Францыя. Як распавядаць дзецям пра тэрарыстаў

Уся краіна жыве тэмай барацьбы з тэрарызмам, што, натуральна, нейкім чынам заўважылі і маленькія французы. Усё часцей яны ставяць пытанні бацькам пра тое, што адбываецца. 



Фота з сайта dzietki.by


Гэта прымусіла французскіх педагогаў задумацца, як трэба распавядаць дзецям пра падзеі 13 лістапада. У выніку нарадзілася інструкцыя, якую апублікаваў часопіс "Le Petit Quotidien".

Перш за ўсё яе аўтары высветлілі, якія тэмы найбольш цікавяць малых. Як правіла, дзеці ставяць як сур’ёзныя пытанні, напрыклад, «чаму тэрарысты забіваюць людзей?", так і дзіўныя з дарослага пункту гледжання: «ці гуляюць тэрарысты ў футбол?».

У любым выпадку, перш за ўсё спецыялісты раяць французскім бацькам не дэманстраваць дзецям выяваў ахвяр. Аднак пры гэтым бацькі павінны казаць пра тое, што адбыўся гвалт і такое магчыма зноў. «Горш, калі дзіця адчувае, што нешта не так, а бацькі маўчаць», — кажа выданне. На думку спецыялістаў, можна сказаць прыкладна так: «Паліцыя будзе рабіць усё, каб абараніць вас, але я не ў стане сказаць, ці будзе яшчэ адзін напад».

На думку выдання, дзеці таксама павінны ведаць, што не ўсе мусульмане з’яўляюцца злачынцамі, паколькі абагульненні пракладаюць шлях да стварэння забабонаў. Галоўным вынікам размовы пра тэрарыстаў павінна стаць фармаванне ў дзяцей аптымістычнага погляду на будучыню.

Паводле французскай прэсы

Каментаваць