Гаварыце са мной на балачцы

У школах Краснадарскага краю маюць намер пачаць выкладаць у школах прадмет «балачка». Балачка — своеасаблівы дыялект кубанскіх казакоў

(На выяве: Нагрудны знак кубанскіх казакоў)



У школах Краснадарскага краю маюць намер пачаць выкладаць у школах прадмет «балачка». Балачка — своеасаблівы дыялект кубанскіх казакоў

(На выяве: Нагрудны знак кубанскіх казакоў)


Балачка, ці балаканне, — гэта паўднёва-ўсходнія (стэпавыя) дыялекты ўкраінскай мовы, якія развіваліся самастойна на Доне і Кубані ў тым ліку пад вялікім ўплывам рускай мовы. Існу­юць тры асноўныя гістарычныя разнавіднасці балачкі — кубанская, данская і горская.

Пачнём з данской. Гістарычная блізкасць Украіны да Данскога казацтва прывяла да сталых міграцый украінцаў на Дон і да распаўсюду там украінскіх дыялектаў. Галоўная адзнака данской балачкі — моцнае змякчэнне зычных гукаў. У выніку ўзнікла мясцовая гаворка, якую носьбіту рускай мовы вельмі цяжка зразумець. Вось прыклад гаворкі, на якой размаўлялі на Доне ў пачатку ХХ стагоддзя (арфаграфія арыгінала): «Я зарас встрену за баляс казачий, давичи втрелси с терцами, погутарили тадася вон я зарас и поведал шшё донцы дюжа с терцами личут, токмо наблиз иде та с низовыми донцами… Черизвычай старообрядцы, альбо с предвеку скочевались кактысь».

Яшчэ больш балачка была пашырана на Кубані, дзе на ёй размаўлялі пераселеныя з Запарожскай Сечы казакі. Кубанская балачка, па словах навукоўцаў, найбольш блізкая да літаратурнай украінскай мовы. Аднак графіка і арфаграфія, як правіла, выкарыстоўваецца руская. Цікава, што перапісам 1897 года гэты дыялект нават аднеслі да ўкраінскай мовы.

Вось прыклад кубанскай балачкі: «Э, хлопче, у нас говорыть ни як не можно. Сапач так Сапач, а жежь ты не скажешь мини своей настоящей хвамилии, таких я богато, як ты бачив, а як шо и после цего ты за Сапача мини будыш гавкать, так я тобя прикажу пятьдесят батогив отпустыть в то мисто, виткиль ноги растут. Иды соби с Богом. Хочышь курень строй, а ны хочышь — черт с тобой».

Горская балачка адрозніваецца прыкметным каўказскім (у першую чаргу адыгейскім) уплывам. Каўказскі субстрат нават выцясняе першапачатковы ўкраінскі, Леў Талстой у сваіх казацкіх апавяданнях згадвае асаблівасці лексікі горскіх казакоў: «ружжо» — «флінта», «забіць» — «замордовать», «бабуля» — «бабука», «маці» — «мамука», «сястра» — «нянюка» і г.д.


Казакаў адносяць да субэтнасаў расійскага народа (усяго іх 16). Аднак літаратурныя помнікі былі толькі на балачцы і на мове архангельскіх памораў. Гэта дало падставу для заклікаў стварыць на базе балачкі казацкую мову.

У 1918 годзе атаман Пётр Красноў прапанаваў надаць балачцы статут афіцыйнай мовы Данской Рэспублікі нароўні з рускай, што не мела, аднак, шырокай падтрымкі. Стварэнне данской (казацкай) літаратурнай мовы было прыпынена.

Выкарыстанне балачкі ў СССР абмежавалася выкананнем фальклорных песняў, у тым ліку славутай «Распрагайце, хлопцы, коні». Пэўным цэнтрам захавання моўнай традыцыі выступіў кубанскі казацкі хор, спецыялісты якога рабілі этнаграфічныя экспедыцыі ў пошуках новых народных твораў. У побыце балачка ўжываецца пераважна пажылымі станічнікамі. Сярод моладзі балачка лічыцца мовай калгаснікаў.

У пачатку 1990-х гадоў узніклі групы энтузіястаў, што выступалі за адраджэнне балачкі. Яны дабіліся стварэння на кубанскім тэлебачанні асобнай праграмы на балачцы і паступова працуюць над кадыфікацыяй граматычных правіл. Апошняй іхняй перамогай стала рашэнне мясцовых уладаў уключыць вывучэнне балачкі ў школьную праграму. Пакуль, аднак, яе будуць вывучаць факультатыўна.

Супраць гэтай ідэі, дарэчы, ужо ўзнікла апазіцыя ў выглядзе выкладчыкаў рускай мовы. Яны баяцца, што вучні пачнуць усім класам «гэкаць» і «шокаць». Некаторыя кажуць, што лепш дадаткова вывучаць замежныя мовы, чым выміраючы дыялект. Нарэшце, шмат хто бачыць у адраджэнні балачкі палітычныя гульні. Кубанскія ўлады пад соусам адраджэння казацкай культурнай спадчыны змагаюцца з помнікамі савецкіх часоў. Гэта не падабаецца камуністам.

Аднак нават пачатак грамадскай дыскусіі па праблеме мясцовых дыялектаў — гэта ўжо вялікая перамога прыхільнікаў балачкі. Асабліва з улікам апошніх намераў Масквы абмежаваць вывучэнне ў школах моваў малых этнасаў Расійскай Федэрацыі.

Цікавы таксама падыход да балачкі ва Украіне. Тут да гэтага часу папулярная думка пра тое, што кубанцы, нашчадкі запарожскіх казакоў, — этнічныя ўкраінцы. Сапраўды, украінскі элемент быў вельмі моцным на Кубані да пачатку 1930-х гадоў. Паводле дадзеных перапісу 1926 года, палова жыхароў Кубані лічыла сябе ўкраінцамі. У краі працавала некалькі навучальных устаноў з выкладаннем прадметаў на ўкраінскай мове, выходзілі ўкраінскамоўныя газеты, па-ўкраінску вялося справаводства і г.д.

Аднак падчас калектывізацыі чамусьці вырашылі русіфікаваць усе г. зв. украінскамоўныя раёны. Прычым асаблівая пастанова ЦК ВКП(б) і СНК СССР ад 14 снежня 1932 года патрабавала зрабіць гэта рэкорднымі тэмпамі — да 1 студзеня 1933-га. Рэдакцыям украінскамоўных кубанскіх газет было дадзена ўсяго тры дні, каб наладзіць іх выпуск па-руску. Такая татальная антыўкраінская кампанія дала свае вынікі. Паводле ўсесаюзнага перапісу 1959 года, украінцаў у Краснадарскім краі пражывала ўсяго 3,9 працэнта.

Намеры рэабілітаваць балачку ва Украіне горача віталі. Нават факультатыўная балачка для ўкраінскай інтэлігенцыі — перашкода працэсам поўнай асіміляцыі Кубані. Аднак праблема ў тым, што балачка, так ці інакш, украінска-рускі дыялект, прычым вельмі падобны на «суржык» (украінскі падвід трасянкі). Той самы «суржык», які смяротна ненавідзіць украінская інтэлігенцыя, што вітае адраджэнне балачкі. Для інтэлектуалаў суржык — мова каланізацыі ўкраінскай вёскі.

Ці не выклікае адраджэнне балачкі цікавасць да феномена суржыку, на якім, калі верыць матэрыялам Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялогіі ад 2003 года, размаўляюць 12 працэнтаў жыхароў Украіны? Тым больш, што суржык — арганічны кампанент шматлікіх твораў сучаснай украінскай літаратуры.

Каментаваць