Гарант Лісабонскай канстытуцыі

Пасля рэферэндуму ў Ірландыі, нефармальнай згоды з боку чэхаў і падпісання палякамі, так званы Лісабонскі праект Канстытуцыі Еўрасаюза можна лічыць фактычна прынятым. Адпаведна дакументу, у ЕС уводзяцца дзве новыя пасады: прэзідэнт і кіраўнік МЗС.

Прэзідэнт будзе абірацца Саветам Еўропы на 2,5 гады. Міністр замежных спраў ЕС — на 5 год. Прычыны ўвядзення дзвюх новых пасад зразумелыя. ЕС павінна больш выразна вызначыць сябе на міжнароднай арэне.



Пасля рэферэндуму ў Ірландыі, нефармальнай згоды з боку чэхаў і падпісання палякамі, так званы Лісабонскі праект Канстытуцыі Еўрасаюза можна лічыць фактычна прынятым. Адпаведна дакументу, у ЕС уводзяцца дзве новыя пасады: прэзідэнт і кіраўнік МЗС.

Прэзідэнт будзе абірацца Саветам Еўропы на 2,5 гады. Міністр замежных спраў ЕС — на 5 год. Прычыны ўвядзення дзвюх новых пасад зразумелыя. ЕС павінна больш выразна вызначыць сябе на міжнароднай арэне.

У абавязкі прэзідэнта будзе ўваходзіць старшынства ў Савеце Еўропы (тут засядаюць прэм’еры краін ЕС) і прадстаўленне ЕС падчас рознага кшталту знешнепалітычных кантактаў.

На першы погляд, гэта выключна прадстаўнічыя функцыі, аднак спецыялісты, якія ведаюць брусельскую кухню, сцвярджаюць: калі прэзідэнтам ЕС стане харызматычная і валявая асоба, ЕС можа ператварыцца ў больш кансалідаванае аб’яднанне, новага планетнага лідэра.

Тым больш, калі пад рукой — міністр замежных спраў ЕС. Ён будзе мець свой дыпламатычны корпус і 8 мільярдаў еўра бюджэту штогод.

Дэфіцыт яскравых палітыкаў у Еўропе відавочны. Лепшы прыклад таму — цяперашні старшыня еўрапейскай камісіі Хасэ Мануэль Барозу, пераабраны на другі тэрмін. Яго фігура ў вачах еўрафілаў вельмі супярэчлівая: ён намагаецца не канфліктаваць з урадамі вялікіх дзяржаў, напрыклад, Германіі і Францыі, заложнікам чаго стала развіццё ўнутранага рынку ЕС. Партугалец таксама засвяціўся ў скандале з так званымі турмамі ЦРУ, у якіх без санкцый утрымліваліся грамадзяне ў тым ліку і краін ЕС.

Тым не менш, як не дзіўна, той жа Барозу мае шансы стаць прэзідэнтам ЕС. Аналітыкі кажуць, што Барозу можа паспрабаваць зрабіць сабе імідж больш аўтаномнага і паслядоўнага еўрапалітыка. І на гэты раз у яго камандзе галоўным чынам блізкія яму па поглядах кансерватары.

Другім і пакуль галоўным кандыдатам на пасаду кіраўніка ЕС выступае 56-гадовы Тоні Блэр, былы прэм’ер Вялікабрытаніі ад Партыі лейбарыстаў. Яшчэ задоўга да плебісцыту ў Ірландыі, ён пачаў публічна казаць пра жаданне заняць крэсла першага прэзідэнта ЕС. Ягоныя плюсы: паслядоўны рыначнік (гэта падабаецца кансерватарам, якія апошнім часам маюць у Еўрапарламенце большасць), вопыт працы на пасадзе кіраўніка адміністрацыі, стратэгічнае мысленне. Акрамя таго, Блэр карыстаецца падтрымкай палітычных эліт Парыжу і Берліну.

Мінус Блэра — вайна ў Іраку. Крытыкі кажуць, што Блэр можа гэтак жа лёгка зацягнуць ЕС у нейкую іншую геапалітычную авантуру.

Наступны пасля Блэра — 53-гадовы Ян Петэр Балкенендэ, цяперашні прэм’ер Нідэрландаў. Яго лічаць экспертам у дасягненні кампрамісаў. Ён ведае, як працаваць з левымі і правымі. Адмоўны бок — відавочны брак харызмы і адсутнасць глабальнага бачання і вялікіх амбіцый.

Добрыя магчымасці мае Жан-Клод Юнкер — прэм’ер-міністр Люксембургу. Лічыцца, што ён здольны абараняць правы малых дзяржаў і пры гэтым — заўзяты прыхільнік еўраінтэграцыі.

Хто далей? Гэта былы фінскі прэм’ер Паава Ліппанен. Фін належыць да лагеру рэфармісцкіх левых. На пасадзе кіраўніка дзяржавы зарэкамендаваў сябе як паслядоўны прыхільнік інтэграцыі. Яго адносяць да галоўных пратэжэ Ангелы Меркель. Але фінскага палітыка не любяць у Варшаве і некаторых краінах Усходняй Еўропы. На думку палякаў, ён залішне любіць Расію.

У сваю чаргу, Варшава, здаецца, хацела б бачыць ў крэсле прэзідэнта ЕС Карла Більдта, цяперашняга міністра замежных спраў Швецыі. Гэты скандынаў заўсёды жорстка ставіўся да курсу Масквы на адраджэнне шматпалярнага свету.

Більдт таксама выступае за далейшае пашырэнне ЕС на ўсход і ўключэнне ў яго склад Турцыі. Апошняя акалічнасць памяншае ягоныя шансы, паколькі турэцкае сяброўства ў ЕС не выклікае захаплення ў ФРГ і Францыі.

Хаця шмат хто лічыць, што Більдт у выпадку, калі Блэр стане прэзідэнтам, мог бы заняць пасаду кіраўніка еўрапейскага МЗС. Більдт і Блэр лічацца сябрамі.

Дарэчы, ахвотных на пасаду кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі таксама хапае. Гэта Оллі Рэн, цяперашні камісар па пытаннях пашырэння ЕС. Ягоныя галоўныя канкурэнты — былы міністр замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер і аўстрыйка Урсула Пласснік.

Нарэшце, пералічым палітыкаў, якія так ці інакш давалі зразумець, што хацелі б стаць прэзідэнтам ЕС. Гэта Берці Ахерн, прэм’ер Ірландыі, Вацлаў Гавэл, былы прэзідэнт Чэхіі, італьянскі правы палітык, былы прыхільнік Мусаліні Джанфранка Фіні. Былы прэм’ер Іспаніі Хасэ Марыя Азнар, і нават былы кіраўнік ураду Балгарыі.

Абранне лідэра ЕС і дырэктара яго МЗС стане не проста фармальным галасаваннем па кандыдатурах. Гэта будзе вялікая камбінацыя, дзе разменныя пешкі — партфелі камісараў Еўрапейскай камісіі. Кожная краіна хацела б працягнуць свайго чалавека на тую ці іншую пасаду ў гэтай структуры. Так, Францыя хацела б захаваць свае пратэкцыянісцкія прывілеі. Не выключана, што яна пагодзіцца падтрымаць кандыдатуру якога-небудзь палітыка ў абмен на пасаду міністра ўнутранага рынку.

У любым выпадку, як пішуць каментатары, Еўропа мае, магчыма, унікальны шанс. Першы гарант Лісабонскай канстытуцыі атрымае карт-бланш. Яго кадэнцыя пачнецца ў час выхаду сусветнай эканомікі з крызісу, і Еўропа ў выпадку мабілізацыі сваіх рэсурсаў у імя адзінай мэты можа стаць глабальным лідэрам, як ЗША і Кітай.

Каментаваць