Футбол як выклік для імперыі

Сярод публіцыстаў краін СНД зараз папулярная тэма — пасля заканчэння Кубка свету па футболе мы пабачым абсалютна іншую Расію. Аднак варыяцыі гэтай новай Расіі прапануюцца дыяметральна розныя.

Фота www.ru.sputnik-tj.com

«Вялікая вёска» — так у сваіх мемуарах славуты расійскі джазмен Аляксей Казлоў апісвае Маскву сярэдзіны 1950-х гадоў. Найбольшай забавай моладзі ў той час было дэфіле па вуліцы Горкага ў патоку людзей, насустрач якому рушыў іншы натоўп. Дайшоўшы да крайняй кропкі, людзі разварочваліся і ішлі ў зваротным кірунку, — і так па некалькі разоў за вечар.

Усё змянілася ў 1957 годзе, калі горад прыняў Міжнародны фестываль моладзі і студэнтаў. Інтэрвенцыя вялікай колькасці іншаземцаў прынесла ў СССР дух свабоды і канчаткова пахавала інерцыю мыслення, якая была прышчэпленая народу ў сталінскія часы. Казлоў нават называе той фестываль «пачаткам краху савецкай сістэмы».

Палітолагі (як правіла, умеранага ліберальнага накірунку) лічаць, што сёння мы з’яўляемся сведкамі чагосьці падобнага. Як піша кіеўскі эксперт Сяргей Ермалаеў, «тое, што адбываецца ў Расіі ў кантэксце Чэмпіянату свету, — гэта своеасаблівая спроба паўтарыць адлігу кшталту той, што была ў Савецкім Саюзе. Расія атрымлівае шанец дзякуючы Чэмпіянату свету. Таму чакаем адлігі і разрадкі».

Адзначаецца і тое, што на стадыёнах, магчыма, удалося стварыць новую мадэль патрыятызму па-руску. «Мы перажылі ў дні Кубка свету зусім нечаканы патрыятычны ўздым з вельмі правільнай нагоды, якая нічым не пагражае іншым народам. Мы паказалі свету, што Расія — адкрытая касмапалітычная прасунутая краіна», — пішуць «Аргументы и Факты».

На думку блогера Дзяніса Ціханава, змены непазбежныя — футбол выклікаў ідэалагічны крызіс вядучых фракцый расійскай палітыкі. «Патрыёты асаджанай крэпасці пад назвай Расія са здзіўленнем выявілі, што замежнікі, што прыехалі ў іх краіну, зусім не хочуць вынішчыць або зняважыць Расію. І на сакральныя духоўныя скрэпы, быццам, не замахваюцца. Расійскія лібералы з не меншым здзіўленнем выявілі, што заўзятары-«ватнікі» зусім не імкнуцца злосна збіць усіх замежнікаў. Наадварот, нават гасцінна ім усміхаюцца і прапануюць гарэлку. Гэта яшчэ не ідэалагічная рэвалюцыя. Чэмпіянат скончыцца — і абодва бакі возьмуцца за старое. Але пасля вялікага футболу і першым, і другім будзе цяжэй прасоўваць свае старыя забабоны, якія блакуюць выйсце з цяперашняга застою. І нават гэта ўжо выдатна», — лічыць аўтар.

«Трымай кішэню шырэй», — кажуць на такія тэксты песімісты, заклікаючы ўзгадаць наступствы Алімпіяды ў Сочы. Сочынская Алімпіяда, падавалася, таксама стварыла вобраз адкрытай і гасціннай Расіі. Скончылася справа допінгавым скандалам і крымскай авантурай.

У Кіеве шмат хто чакае паўтору падзей 2014-га пасля фінальнага свістку на Мундыялі. «Пасля завяршэння Чэмпіянату свету па футболе ў Расіі, у Данбасе будзе абвастрэнне ваеннай сітуацыі. Ва Уладзіміра Пуціна будуць развязаныя рукі», — напісаў намеснік міністра Украіны па пытаннях «акупаваных тэрыторый» Рыгор Тука. А Юлія Цімашэнка лічыць, што дапамагчы Маскве ў гэтым збіраецца Парашэнка. Украінскі гарант, паводле яе словаў, вядзе сакрэтныя кансультацыі з ЛНР-ДНР наконт абвастрэння канфлікту, што дазволіць яму абвясціць вайсковае становішча і застацца на пасадзе кіраўніка дзяржавы.

Мала веры і спадзяванняў на новую патрыятычную культуру расіян. Як прыклад — цяперашняя істэрыка, выкліканая праўкраінскай рэплікай харвацкіх футбалістаў. Справа ўжо даходзіць да дэпутацкіх заяў пра тое, што «Харватыя здрадзіла славянству». Пра які касмапалітычны патрыятызм можна казаць, калі адзін з губернатараў лічыць правал немцаў на турніры кармай за дзве развязаныя Германіяй сусветныя вайны?!

Але значна больш сумневаў наконт магчымай адлігі пасля турніру выклікаюць апошнія працэсы ў расійскай эканоміцы. Пакуль футбалісты гойсалі па полі, урад Мядзведзева запусціў павышэнне пошлін, пенсійную рэформу і ўзняў ПДВ. Цяпер у Крамлі трэба думаць, як увесь гэты пакет рэформаў легітымаваць у грамадстве. Можна, натуральна, шукаць кансенсусу ў фармаце кансультацый з рознымі палітсіламі. Аднак хіба ці не прасцей перавесці ўвагу расіян на старую апрацаваную тэму пра антырасійскія захады «піндосаў»?

У спрэчцы пра Расію пасля Кубка свету ёсць яшчэ адна вельмі радыкальная думка. Гучыць яна прыкладна так: няма сэнсу на гэты конт спрачацца, паколькі ад Расіі можна чакаць усяго, што заўгодна. Блогер Аляксей Півавараў праілюстраваў такі падыход на тыпажах правінцыйных паліцыянтаў, якіх на час турніру адправілі патруляваць вуліцы сталіцы. Півавараў піша: «Вось паліцэйскія, якім хаміць забаранілі, а быць інфармаванымі, ветлівымі і мультымоўнымі — не навучылі. У выніку яны стаяць моўчкі, не адказваюць ні на адно пытанне (дый не ведаюць яны гэтых адказаў). І нават не зразумееш, прыедуць яны пасля месяца ў Маскве акультураныя і прасякнутыя атмасферай, ці наадварот, з назапашаным патэнцыялам нерастрачанай нянавісці да людзей».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць