Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Францыя: Абвал сістэмы

Менавіта абвалам сістэмы называе французскі журналіст Аляксандр Чукаеў тое, што адбываецца ў прэзідэнцкай кампаніі Францыі. Перш за ўсё, сістэмы партыйнай канкурэнцыі. Не выключана, што таксама пачнуцца дэбаты за VI Рэспубліку.


— Гэтая выбарчая кампанія ўнікальная, у тым ліку, бясконцай зменай фаварытаў. Спачатку ўсе прарочылі поспех Нікаля Сарказі. Потым кандыдатам нумар адзін стаў Алан Жупэ. Аднак на праймерыз рэспубліканцаў перамог Франсуа Фіён, якому сталі прадказваць перамогу. І вось кандыдат ад рэспубліканцаў уцягнуты ў скандал: стала вядома, што былы прэм’ер аформіў жонку Пенелопу памочнікам, а дзяцей — у якасці кансультантаў. Чым скончыцца «Пенелопагейт»?

— Цяжка сказаць, бо Фіён сцвярджае, што меў месца «гібрыдны пераварот», спрабуе даказаць, што ўсё было ў межах закону. Сапраўды, ніхто не забараняе працаўладкоўваць сваякоў кансультантамі, але яны павінны працаваць. Аднак Пенелопа, мяркуючы па дакументах, на працы нават не з’яўлялася. Усіх таксама шакуе сума, якую яна і яе дзеці атрымалі ў выглядзе акладаў «за кансультацыі», — каля 900 тысяч еўра. Але праблема ў іншым. Нечакана тэма маральнасці палітыкаў стала топавай, а практычна ўсе правыя палітыкі ў свой час прасоўвалі сваякоў, адмывалі грошы. Таму замену Фіёну знайсці цяжка, а сам ён моцна зваліўся ў рэйтынгах.

— Яшчэ адной сенсацыяй кампаніі сталі вынікі праймерыз сацыялістаў, на якіх перамог абсалютна не вядомы ў нашых шыротах Бенуа Амон. Хто ён і чаму перамог?

— Бенуа Амон — выхадзец з моладзевага крыла Сацпартыі часоў Ліянеля Жаспена. Тады ў партыі ўзнікла група «Новыя левыя», якая спрабавала ўзурпаваць спадчыну Франсуа Мітэрана. Поспех Амона на праймерыз тлумачыцца ўдзелам у іх прэм’ера Мануэля Вальса. Вальс вельмі не папулярны сярод актыву Сацпартыі, паколькі лічыцца стаўленікам яшчэ больш нялюбага Франсуа Аланда. Тым больш, што напярэдадні праймерыз урад узняў тарыфы на электрычнасць, якія сапраўды трохі кусаюцца. У Францыі памяшканні абаграваюцца электрапрыборамі, і рахунак за электраэнергію лёгка можа складаць больш за 100 еўра. Не дзіўна, што Вальса «пракацілі», прагаласаваўшы за яго галоўнага крытыка злева — Бенуа Амона. Аднак шанцаў у Амона стаць прэзідэнтам няма. Дастаткова сказаць, што яго імя найбольш вядомае выбаршчыку скандальным абяцаннем — легалізаваць марыхуану.

— Вышэй згаданы «Пенелопагейт» падарваў пазіцыі Фіёна, што дазволіла Марын Ле Пэн захапіць лідарства ў гонцы...

— Сапраўды, Марын Ле Пэн рэзка пайшла ўгару, але не толькі дзякуючы скандалу з Фіёнам. У прынцыпе, у грамадстве пазітыўна ацэньваецца яе перадвыбарчая праграма, якая была апублікаваная на мінулым тыдні. Марын абяцае павышэнне працоўным заробку, і нават хоча ўвесці штрафы за звальненне. Бізнесменам у якасці кампенсацыі абяцаюць перавагу перад замежнымі прадпрыемствамі. Фронт хоча матэрыяльна падтрымліваць сілавікоў і вайскоўцаў.

Ле Пэн відавочна аслабіла нацыяналістычны ўгар у сваіх публічных выступах. Усё часцей яна агучвае старую ідэю сацыялістаў 1970-х гадоў, якія казалі: мы не супраць міграцыі, аднак давайце запрашаць спецыялістаў (штогод Францыя мае патрэбу ў 200–300 тысячах кваліфікаваных работнікаў). У Ле Пэн зараз больш асцярожная знешнепалітычная праграма. Цяпер яна часцей кажа, што Францыя можа адстойваць нацыянальныя інтарэсы ўнутры Еўрасаюза. Але на самай справе мне асабіста не верыцца ў гармонію ўнутры ЕС у выпадку перамогі Ле Пен. Агульнавядома, што яна асабіста ненавідзіць Меркель.

— Нягледзячы на лідарства Ле Пэн, у другім туры, яна, паводле апытанняў, саступае незалежнаму кандыдату Эмануэлю Макрону, лідару леваліберальнага праекту «En marche».

— Пакуль перамога Макрона не выглядае відавочнай. Перш за ўсё, ён лічыцца галоўным аўтарам скандальнага закона аб зменах у працоўны кодэкс, які выклікаў незадаволенасць прафсаюзаў. Апаненты на левым флангу ахвотна ўзгадваюць яго працу ў апараце Франсуа Аланда. Што тычыцца правых, дык яны характарызуюць Макрона як «кар’ерыста», паколькі ніякай каманды і выразнай праграмы ў палітыка практычна няма. Гэта ж тычыцца і знешнепалітычных поглядаў. Макрон абяцае, што будзе саюзнікам Трампа, хоць ён выхадзец з Сацпартыі, а сацыялісты ўспрымаюцца амерыканскімі рэспубліканцамі як нешта інфернальнае. Калі ў фінал выйдзе Ле Пэн і Макрон, той жа Фіён, як кансерватар, хутчэй за ўсё, асцярожна выкажа сімпатыю Марын. Трэба прызнаць — зараз у яе ўнікальны шанец.

— Хоць у кампаніі яшчэ далёка да кульмінацыі, ці можна ўжо зараз зрабіць нейкія глабальныя высновы?

— Гэта абвал сістэмы. Перш за ўсё, сістэмы партыйнай канкурэнцыі. Партыі губляюць ідэалагічны базіс і ператвараюцца ў нейкія падпоркі пад амбітных палітыкаў. Дзіка гучыць, калі цяперашнія сацыялісты, якія змагаюцца з прафсаюзамі, называюць сябе спадкаемцамі традыцый Жана Жарэса. Хутчэй за ўсё, Сацпартыя разваліцца з-за ўнутраных супярэчнасцяў. Але і ў правым лагеры сітуацыя не радуе. Калі ў Сацпартыі дастаткова маладых лідараў, якія цягнуць коўдру на сябе, дык у правых практычна няма яркіх маладых фігур. Думаю, як мінімум пасля кампаніі 2017 года Францыя атрымае новую партыйную палітру. Не выключана, што таксама пачнуцца дэбаты за VI рэспубліку.

 

Каментаваць