Фронт light

Дэбют Марыны Ле Пэн у якасці старшыні партыі пераўзышоў усе чаканні. Аднак выклікаў рост супярэчнасцей унутры арганізацыі.

Па выніках выбараў у кантонах, якія прайшлі ў Францыі ў сакавіку, Нацыянальны Фронт у сярэднім набраў 15 працэнтаў, што на 4 працэнты лепш за мінулыя выбары. Аднак трэба прызнаць, што рэкорду 2002 года, калі партыя атрымала 17 працэнтаў галасоў, дасягнуць не ўдалося. Што тычыцца праціўнікаў, то першымі прыйшлі сацыялісты — 25 працэнтаў. Вялікую катастрофу перажыла ўрадавая партыя галістаў, якую падтрымалі толькі 17 працэнтаў.



Дэбют Марыны Ле Пэн у якасці старшыні партыі пераўзышоў усе чаканні. Аднак выклікаў рост супярэчнасцей унутры арганізацыі.

Па выніках выбараў у кантонах, якія прайшлі ў Францыі ў сакавіку, Нацыянальны Фронт у сярэднім набраў 15 працэнтаў, што на 4 працэнты лепш за мінулыя выбары. Аднак трэба прызнаць, што рэкорду 2002 года, калі партыя атрымала 17 працэнтаў галасоў, дасягнуць не ўдалося. Што тычыцца праціўнікаў, то першымі прыйшлі сацыялісты — 25 працэнтаў. Вялікую катастрофу перажыла ўрадавая партыя галістаў, якую падтрымалі толькі 17 працэнтаў.

У самы разгар выбарчай кампаніі Нацыянальны Фронт нечакана стаў фігурантам рэзананснага скандалу — Аляксандр Габрыяк, адзін з фронтаўскіх кандыдатаў, сфатаграфаваўся на фоне сцягу Трэцяга Рэйху з выкінутай уперад рукой.

Скандал лакалізаваць не ўдалося, хаця ў Аляксандра аператыўна адабралі партбілет. Амаль усе буйныя партыі і грамадскія арганізацыі асудзілі Нацыянальны Фронт. Па іх словах, сваёй выхадкай Габрыяк прадэманстраваў сапраўдную нацысцкую прыроду партыі.

Тое, што канкурэнты скарыстаюцца інцыдэнтам, каб асудзіць Марыну Ле Пэн, было відавочна. У сакавіку рэйтынг старшыні НФ нечакана пайшоў уверх і зблытаў планы як Сарказі, так і апазіцыі.

Перш за ўсё, быў парушаны алгарытм прэзідэнцкіх выбараў 2012 года. Яшчэ ўчора лічылася, што гэта будзе супрацьстаянне Сарказі і прадстаўніка сацыялістаў. Цяпер сітуацыя больш інтрыгоўная. Калі верыць некаторым выданням кшталту «Le Parisien», папулярнасць Марыны Ле Пэн складае каля 23 працэнтаў. І гэтага цалкам дастаткова, каб быць у другім туры.

Асабліва палохае сцэнар, калі Ле Пэн апынецца ў другім туры з сацыялістам. Пры такіх раскладах за яе можа прагаласаваць увесь правы электарат. Перамога лідара НФ — міна пад усе дзяржаўныя інстытуты. Менавіта таму вялікі інтарэс на апошніх выбарах выклікалі тыя ўчасткі галасавання, дзе ў другім туры змагаліся сацыялісты і нацыяналісты. Нацыяналісты, праўда, паўсюдна прайгралі, аднак розніца, як правіла, была невялікая — 5–10 працэнтаў.

Між тым, адным з самым заўважных удзельнікаў кампаніі вакол інцыдэнту з нацысцкім салютам нечакана сталі прафсаюзы. Вось каму, здавалася, сямейка Ле Пэн абсалютна не цікавая. На працягу стагоддзя правыя партыі разглядалі прафсаюзы як зло per essence. У 1990-я гады на хвалі крызісу СССР і французскай кампартыі Нацыянальны Фронт паспрабаваў замацавацца ў пралетарскім асяроддзі. Былі створныя асяродкі НФ на чыгунцы і ў пастарунках паліцыі, але ў выніку эксперымент праваліўся.

Апошнім часам сітуацыя мяняецца. 10 сакавіка ў Парыжы Луі Аліёт, намеснік Марыны Ле Пэн, абвясціў пра стварэнне новага прафсаюзнага цэнтра — Нацыянальнага аб’яднання абароны працоўных сяброў прафсаюзаў. «Сутыкнуўшыся з унутранай палітычнай дыскрымінацыяй, якую практыкуюць некаторыя прафсаюзныя арганізацыі, я прыняў рашэнне пра стварэнне асацыяцыі абароны сацыяльных і прававых інтарэсаў іх ахвяр», — кажа Луі.

Маюцца на ўвазе пацярпелыя ад зачысткі, якую ўвосень-зіму правялі пяць буйных прафсаюзаў краіны: Force Ouvriеre, CGT, CFDT, Sud, Nursa. З шэрагаў пералічаных сіндыкатаў былі выключаныя ўсе сябры Нацыянальнага Фронту, якія праявілі жаданне пайсці на кантанальныя выбары. Выключэнне нацыяналістаў тлумачылася прафсаюзнымі бонзамі неабходнасцю супрацьстаяць канцэпцыі дыскрымінацыі, якую, па іх словах, практыкуе Нацыянальны Фронт.

«Адмаўленне іншага, ідэя зачынення межаў, тэзіс пра тое, што эмігранты адказныя за ўсе праблемы, можа завесці наша грамадства ў крызіс», — адзначалася ў сумеснай заяве пяцёркі. Прафсаюзы таксама выступілі супраць спроб інструменталізацыі рабочага руху з боку ультраправых.

Хаця чыстка нацыяналістаў у прафсаюзах, па вялікім рахунку, закранула максімум чалавек дзесяць, прыменшваць яе значнасць не варта. Як паказалі вынікі сакавіцкіх выбараў, прафсаюзы правільна ацанілі тэндэнцыі і нанеслі прэвентыўны ўдар.

Аналізуючы электаральную карту, відавочна, што Нацыянальны Фронт набірае пункты менавіта ў працоўных рэгіёнах. Прычым партыя атрымлівае на працоўнай Поўначы нават больш, чым на Поўдні. У дэпартаменце Nord-Pas-de-Calais кандыдаты НФ атрымалі ў сярэднім больш за 30 працэнтаў. Тут Нацыянальны Фронт цалкам адабраў у галістаў званне галоўнага праціўніка левых.

Сацыёлагі лічаць, што поспех Марыны Ле Пэн у працоўным асяроддзі цалкам лагічны. Фронт апошнім часам катэгарычна адмовіўся ад ліберальных канцэпцый Рэйгана і Тэтчэр, з якімі насіўся бацька Марыны. Іх месца акупаваў больш сацыяльны сямейны дыскурс. Марына не скупіцца на самыя фантастычныя абяцанкі — збіраецца ліквідаваць усе гіпермаркеты, марыць нацыяналізаваць усе прыватныя банкі і вывесці краіну з зоны еўра. «Глабалізм — гэта другая пасля ісламізму таталітарная дактрына ХХІ стагоддзя», — кажа яна.

Прыцягнуць увагу працоўных да Нацыянальнага Фронту дапамог унутраны крызіс у асяроддзі вядучай апазіцыйнай партыі: сацыялісты хранічна не могуць аб’яднацца вакол якой-небудзь адной фігуры. Прэзідэнцкая кампанія наўрад ці будзе выключэннем. На цяперашні момант як мінімум чатыры чалавека ўжо аспрэчваюць тытул адзінага кандыдата. Між тым, фонам расколу сярод левых з’яўляецца эканамічны крызіс, які выклікаў запыт на сацыяльныя і антыглабалісцкія канцэпты, што якраз прапануе Марына Ле Пэн.

З іншага боку, імідж выключна сацыяльнай партыі Марыне не патрэбны. Яна павінна лічыцца з пазіцыяй партыйных ветэранаў, якія з 1970-х гадоў традыцыйна прытрымліваюцца антыкамуністычных поглядаў. Левы ўхіл дае падставу Сарказі маргіналізаваць Нацыянальны Фронт у вачах правых, кансалідуючы свой электарат. Дый самі левыя выбаршчыкі не так актыўна перабягаюць да Ле Пэн, як правыя. Адпаведна апытанням, толькі 9 працэнтаў сяброў тых жа прафсаюзаў гатовыя галасаваць за Нацыянальны Фронт.

Сама Марына кажа, што яна бачыць будучае партыі ў фармаце «Нацыянальны Фронт light». Стаўка робіцца хутчэй на ўспрыманне Нацыянальнага Фронту як новага тавару на палітычным рынку. Аднак ужо зараз можна прадказаць рост канфліктаў унутры партыі. Занадта ўжо супярэчлівая рыторыка мадам Ле Пэн, якая выступае за аборты і адначасова кажа, што студэнцкая рэвалюцыя 1968 года (пасля якой тэма абортаў стала часткай палітычнай дыскусіі) — «вялікая трагедыя французскай гісторыі».

Дарэчы, выхад Марыны Ле Лэн на палітычную арэну прыйшоўся на прэм’еру фільму «Potuche» вядомага рэжысёра Франсуа Азона. Яго гераіня (актрыса Катрын Дэнёў) — пажылая мадам, якая адначасова кідае выклік свайму мужу-лібералу, дырэктару завода і былому каханку-камуністу, мэру. Кульмінацыяй карціны становіцца ўдзел мадам у парламенцкіх выбарах, на якіх, спекулюючы на вобразе маці для ўсіх, яна перамагае камуніста. Толькі гераіня Катрын Дэнёў старэй за Марыну, якой у гэтым годзе споўніцца 43 гады.

Каментаваць