ФРГ. 25 гадоў са дня смерці Штраўса

Практычна ўсе нямецкія выданні ўзгадалі 3 кастрычніка 1988 года, калі ва ўзросце 70 гадоў памёр баварскі палітык Франц Ёзэф Штраўс. Ён быў вельмі супярэчлівай постаццю ў гісторыі ФРГ. Будучы міністрам абароны, у 1962 годзе ён дабіўся арышту рэдакцыі ўплывовага штотыднёвіка «Spiegel», што было ўспынята сучаснікамі як замах на асновы дэмакратыі.



Прагрэсіўная грамадскасць ненавідзела Штраўса, аднак той карыстаўся каласальнай падтрымкай у Баварыі і ўпарта заставаўся ў палітычнай эліце. У 1980 годзе ён нават быў лідарам кансерватараў на выбарах у Бундэстаг. Праўда, з-за яго адмоўнага іміджу лібералы не пагадзіліся ўступаць у кааліцыю са Штраўсам і аддалі перавагу эсдэкам.

Патавая сітуацыя дала шанец праціўніку Штраўса Гельмуту Колю, які не так раздражняў лібералаў. У 1982 годзе Коль і Геншэр (лідар лібералаў) заключылі кааліцыю, паклаўшы канец не толькі дэкадзе знаходжання эсдэкаў пры ўладзе, аднак і эпосе Штраўса.

У 1988 годзе Штраўс памёр, што стала сапраўднай трагедыяй для баварцаў. Між тым, сёння гісторыкі спрачаюцца, што было б, калі баварскі палітык дацягнуў да пачатку працэсу аб’яднання Германіі.

Не выключана, што Штраўс, які быў на нажах з Колем, мог паспрабаваць сарваць ягоную формулу аб’яднання Германіі. На думку шмат каго, Штраўс, маючы вялікі аўтарытэт сярод правых, мог дабіцца прыняцця новай канстытуцыі Германіі, у якой суб’екты федэрацыі атрымалі б большую ступень самастойнасці.

Паводле нямецкай прэсы 

Каментаваць