Францыя — гэта «Charlie Hebdo»

Пра трагічныя падзеі ў Францыі, якая з-за вылазак тэрарыстаў апынулася ў цэнтры сусветнай увагі, журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з французскім журналістам Аляксандрам Чукаевым.



— У Беларусі і, думаю, па ўсім свеце ўсе ўражаныя маштабамі парыжскага Маршу адзінства супраць тэрарызму. Наколькі тэлемалюнак адпавядае рэчаіснасці?

— Сапраўды, 11 студзеня быў пабіты рэкорд па колькасці дэманстрантаў у гісторыі Францыі. На вуліцы выйшла каля 4 мільёнаў чалавек: 2 мільёны ў Парыжы плюс такая ж колькасць у правінцыі. Але трэба канстатаваць іншую статыстыку — з 7 па 12 студзеня таксама быў пабіты іншы рэкорд — больш за 54 выпадкі нападаў на мусульман у Францыі — ад абстрэлу мячэцяў да лістоў пагроз. Гэта таксама ўплывае на агульны тонус грамадства. У выніку паліцэйскія зараз ходзяць па гарадах з аўтаматамі і сабакамі.

— А як самі мусульмане Францыі рэагуюць на тое, што адбылося?

— Гэта залежыць ад сацыяльнага статусу. Мусульманская камуна ў большасці асуджае тэракт, паколькі гэта нічога не дае, акрамя кепскага іміджу ісламу. Тым больш тэрарысты забілі некалькі мусульман, якія выпадкова аказаліся на месцы трагедыі. З іншага боку, ёсць школы ў бедных прыгарадах, дзе арабскія дзеці (прыкладна ад 10 гадоў) адмовіліся ўдзельнічаць у хвіліне маўчання ў памяць пра забітых журналістаў. Яны лічаць, што смяротнае пакаранне для тых журналістаў было заслужанае за здзекі з рэлігіі іх бацькоў.

— Зараз у Францыі набірае папулярнасць праект «Je ne suis pas Charlie». Грамадская ініцыятыва створаная ў адказ на кампанію «Je suis Charlie» і накіраваная супраць істэрыкі вакол газеты, якая, на думку арганізатараў ініцыятывы, сама сваім блюзнерствам і ваяўнічым атэізмам справакавала напад. Наколькі папулярны гэты праект?

— Мяркую, што «Je ne suis pas Charlie» — гэта рэшткі руху супраць шлюбаў гомасексуалістаў, які сапраўды яшчэ год таму выводзіў на вуліцы сотні тысяч грамадзян. Пасля таго, як законапраект пра шлюбы ўсё ж быў прыняты, кансерватары і гамафобы аказаліся ў крызісе. Цяпер яны намагаюцца праз тое, што «Charlie Hebdo» быў выразна антыклерыкальным праектам, рэанімаваць свой рух. Не думаю, што гэта атрымаецца. Каталікі паслядоўна асуджаюць любыя тэракты. Цікава, што на прапаганду кансерватараў пазітыўна рэагуе шмат тых левых, якія бачаць галоўнай прычынай усіх бедаў Злучаныя Штаты. Яны прыгадваюць, што «Charlie Hebdo» ў свой час падтрымаў натаўскія бамбёжкі Югаславіі, паўстанне супраць Кадафі і часткова ўкраінскі Майдан.

— Палітыкі вельмі часта робяць піяр на тэме грамадскай пагрозы. Ці ўзняўся рэйтынг прэзідэнта-сацыяліста Франсуа Аланада пасля таго, як ён рашуча асудзіў атакі тэрарыстаў?

— Пакуль наконт бонусаў для ўлады цяжка казаць. Хаця, сапраўды, мікраспробы ўзняць рэйтынг Франсуа Аланда маюць месца. Але ў цэлым амаль усе звыкліся з думкай, што ён — палітычны труп. Тым больш, што тэракты б’юць рыкашэтам па Мануэлю Вальсу — міністру ўнутраных спраў, які лічыўся крызіс-менеджарам для адміністрацыі сацыялістаў. Паліцыя пад яго кіраўніцтвам проста праспала тэракты. За братамі — арганізатарамі тэрактаў, перасталі сачыць 5 месяцаў таму. Хаця на той момант былі дадзеныя, што яны звязаныя з ісламістамі з Сірыі і Йемену. Падчас нападу на рэдакцыю «Charlie Hebdo» супрацоўнікі ведамства Вальса зарэкамендавалі сябе як поўныя нулі, дазволіўшы злачынцам збегчы.

Абставіны, пры якіх бралі тэрарыстаў, яшчэ больш пераканалі грамадства ў непрафесіяналізме МУС. Ісламістаў па сутнасці бралі натоўпам, а не ўменнем. У дадатак пра лёс аднаго з забойцаў дасюль нічога не вядома, а сяброўка алжырца, які захапіў у заложнікі наведвальнікаў яўрэйскай крамы, увогуле здолела збегчы з краіны.

— Ці змянілі стаўленне да Расіі апошнія падзеі ў Францыі? Кажуць, што прыярытэтам французскай знешняй палітыкі, якая шмат у чым вызначае курс ЕС, будзе вайна з ісламскім тэрарызмам, а не сітуацыя ва Украіне?

— Падтрымліваць Пуціна ў Францыі адкрыта ніхто не будзе. Гэта знак кепскага густу. У мясцовай папулярнай сатырычнай праграме «Лялькі» з Пуціна ўвесь час смяюцца як з дыктатара, які перажывае больш за свабоду слова ў Францыі, чым у Расіі. Аднак пра Украіну цяпер таксама няшмат інфармацыі, паколькі адразу ўсплывае тэма ваенных караблёў, што Расія замовіла ў Парыжы, а той адмовіўся іх аддаваць. Так паводзіць сябе ў бізнесе сярод простых французаў не прынята. Тэму Украіны намагаюцца не афішаваць. Ніводнае мясцовае СМІ фактычна не інфармавала пра тое, што ў нядзелю ў Парыжы на Маршы адзінства быў Пётр Парашэнка.

— Які твой сцэнар далейшага развіцця падзей?

— Думаю, паступова ўсё супакоіцца. Магу сцвярджаць гэта, паколькі жыву ў рабочым прыгарадзе Парыжу, дзе таксама шмат арабаў. Мясцовы люд вельмі пасіўна паставіўся да нядзельнай дэманстрацыі, на якую ў большасці выйшла багемная буржуазія, сярэдні клас і хіпстары. Практычна ніякіх працоўных, фермераў або прадстаўнікоў грамадаў чарнаскурых або арабаў там не было. І той жа «Charlie Hebdo» ў нас не чытаюць. Тутэйшым не зразумела, хто можа купляць такое. Паглядзець можна, але заплаціць за гэта — дакладна не. Больш рабочых думаюць, што аўтары «Charlie Hebdo» бліжэй да прыдуркаў. Аднак тыя карыкатурысты нікога не забівалі, а браты-тэрарысты забілі шмат людзей, прычым тых, хто апынуліся ў рэдакцыі выпадкова. Яны забілі нават простага працоўнага, які мяняў бутэлькі вады ў аўтамаце, што стаяў у офісе. Гэта ўсіх шакіруе.

Таму я думаю, што атака на «Charlie Hebdo» — гэта выхадка шпаны, якая мела грошы купіць зброю і якая вырашыла паказаць сваю «крутасць», каб загінуць стоячы са зброяй у руках. Усе патрабаванні і ўся іх крытыка грамадства — на ўзроўні першакласнікаў. Як давялі апошнія падзеі, вайну ўнутры Францыі ісламісты арганізаваць няздольныя.

Каментаваць