Футбольная перабудова

Якія пытанні разглядаліся на канферэнцыі актывістаў грамадзянскіх праектаў, якія працуюць з футбольнай тэматыкай у Барселоне? Пра гэта "НЧ" распавядае адзін з арганізатараў, аўстрыйскі актывіст Маркус Пірнер.



— Падчас канферэнцыі гучаў дастаткова экзатычны для постсавецкіх краін тэрмін «футбольная грамадскасць». Пра што ідзе гутарка?

— Футбольная грамадскасць — гэта шматлікія грамадзянскія ініцыятывы, якія намагаюцца праз футбол пазбавіць грамадства ад ксенафобіі, гамафобіі, фашызму, дапамагчы нацыянальным меншасцям інтэгравацца ў грамадства. Для нас вельмі важна падтрымліваць і развіваць дэмакратычныя нормы ў краінах, якія прымаюць буйныя футбольныя турніры. Напрыклад, я ўваходжу ў сетку «Футбол супраць расізму ў Еўропе», якую таксама падтрымліваюць міжнародныя футбольныя структуры — FIFA і UEFA. Прасцей кажучы, мы хочам, каб футбол стаў больш этычны, дапамагаў рабіць нашы грамадствы больш дэмакратычнымі і справядлівымі, а не быў прадметам палітычных гульняў і бруднага бізнесу.

— Што думае футбольная грамадскасць пра апошні буйны карупцыйны скандал у кіраўніцтве FIFA?

— На нашу думку, гэта лагічны вынік шэрагу тэндэнцый у сучасным футболе, і перш за ўсё новае палітычнае вымярэнне буйных турніраў. Прымаць Кубак свету — гэта вялікі піяр для палітыкаў, якія гатовыя для правядзення турніраў не толькі даваць хабары, аднак таксама браць грошы з сацыяльных фондаў. Мы бачылі, як у той жа Бразіліі закладнікам чэмпіянату свету 2014 года сталі бюджэтныя артыкулы на адукацыю і будаўніцтва сацыяльнага жылля. Адначасова футбол стаў ахвярай камерцыялізацыі: на стадыёны пускаюць скампраметаваныя брэнды, якія маюць вельмі адмоўны імідж, якія нават падтрымлівалі дыктатараў, напрыклад, «Брытыш Петроліум». На нашу думку, апарат былога старшыні FIFA Ёзафа Блатэра не ў стане змагацца з новымі выклікамі.

Праўда, гэта тычыцца не толькі футболу. Прыклад таму — Еўрапейскія гульні, якія праходзяць цяпер у Азербайджане — краіне, дзе ў турмах практыкуюцца катаванні. Нягледзячы на крытыку грамадскасці, сёння МАК (Міжнародны алімпійскі камітэт) думае, якой з краін — Кітаю або Казахстану — аддаць права на правядзенне зімовых алімпійскіх гульняў 2020-га. Як бачым, усё ідзе да таго, што ў выніку Алімпіяду будзе прымаць краіна, дзе з правамі чалавека шмат праблем. На нашу думку, гэта кампраметуе саму ідэю спартовага руху.

— На канферэнцыі ў Барселоне шмат казалі пра чэмпіянат свету ў Расіі ў 2018-м. Якое рэзюмэ гэтай дыскусіі? Ці не можа чэмпіянат быць перанесены ў іншую краіну?

— У дыскусіі браў удзел прадстаўнік FIFA, які даў зразумець, што пакуль пытанне пра змену гаспадара турніру не ставіцца. Хутчэй за ўсё, Расія ўсё ж будзе прымаць чэмпіянат. Прычым яна, падаецца, хоча правесці турнір па канонах алімпіяды ў Сочы, калі дзяржава выкарыстала спорт для апраўдання свайго палітычнага курсу. Мы зацікаўленыя, каб футбольнае свята дапамагло развіццю ў Расіі атмасферы талерантнасці і пашырэнню грамадзянскіх свабодаў. На жаль, сітуацыя пакуль адваротная. Хутчэй за ўсё, існуючы візавы рэжым паміж Расіяй і Еўропай будзе выкарыстаны для таго, каб не дапусціць у краіну замежных актывістаў, перш за ўсё тых, хто змагаецца за правы сексуальных меншасцяў. Думаю, што спробы грамадскасці неяк актывізавацца напярэдадні турніру будуць разглядацца расійскімі ўладамі як нейкая каварная спроба дысідэнтаў легалізавацца пад прыкрыццём футболу. У любым выпадку, мы чакаем ліпеня, калі расійскі бок агучыць свае думкі пра фармат удзелу грамадскасці ў чэмпіянаце. Пасля гэта будзем рабіць высновы.

— Якія, на вашу думку, рэформы FIFA дапамогуць ператварыць футбол у правадніка прагрэсіўных ідэяў?

— На дадзеным этапе цалкам рэальна зрабіць у складзе кіраўніцтва Федэрацыі квоту для прадстаўнікоў грамадскасці, абіраць якіх яна зможа на нейкім форуме. Другая цалкам рэальная мера — гэта стварэнне ў бюджэце FIFA, што складае каля 150 мільёнаў долараў, асобнага спецыяльнага артыкулу, які будзе ісці на падтрымку грамадзянскіх праектаў. Прынамсі мы думаем, што такі артыкул можна стварыць у бюджэце, які будзе сфармаваны для правядзення чэмпіянату свету. У такім выпадку гаспадары Кубка свету будуць вымушаны пашырыць рамкі свабод для трэцяга сектара. Таксама хачу сказаць, што зараз вельмі важны момант у гісторыі спорту. Нам патрэбныя рэальныя крокі, каб пачаліся рэформы. Вышэй я казаў, што футбол набыў палітычнае вымярэнне, аднак гэта значыць, што праз футбол людзі таксама могуць рабіць палітыку.

— Што будзе, калі кансерватыўнай фракцыі той жа FIFA атрымаецца захаваць існуючую мадэль глабальнай футбольнай інфраструктуры?

— Думаю, што ў такім выпадку мы будзем жыць ад аднаго карупцыйнага скандалу да наступнага. І самы буйны скандал нас, безумоўна, чакае, калі чэмпіянат свету па цяперашняй схеме будзе прымаць Катар у 2022 годзе. Спецыялісты кажуць, што ў гэтай краіне зараз калі 5 тысяч чалавек працуюць у статусе сапраўдных рабоў. Не выключана, што рабская праца будзе выкарыстаная падчас будаўніцтва спартовых аб’ектаў. Скандал такога маштабу не пакіне кансерватарам у FIFA ніякіх шансаў. Калі бомба не выбухне ў Катары, то гэта будзе мець месца трошкі пазней. Мяркую, што рэформы ў футболе проста непазбежныя.

Каментаваць