Францыя ратуе лялек

З-за зацяжнога крызісу ў Францыі пад пагрозай закрыцця апынулася «Les Guignols de l’Info» — самае славутае ў свеце палітычна-сатырычнае шоу марыянетак. Аднак такі варыянт не задавальняе публіку.



Каб хутка ўвесці чытача ў курс справы, дастаткова сказаць, што «Les Guignols de l’info» — гэта аналаг праграмы «Лялькі» Віктара Шэндэровіча, якая грымела на НТБ на мяжы стагоддзяў. Тады на прасторах былога Саюза нават гуляў анекдот: «Дрэнна, калі прэзідэнт Ельцын у праграме «Лялькі» выглядае лепш, чым у праграме «Весці».

Хаця больш правільна называць «Les Guignols de l’info» не аналагам «Лялек», а іх правобразам. У 1994 годзе прадзюсер расійскіх «Лялек» купіў ва ўладальнікаў каналу «Canal+», якім належыць аўтарскае права на «Les Guignols de l’info», права на вытворчасць у Расіі падобнага прадукту. Першыя лялькі для перадачы Шэндэровіча таксама рабіў майстар-лялечнік з Францыі (дарэчы, пасля дастаўкі ў Маскву іх хутка скралі).

На гэтым, аднак, асацыяцыі паміж французскімі і расійскімі марыянеткамі заканчваюцца. Праекты з падобнымі на палітыкаў лялькамі ў Расіі і Францыі чакаў абсалютна розны лёс. Пасля ўступлення Пуціна на пасаду прэзідэнта для НТВ, як канала апазіцыйнага алігарха Гусінскага, прыйшлі цяжкія часы, прычым менавіта з-за марыянетак. Прынамсі Віктар Шэндэровіч лічыць, што злапамятны Пуцін не прабачыў НТВ выпуск «Лялек», у якім прыход Пуціна да ўлады абыгрываўся на сюжэце казкі Гофмана «Курдупель Цахес»: Пуцін быў выяўлены ў выглядзе карліка, як пры дапамозе тэлевізійнай феі Беразоўскага пачынае ўспрымацца ў грамадстве як герой-прыгажун. Спачатку пасля ціску на кіраўніцтва каналу праект пакінуў яго сцэнарыст Шэндэровіч. А пасля «Лялькі» самі па сабе выдыхнуліся, вымушаныя смяяцца ў рамках дазволенага Крамлём.

У Францыі, дзе сатыру традыцыйна разглядаюць важнай часткай дэмакратычнага працэсу, такі сцэнар цяжка ўявіць. Праграма, з якой глядач пазнаёміўся ўвосень 1988-га, не толькі працягвае выходзіць штодня, аднак і стала сапраўдным інстытутам народнай культуры. Шматлікія выразы і фразы, якія гучалі на шоў, можна пачуць у жыцці. Звычайна падобныя фразы агучвае вядучы «Les Guignols de l’info», якога завуць PPD. PPD — гэта не толькі пародыя на Патрыка Пуавра д’Арвор — культавага вядучага выпускаў навінаў Першага канала французскага тэлебачання, аднак таксама сродак пажартаваць з усяго цэху тэлевядучых. Напрыклад, калі ў праграме з’яўляецца лялька дзеючага прэзідэнта, PPD, што называецца, намагаецца казаць яму ў такт, як часта робяць журналісты.

Таксама PPD уласцівая пафасная лексіка, часам характэрная для цяперашняй тэлежурналістыкі. Некаторыя з яго тырад сталі культавымі. Напрыклад: «Добры вечар, гэтая праграма будзе цалкам прысвечана падзеям», «Мы ў 2005 годзе, і як добра, што вы яшчэ верыце тэлевізару», «Добры вечар. Нагадваю, што вы глядзіце тэлебачанне з рэкламай». Візітоўка PPD — словы: «A tchao. Bonsoir» (гэта можна перакласці як «Чао. Добры вечар), якія гучаць напрыканцы кожнага выпуску.

Як часта бывае з паспяховымі сатырычнымі праектамі, яны не толькі смяюцца з палітыкаў, аднак паступова самі пачынаюць рабіць палітыку. Лічыцца, што «Les Guignols de l’info» шмат у чым паўплывала на фармаванне адмоўнага стаўлення французаў да першай вайны ў Персідскім заліве, калі ўвялі ў праграму камічны персанаж ваяўнічага амерыканца Сільвестра (пародыя на Сільвестра Сталонэ). У той час шоу глядзелі 14 працэнтаў усёй французскай аўдыторыі. Некаторыя журналісты сцвярджаюць, што марыянеткі паўплывалі на вынікі прэзідэнцкіх выбараў 1995 года, калі гарантам V рэспублікі стаў Жак Шырак. Лялька Шырака атрымалася настолькі яскравай, што міжвольна выклікала да яго сімпатыю. Палітолагі абсалютна сур’ёзна сцвярджаюць, што «Les Guignols de l’info» так ці інакш фармуе палітычныя сімпатыі ў 14 працэнтаў французскага электарату. Не ведаю, ці гэта праўда, аднак шоу напярэдадні выбараў сапраўды збірае вялізарную колькасць гледачоў.

За 26 гадоў існавання «Les Guignols de l’info» іх прадукцыя станавілася ўсё даражэй і складаней. Па стане на 2015 год бюджэт праграмы складае каля 15 мільёнаў еўра. На гэтыя сродкі ўтрымліваецца штат у 300 чалавек, з якіх толькі 30 чалавек непасрэдна кіруюць марыянеткамі. Іншыя займаюцца здымкамі, тэхнікай, маніторынгам прэсы, мантажам, стварэннем і пастаноўкай скетчаў і г.д. Праца над праграмай пачынаецца зранку, калі група сцэнарыстаў праглядае прэсу і прадумвае 5–6 сюжэтаў. Пасля гэтага пачынаецца падрыхтоўка да здымкаў праграмы а 20-й пасля выпуску навінаў. Цікава, што «Les Guignols de l’info» ідзе выключна ў прамым эфіры.

Нягледзячы на мегапапулярнасць французскіх лялек, крызіс не пашкадаваў шоу. 3 ліпеня дырэкцыя каналу «Canal+» прызналася, што не мае сродкаў падтрымліваць цяперашні бюджэт праграмы. Каб захаваць «Лялек», прапануецца перавесці іх на штотыднёвы фармат. Аднак такі варыянт не задавальняе публіку, якая патрабуе ад дзяржавы тэрмінова ўмяшацца ў гісторыю і выратаваць помнік французскага ТБ. Дзяржаўны Першы канал заявіў, што, быццам, не супраць уключыць «Les Guignols de l’info» ў сетку сваіх праграм, аднак супраць гэтага «Canal+», які мае аўтарскія правы на марыянетак. Таксама ў барацьбу ўключыліся абаненты каналу, за прагляд якога трэба плаціць. Выданне «Liberation» піша, што з 5,6 мільёна абанентаў «Canal+» 2 мільёны рэгулярна глядзяць шоу PPD.

Нельга таксама забываць, што ў Францыі вельмі моцныя прафсаюзы, і стваральнікі праграмы могуць заблакаваць закрыццё шоу. Левыя партыі ўжо падключыліся ў кампанію абароны лялек. Так, лідар партыі «Левыя» лічыць, што за закрыццём «Les Guignols de l’info» стаіць былы прэзідэнт Нікаля Сарказі, з якога на праграме ў часы яго прэзідэнцтва шмат смяяліся. Вядома, што адзін з уладальнікаў «Canal+» — асабісты сябра экс-прэзідэнта.

Ці атрымаецца ў французаў выратаваць лялек, мы дакладна даведаемся напрыканцы жніўня, калі звычайна пачынаецца новы сезон.

Каментаваць