Футбол: перамога або смерць

Інтрыга цяперашняга Кубка свету не толькі ў тым, хто стане чэмпіёнам. У турніры бяруць удзел каманды, сустрэчы паміж якімі за доўгія гады набылі характар сапраўднай вендэты. Вось спіс пар зборных, якія найбольш варожа ставяцца адна да адной, і кароткі экскурс у гісторыю іхняга супрацьстаяння.

Англія — Аргенціна



Інтрыга цяперашняга Кубка свету не толькі ў тым, хто стане чэмпіёнам. У турніры бяруць удзел каманды, сустрэчы паміж якімі за доўгія гады набылі характар сапраўднай вендэты. Вось спіс пар зборных, якія найбольш варожа ставяцца адна да адной, і кароткі экскурс у гісторыю іхняга супрацьстаяння.

Англія — Аргенціна

Усё пачалося ў 1/4 фіналу Кубка свету ў 1966 годзе. Аргенцінцы паспрабавалі аспрэчыць забіты англійскім форвардам гол. Спрэчка закончылася чырвонай карткай для капітана аргенцінцаў. Эмоцыі перайшлі ўсе межы. Трэнер англічан нават забараніў сваім гульцам пасля матчу мяняцца з аргенцінцамі майкамі, і ўвогуле ў адным з каментараў назваў футбалістаў з Паўднёвай Амерыкі «жывёламі». Аргенціну адразу ахапілі антыбрытанскія настроі.

Кульмінацыяй супрацьстаяння Англіі і Аргенціны, натуральна, лічаць сустрэчу ў 1986 годзе на чэмпіянаце свету ў Мексіцы. За чатыры гады да яго Аргенціна прайграла Брытаніі вайну за Фалькленды. «Гэта была краіна, якая прайграла вайну, а не футбольная каманда. Гэта была помста», — так пісаў у сваіх мемуарах пра стан зборнай Аргенціны напярэдадні матчу яе лідэр Дыега Марадона. Як вядома, Аргенціна тады перамагла 2:1. І перамогу прынёс гол Марадоны, які ён забіў рукою (ён назваў гэты інцыдэнт «Рука бога»).

Пра той інцыдэнт памятаюць да гэтага часу. Увогуле, на кубках свету каманды сустракаліся 5 разоў (1962, 1966, 1986, 1998, 2002 гады). Тры разы перамагала каманда з Альбіёну.

Англія — Германія

«У футбол гуляюць усе, аднак перамагаюць немцы». Узгадваючы гэту вядомую прымаўку, цяжка зразумець вынікі першых сустрэч зборных Англіі і Германіі. У далёкім 1898 годзе немцы прайгралі англічанам з лікам 2:13.

Знакавым матчам стаў вельмі эмацыйны і драматычны фінал 1966 года.

Тады брытанец Хёрст забіў немцам вельмі спрэчны гол. Суддзя залічыў узяцце варот пасля кансультацый з бакавым суддзёй — Тофікам Бахрамавым (СССР). ФРГ гучна пратэставала. Немцы лічылі, што паводзіны Тофіка — помста Саветаў за паразу ад ФРГ у паўфінале. «Дзве сусветныя вайны і адзін Кубак свету», — так характарызавала тагачасныя адносіны паміж нацыямі адна з нямецкіх газет.

Аднак хутка немцы ўзялі сваё. Дзякуючы такім карыфеям, як Франц Бекенбауэр і Герд Мюлер, у 1970-м годзе ў Мексіцы, саступаючы 0:2, яны перамаглі з лікам 3:2. Гэта была нацыянальная катастрофа для англічан. У знак пратэсту на выбарах, якія адбыліся праз пару дзён, брытанцы адправілі ўрад лейбарыстаў у адстаўку.

Важнай сустрэчай быў матч 3 ліпеня 1990 года ў Італіі. Гэта быў час аб’яднання Германіі, супраць якога, дарэчы, выступаў афіцыйны Лондан. Спыніць нямецкую машыну не ўдалося ні на поле дыпламатыі, ні на спартовай пляцоўцы. Па пенальці Англія прайграла 3:4.

Сетка цяперашняга турніру складзена так, што Англія і Германія могуць сустрэцца ўжо ў наступнай стадыі турніру. Гэта будзе іх першая сустрэча на чэмпіянатах свету з таго памятнага матча ў ліпні 1990 года, што абяцае фантастычнае відовішча.



Аргенціна — Бразілія

Пралогам канфлікту стаў матч 1937 года ў Буэнас-Айрэсе на Кубку Амерыкі. Перамаглі аргенціны, аднак да таго, як прагучаў свісток, бразільцы пакінулі поле. Ім не спадабаліся аргенцінскія фанаты, якія называлі бразільцаў «макакамі». «Матч ганьбы» — назвалі ў Бразіліі тую сустрэчу.

Тэндэнцыю працягнула гульня ў 1939 годзе ў Рыа. Пасля таго, як рэферы прызначыў пенальці ў вароты аргенцінцаў, іх варатар атакаваў суддзю. На поле з’явілася паліцыя. У знак пратэсту аргенцінцы пакінулі поле, а бразільскі футбаліст забіў пенальці ў пустыя вароты.

У фінале Куба Амерыкі 1946 года біліся ўсе: спартсмены, паліцыя і гледачы. Некалькі футбалістаў пасля той разборкі з-за траўм пакінулі спорт.

У аналы гісторыі ўвайшлі падзеі 1978 года ў Аргенціне, дзе праходзіў Чэмпіянат свету. Бразілія ў групавым раундзе выйграла ў Аргенціны і, здавалася, гарантавала сабе месца ў фінале. Аргенціне, каб абыйсці бразільцаў, трэба было забіваць камандзе Перу як мінімум пяць безадказных мячоў. Яны забілі шэсць. Да гэтага часу ходзяць чуткі, што гаспадары турніру далі перуанцам вялікі хабар. Уся Бразілія была абураная. Каб неяк кампенсаваць фіяска, зборнай надалі тытул «маральныя чэмпіёны свету».

З тых часоў супрацьстаянне працягваецца з пераменным поспехам. Тут ёсць дадатковы аспект, бо вынікі сустрэч пэўным чынам уплываюць на ход палемікі — хто самы вялікі футбаліст у гісторыі: бразілец Пеле або аргенцінец Марадона?



Мексіка — ЗША

Гэта адна з самых маладых вендэт у футболе, хаця каманды сустракаюцца з 1934 года. Галоўная прычына — традыцыйныя антыамерыканскія настроі ў Мексіцы. Футбол — адзін з тых відаў спорту, дзе ЗША слабейшыя, і мексіканцы могуць адчуць перавагу над больш заможнымі грынга. Як прыклад, 46 гадоў запар пасля першай сустрэчы мексіканцы не прайгравалі амерыканцам. Аднак апошні час тут нешта зламалася. У 2002 годзе каманды сустрэліся ў Паўднёвай Карэі, і нечакана для ўсіх амерыканцы перамаглі 2:0. Цяпер усе мексіканцы чакаюць сатысфакцыі.

Германія — Нідэрланды

Усяму віной германская акупацыя Нідэрландаў у час другой сусветнай вайны і катастрофа 1974 года. У 1970-я гады галандскі футбол зрабіў сапраўды прарыў. Усе чакалі, што ў 1974-м каманда пераможа на Чэмпіянаце свету ў Германіі. Аднак перамаглі немцы. У Нідэрландах панавала неафіцыйная нацыянальная жалоба. Галандцы рэабілітаваліся, калі ўзялі ў 1988 годзе ў Германіі тытул чэмпіёнаў Еўропы. «У 1940-м прыйшлі яны, у 1988-м прыйшлі мы», — любімая песня галандскіх фанатаў. Менавіта вострыя адносіны балельшчыкаў робяць атмасферу матчаў Галандыі і Германіі вельмі напружанай. Абодва бакі прыдумляюць рознага кшталту абразлівыя песні на адрас апанентаў. Настроі на трыбунах перадаюцца на поле. Падчас адной такой сустрэчы галандскі футбаліст нават спрабаваў задушыць нямецкага калегу.

Францыя — Італія

Гэту вендэту парадзіла спрэчка паміж французам Зінедзінам Зіданам і італьянцам Марка Мацерацці падчас фіналу папярэдняга кубка свету. Італія ў выніку перамагла, аднак італьянцы не могуць прабачыць Зідану тое, што ён ударыў галавой іхняга суайчынніка. У сваю чаргу, для французаў расправа над Мацерацці — своеасаблівая кампенсацыя за паразу.
 

Каментаваць