Футбол і палітыка

У выніку працы знаўцаў футбольнай гісторыі нарэшце складзеная сімвалічная зборная самых палітызаваных футбалістаў мінулага. Як спіс не канчатковы і можа быць дапоўнены. Такім чынам, вось яе склад.



Клуб "Санкт-Паулі" (Гамбург)


Брамнік

Месца ў варотах зойме Фолькер Іпіг (Volker Ippig) — галкіпер нямецкага клубу "Санкт-Паулі" (Гамбург) у 1986–1992 гадах. Клуб "Санкт-Паулі" вядомы сваёй тарсідай, якая складаецца з панкаў аднайменнага партовага раёну, дзе, дарэчы, знаходзіцца славуты Рыпербан — мясцовая вуліца чырвоных ліхтароў.

Іпіг у перапынках паміж матчамі здолеў паўдзельнічаць у захопах дамоў і бойках з паліцыяй, папрацаваць валанцёрам у Нікарагуа, а пасля ўвогуле адмовіўся ад заробку футбаліста, зарабляючы працай у парту Гамбурга. Траўма прымусіла яго пакінуць футбол у 30 гадоў.

Левы абаронца

Алегер Прэсас (Oleguer Presas) у маладосці лічыўся будучыняй іспанскага футболу. Ва ўзросце 14 год яго ўжо прынялі ў прафесійны клуб, дзе ён адразу пачаў забіваць галы. На пачатку грамадзянскай вайны ў Іспаніі Алегер гуляў у шэрагах славутай «Барселоны». Пасля запісаўся добраахвотнікам на фронт і загінуў у 1939 годзе, абараняючы горад ад франкістаў.

Правы абаронца

На гэтае месца знаўцы раяць выставіць француза Ліліяна Цюрама (Lillian Thuram). Бліскучая футбольная кар’ера не перашкодзіла яму быць удзельнікам шматлікіх палітычных акцый. Ён нелегальна правозіў у Францыю эмігрантаў. Пазней адкрыта салютаваў вулічным антыпаліцэйскім акцыям арабскай моладзі і сварыўся ў прэсе з Нікаля Сарказі, які на той момант быў дырэктарам МУС. Лічыцца, што шмат у чым дзякуючы гульні Цюрама Францыя ўзяла Кубак свету ў 1998 годзе, за што яму ўручылі Ордэн ганаровага легіёну.

Цэнтральны абаронца

Мустафа Зітуні (Mustapha Zitouni) з Алжыру перад чэмпіянатам свету 1958 года быў зоркай французскай зборнай, якой здрадзіў з-за вайны за незалежнасць у родным Алжыры. Далучыўся да паўстання, і нават стварыў зборную партыі "Фронт нацыянальнага вызвалення Алжыру".

Вольны паўабаронца

Аргенцінец Хаўер Занэці (Javier Zanetti), падпісаўшы кантракт са славутым клубам «Інтэр» (Мілан), стаў адным з галоўных спонсараў паўстання індзейцаў-сапатыстаў у Мексіцы. Ягоная актыўнасць у сферы салідарнасці з індзейцамі настолькі ўразіла іншых футбалістаў клубу, што яны пагадзіліся правесці матч «Інтэру» са зборнай руху сапатыстаў, усе грошы з якога пайшлі на дапамогу індзейцам.

Цэнтральны паўабаронца

Бразілец Сакратэс — сапраўдная легенда як у футболе, так і ў палітыцы. У зеніце кар’еры ў 1984 годзе, будучы капітанам нацыянальнай зборнай, ён пакінуў бразільскі футбол на знак пратэсту супраць таго, што выбары ў краіне не адпавядалі міжнародным стандартам. «Палітычная перамога значна важнейшая, чым перамога ў спорце», — сказаў ён тады. З Бразіліі Сакратэс перабраўся ў Італію, у тым ліку, каб навучыцца чытаць творы Грамшы на мове арыгіналу. Да апошняга дня кар’еры дэманстратыўна піў алкаголь і паліў цыгарэты, падрываючы, па яго словах, прынцыпы прафесійнага спорту.

Паўабаронца

Дыега Марадона і Фідэль Кастра — блізкія сябры. Акрамя таго, Марадона праславіўся тым, што падчас візіту амерыканскага гаранта Джорджа Буша ў Аргенціну надзеў майку з надпісам «Стоп, Буш!». «Ненавіджу ўсё, што звязана з ЗША», — неяк сказаў футбаліст.

Нападаючы

Хрысціяна Лукарэлі (Christiano Lucarelli) усё жыццё гуляў за клуб "Ліворна", які быў заснаваны сацыялістамі і дасюль захаваў імідж чырвонага клубу. Пажыццёвая вернасць клубным фарбам сама за сябе кажа пра палітычныя сімпатыі гульца. Ён — сябра Кампартыі і заўсёды насіў пад футбольнай майкай другую майку з выявай Чэ Гевары, каб дэманстраваць яго выяву трыбунам пасля ўзяцця варотаў. Лукарэлі неяк казаў, што перамагаць у складзе "Ліворна" заўсёды было двойчы прыемна, паколькі амаль усе суддзі ў італьянскай лізе ненавідзяць камуністаў і заўсёды падсуджвалі праціўнікам каманды Лукарэлі.

Нападаючы

Рамарыя (Romario) даўно не гуляе за бразільскую зборную, яго імя цяпер на старонках прэсы. Усё таму, што ён — адзін з лідараў руху супраць правядзення цяперашняга чэмпіянату ў Бразіліі, які, на яго думку, абрабаваў бразільскі бюджэт. У Рамарыа, які, дарэчы, прадстаўляе ў парламенце Партыю сацыялістаў, асаблівыя рахункі з кіраўніцтвам FIFA. Экс-футбаліст увесь час сцвярджаў, што ў адміністрацыі FIFA сядзяць карупцыянеры. Яго папулярнасць, падаецца, значна ўзрасце пасля разгромнай паразы зборнай Бразіліі ў ад Германіі ў паўфінале Кубка–2014.

Нападаючы

Джордж Веа (George Weah) — адна з самых вялікіх зорак афрыканскага і сусветнага футболу. Пасля заканчэння кар’еры ён вырашыў стаць прэзідэнтам роднай Ліберыі. Асноўнымі пунктамі праграмы Веа былі забяспечыць усіх суайчыннікаў электрычнасцю і вадой, годнай для піцця. Выбары Джордж прайграў.

Нападаючы

Маціяс Сіндэлар (Matthias Sindelar), аўстрыйскі футбаліст, быў удзельнікам, як лічылася тады, апошняга матчу зборнай Аўстрыі. Пасля таго, як у выніку аншлюсу краіну ўключылі ў склад Германіі, нацысцкія бонзы вырашылі правесці апошні сімвалічны матч аўстрыйскай каманды са зборнай Германіі. Загадзя футбалістам далі інструкцыю — гуляць толькі на нічыйны вынік. Аднак Маціяс меў іншыя ўстаноўкі. Ён выйшаў на поле ў кашулі правакацыйнага для гітлераўцаў чырвонага колеру, хаця ўся аўстрыйская каманда гуляла тады ў чорна-белых майках. І забіў два галы немцам, што забяспечыла Аўстрыі перамогу.

Вось такая атрымалася сімвалічная зборная. Спіс не канчатковы. Некаторыя футбольныя гісторыкі прапануюць дапоўніць склад каманды нарвежцам Асбьёнам Хальворсэнам (Asbjrn Halvorsen) — былым футбалістам нямецкага клубу Гамбург, які ў 1933 годзе падчас аднаго з матчаў адзіны на полі адмовіўся вітаць прысутных на матчы лідараў нацыстаў. Нейкім чынам яму ўдалося збегчы на радзіму, дзе ён стаў дырэктарам мясцовай футбольнай федэрацыі. Хутка нацысты акупавалі Нарвегію, што, аднак, не прымусіла Федэрацыю прыпыніць каляндар гульняў. Напярэдадні фіналу кубку Хальворсэн заявіў, што адменіць матч, калі на стадыёне будзе фашысцкая сімволіка. Такога ўчынку акупацыйныя ўлады не прабачылі і адправілі дырэктара Федэрацыі ў канцлагер, дзе Асбьён ледзь выжыў. Пасля вайны Хальворсэн да 1955 года ўзначальваў нарвежскую футбольную федэрацыю. 

Каментаваць