратар Жан-Франсуа Капе не могуць разабрацца, хто павінен быць партыйным правадыром. Тэма правоў гомасэксуалістаў неяк прысутнічае ў дэбатах паміж кандыдатамі?

— Не. Хаця падыходы ў іх розныя. Капе адкрытым тэкстам заклікаў аднапартыйцаў выходзіць на вуліцы, а Філон, асудзіўшы законапраект, заклікаў да пошуку нацыянальнага кансенсусу па гэтым пытанні. Цікава, што крызіс у UMP у медыйным плане падарваў дынаміку росту руху супраць аднаполых шлюбаў. Калі меркаваць па СМІ, грамадства ўжо забылася пра праблемы геяў і цалкам пераключылася назіраць за баталіяй паміж двума апаратчыкамі.

— У газетах пішуць, што не ўсе сябры левых партый пагаджаюцца з ідэяй легалізацыі аднаполых шлюбаў...

— У акцыях супраць аднаполых шлюбаў удзельнічалі некаторыя вядомыя фігуры з левага флангу. Імі нават створаная ініцыятыва «Левыя за рэспубліканскі шлюб». Існуе ініцыятыва «Гомасэксуалісты супраць усынаўлення дзяцей». Пакуль няма канчатковай пазіцыі ў галоўнага прафсаюза CGT, функцыянеры якога не разумеюць, як можна сацыяльна абараняць аднаполыя сем’і. А вось блізкі да сацыялістаў прафсаюз CFDT цалкам падтрымаў законапраект.

— У прэсе дзякуючы маніфестацыі 17 лістапада часта ўзгадваюцца каталікі-фундаменталісты.

— Маецца на ўвазе інстытут «Civitas», які лічыцца структурай, блізкай да Братэрства Святога Пія. Гэта фракцыя ў Касцёле, якая мае вельмі складаныя адносіны з Ватыканам з-за праблемы экуменізму і нейкіх абрадаў. «Civitas» вельмі актыўны, аднак, на маю думку, яго падыход занадта «бальшавіцкі». Лідары «Civitas» кажуць нават пра тое, што гомасэксуалізм — гэта антрапалагічнае адхіленне, якое трэба лячыць. Французская публіка не такая ваяўнічая. Паводле апытанняў, каля 60 працэнтаў французаў не супраць легалізацыі аднаполых шлюбаў. Тым больш, што яны ўжо легалізаваныя ў суседніх Бельгіі або Іспаніі без катастрафічных наступстваў. Адпаведна апытанням, людзі баяцца толькі практыкі выхавання аднаполымі парамі дзяцей. За гэта выступаюць каля 30 працэнтаў.

— Якая рэакцыя ўлады і прыхільнікаў рэформы на пратэсты? Якая можа быць развязка ў гэтым канфлікце?

— Радыкальныя абаронцы правоў геяў і лесбіянак увогуле спрабавалі гамафобскія маніфестацыі сарваць, у тым ліку дэманстратыўна цалуючыся перад натоўпам. Часта гэта прыводзіла да банальнай бойкі. У Парыжы падчас такой бойкі нават засвяцілася ўкраінская арганізацыя «ФЕМЕН». Што тычыцца ўлады, то яна аслабіла напор. Аланд заявіў, што гатовы паважаць свабоду свядомасці і надасць права мэрыям самім вырашаць, рэгістраваць або не аднаполыя шлюбы. Пасля гэтага левыя апаненты Аланда заявілі, што ён падрывае рэспубліканскі прынцып універсалізму законаў, даючы права выконваць іх па сваім жаданні. Прэзідэнта абвінавацілі нават у палітычнай кан’юктуры — быццам ён спецыяльна ўзняў тэму геяў, каб адвесці ўвагу ад праблем у эканоміцы. Аднак, калі меркаваць па тону левай прэсы, значная частка левай публікі гатовая на кампраміс — адкласці законапраект на карысць шырокіх дэбатаў па гэтай тэме. Хаця не факт, што законапраект увогуле не знікне ў нетрах бюракратычнай машыны. Як вядома з гісторыі, сацыялісты часта нешта абяцаюць, а пасля пра гэта забываюць. Хрэстаматыйным ёсць выпадак з абяцаннем надаць неграмадзянам Францыі права ўдзельнічаць у мясцовых выбарах. Такое патрабаванне прысутнічае ў праграмах сацыялістаў яшчэ з часоў Мітэрана, аднак ніякіх змен як не было, так і няма.
 

Каментаваць