Францыя. Дзвюх дзяўчат абвінавацілі ў планах напасці на канцэртную залу

У Францыі дзвюм дзяўчатам-падлеткам прад'яўленыя абвінавачванні ў падрыхтоўцы нападу на канцэртную залу ў Парыжы, паведамляюць СМІ са спасылкай на праваахоўныя органы.



© AP Photo/Thomas Kienzle/POOL, архіў


Па дадзеных паліцыі, дзяўчыны 15 і 17 гадоў абменьваліся паведамленнямі ў сацыяльнай сетцы "Фэйсбук" з нагоды падрыхтоўкі нападу накшталт атакі на тэатр "Батаклан" у Парыжы ў лістападзе мінулага года, адзначае ВВС.

Дзяўчыны, чые імёны не называюцца, былі арыштаваныя ў сераду, а ў пятніцу ім прад'явілі абвінавачванні ў крымінальнай змове.

Паводле следства, планаванне нападу знаходзілася на вельмі ранняй стадыі, у абвінавачаных не было знойдзена ні зброі, ні выбуховых рэчываў.

Аднак следчыя ўсё ж высунулі абвінавачванні дзяўчатам за дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, хоць "ніякага канкрэтнага плану ў школьніц не было, паколькі на допыце дзяўчыны пацвердзілі свае намеры, адзначае ТАСС.

Па справе былі дапытаныя яшчэ дзве дзяўчыны, якія затым былі адпушчаныя.

Францыя ўвяла павышаны ўзровень тэрарыстычнай пагрозы пасля серыі парыжскіх нападаў 13 лістапада, у выніку якіх загінулі 130 чалавек.

Каментаваць