Францыя. Франсуа Філон заклікае адмовіцца ад байкоту

Былы прэм’ер Францыі, адзін з лідараў вядучай правацэнтрысцкай партыі «Саюз за народны рух» (UMP) прапанаваў аднапартыйцам адмовіцца ад тактыкі «не-не», якой партыя кіравалася раней. Сэнс яе палягае ў тым, што кансерватары ніколі не галасуюць за сацыялістаў і нацыяналістаў у другім туры выбараў.



На думку Філона, патрэбна новая больш гнуткая стратэгія. Калі партыйцы прыслухаюцца да парадаў Філона, Францыі пагражае сапраўдная палітычная рэвалюцыя. Гэта перш за ўсё тычыцца тых акругаў, дзе ў другі тур выходзяць кандыдаты ад левых і ўльтраправых з «Нацыянальнага фронту». Традыцыйна «Саюз за народны рух» у такіх выпадках раіць дзейнічаць па прынцыпу «не-не», а дакладней заклікаў байкатаваць выбары. Калі забароны галасаваць за ўльтраправых не будзе, адчыніцца шлях да альянсу паміж дзвюма партыямі.

Рэакцыі палітыкуму на прапанову Філона полюсныя. Левыя СМІ кажуць, што Філон не жадае бачыць праварадыкальную прыроду «Нацыянальнага фронту», якая пагражае дэмакратычным і рэспубліканскім інстытутам. Правыя кажуць, што такая тактыка знішчыць UMP. Харызматычная Марын Ле Пэн марыць зрабіць свой «Нацыянальны фронт» галоўнай правай партыяй, і будзе заўсёды весці гульню на маргіналізацыю саюзнікаў-кансерватараў. Між тым, 70 працэнтаў сяброў UMP гатовыя галасаваць у другіх турах за кандыдатаў «Нацыянальнага фронту».

Дадатковы важны аспект гэтай дыскусіі звязаны з тым, што ў наступным годзе ў Францыі адбудуцца муніцыпальныя выбары.

Каментаваць