Гэць Кучму–2

30 верасня ва Украіне адбыўся фактычна канстытуцыйны пераварот — з парламенцка-прэзідэнцкай (галоўнае дасягненне “аранжавай рэвалюцыі) дзяржава стала зноў прэзідэнцкай. Што значаць такія змены для “аранжавай апазіцыі? На гэта і іншыя пытанні журналіста “НЧ Алега Новікава адказвае кіеўскі палітолаг Юрый Дакукін.



30 верасня ва Украіне адбыўся фактычна канстытуцыйны пераварот — з парламенцка-прэзідэнцкай (галоўнае дасягненне “аранжавай рэвалюцыі) дзяржава стала зноў прэзідэнцкай. Што значаць такія змены для “аранжавай апазіцыі? На гэта і іншыя пытанні журналіста “НЧ Алега Новікава адказвае кіеўскі палітолаг Юрый Дакукін.

— Вядома, што Партыя рэгіёнаў унутры неаднародная. Раней некаторыя яе лідэры (такія, як Клюеў і Ахметаў) выступалі супраць абмежаванняў паўнамоцтваў парламенту. Ці не пагражаюць апошнія папраўкі абвастрэннем канфлікту паміж групоўкамі ўнутры кіруючай партыі?

— Змены ў Асноўны закон былі сапраўды зробленыя па ініцыятыве адміністрацыі прэзідэнта. І толькі факт гэтай ініцыятывы можна лічыць перамогай групы Віктара Фёдаравіча над унутранай апазіцыяй, якая бачыла ў парламенцкай сістэме гарантыю таго, што выканаўчая ўлада будзе з імі лічыцца. Навацыі наўрад ці спадабаюцца шматлікім сябрам Партыі рэгіёнаў. Нельга забы­ваць таксама, што Сяргей Лёвачкін — кіраўнік адміністрацыі і галоўны ідэолаг рэформы — мае напружаныя асабістыя адносіны з прадстаўнікамі Ахметаўскай групы, да якіх, дарэчы, адносяць і старшыню ўраду Міколу Азарава. Апошні ў выніку змен у Канстытуцыі аказаўся папросту заложнікам прэзідэнта. Цяпер, каб адправіць яго ў адстаўку, Януковічу не трэба будзе кансультавацца з дэпутатамі. Дастаткова аднаго ягонага подпісу. А пра тое, што Азараў хутка вызваліць кабінет старшыні Кабміну, кажуць усе. Запланаваны на восень рост камунальных плацяжоў плюс падзенне рэйтынгу даверу да партыі і бюджэтны крызіс ствараюць падставу для падобнага кроку прэзідэнта. Іншымі словамі, новы закон быў патрэбны прэзідэнту ў тым ліку і для таго, каб у выніку пагрозы хутка змяняць склад міністраў, перакладаючы на іх адказнасць за дрэнны стан эканомікі. Так ці інакш, перамены паскораць працэсы дэцэнтралізацыі ў шэрагах Партыі рэгіёнаў. Пасля таго, як завяршацца прызначаныя на 15 кастрычніка мясцовыя выбары, трэба чакаць росту канфрантацыі паміж “бела-блакітнымі, а магчыма нават расколу партыі.

— А што будзе з малымі партыямі, якія ўваходзяць у склад кабінету? Маю на ўвазе камуністаў і партыю Літвіна.


— Літвіну не пазайздросціш. Па-першае, ён як спікер губляе былы статус. Раней спікер каардынаваў працу ўсіх органаў парламенту, быў пасярэднікам паміж галінамі ўлады. Цяпер ён адказны хіба што за тэхнічную падрыхтоўку працы дэпутатаў. Але галоўнае ў іншым. Рэформа — гэта таксама адмена закону аб імператыўным мандаце, які дазваляў лідэрам фракцый неяк кантраляваць сяброў сваёй групы. Цяпер дэпутаты могуць галасаваць так, як захочуць. Сярод дэпутатаў Літвіна даўно існуе фронда на карысць Партыі рэгіёнаў. Сёння гэтай групе нічога не замінае перайсці ў іншую фракцыю. Тое ж самае і з камуністамі. Парламент вяртаецца ў часы дыфузных сітуатыўных большасцяў, якія будуць узнікаць пад галасаванне за асобныя законы. У кожным канкрэтным выпадку прэзідэнту трэба назбіраць неабходныя 226 галасоў. Танней купляць не фракцыі, а асобных парламентарыяў. Дарэчы, камуністы выступілі супраць паправак, аднак чамусьці пры гэтым папрасілі прэзідэнта, каб ён пакінуў іх у складзе Кабміна. Аргументацыя тут такая: для правядзення маштабных рэформаў трэба, каб ва ўрадзе было як мага больш прадстаўнікоў розных партый.

— Ці прывядзе рэформа да змены твару апазіцыі?

— Так. Цалкам мяняецца канфігурацыя парламенцкай апазіцыі. Што да фракцыі Юліі Цімашэнка, то яна застанецца маналітнай. Тыя, хто хацеў адтуль збегчы, даўно збеглі. Затое ў кантэксце адмены закону пра імператыўны мандат наступствы рэформы значаць развал фракцыі “Наша Украіна. На яе базе могуць з’явіцца як мінімум тры групоўкі — група Кірыленкі, група Юшчанкі і група Давіда Жванія. Аднак новы закон значыць не толькі дзяленне, аднак таксама канец унутранай барацьбы за лідэрства ў фракцыі “Наша Украіна, якую вялі тры згаданыя кангламераты. Паколькі прадмету канфлікту — пасады кіраўніка фракцыі — няма, можна падумаць пра пачатак нейкага аб’яднання супраць агульнага праціўніка. І, акрамя таго, паколькі дэпутаты цяпер хутчэй маюць дарадчы голас, ім няма чаго губляць.

— Ці сімвалічнае вяртанне ў прававы парадак часоў Кучмы адродзіць настроі Майдану і дасць імпульс апазіцыі?


— Гэта не проста вяртанне ў 2004 год. У папраўках хаваецца адна вельмі небяспечная дэталь. Януковіч абіраўся па версіі канстытуцыі 2004 года. Такім чынам, з яе адменай яго цяперашні тэрмін становіцца нулявым. І, адпаведна, ён можа яшчэ тры разы балатавацца на пасаду кіраўніка дзяржавы. Натуральна, эмоцый з гэтай і іншых прычын хапае. БЮТ ужо пачаў старую песню з блакадай трыбуны ў зале Рады і патрабуе перагледзець рашэнне ад 30 верасня, паколькі суддзі не мелі права яго прымаць. Аднак пакуль актывізацыі грамадства не назіраецца. Магчыма таму, што мадэль парламенцкай рэспублікі, якая існавала амаль 6 гадоў, таксама аказалася далёка не ідэальнай. Пра Кучму і ягоныя фокусы ўсе неяк забыліся. Затое ў памяці захаваліся падзеі апошніх гадоў: бясконцыя ўрадавыя крызісы, бойкі падчас сесій, прызначэнні на пасады міністраў вельмі адыёзных палітыкаў, войны паміж урадам і прэзідэнтам і г.д.

— 15 кастрычніка ў краіне пройдуць мясцовыя выбары. Якое іх значэнне ў глабальным плане? Якія вашы прагнозы?

— Выбары павінны адказаць на пытанне, ці зможа апазіцыя скарыстацца серыяй правалаў ураду і фактычна адрадзіцца ў цяперашнім фармаце з цяперашнімі лідэрамі. Калі так, то гэта будзе рэнесансам Цімашэнка і Юшчанкі. Калі не — пачнецца перазагрузка апазіцыі, якая можа цягнуцца аж да парламенцкіх выбараў 2012 года. Выбары, у любым выпадку, будуць цікавымі з пункту гледжання развіцця палітычных тэхналогій. Партыя рэгіёнаў ідзе на іх з ноў-хаў. Замест таго, каб падрабляць вынікі, як у 2004 годзе, яна дробіць аранжавых, стварае фантомныя партыі з назвамі, падобнымі на назвы вядучых партый апазіцыі, надае імідж галоўнай партыі апазіцыі праекту “Сильная Украина, лідэр якой Сяргей Цігіпка ёсць сябрам ураду Азарава. Таму таксама цікава, ці з’есць такую нажыўку электарат?
-------------------------------------------------------

Даведка:

30 верасня 17 з 18 суддзяў Канстытуцыйнага суда прызналі папраўкі ў тэкст Канстытуцыі Украіны, унесеныя ў рамках так званай палітрэформы 2004 года, незаконнымі. У выніку ў краіне ўстанаўліваецца папярэдняя дзяржаўная мадэль — прэзідэнцкая рэспубліка. Гэта значыць, што Кабмін зноў цалкам падкантрольны кіраўніку дзяржавы. Выключна прэзідэнт можа ўносіць на разгляд Вярхоўнай Рады кандыдатуры прэм’ер-міністра. Таксама толькі прэзідэнт мае права адпраўляць урад у адстаўку і цалкам фармуе сілавы блок. Прэзідэнт можа адмяняць указы ўраду і рэарганізоўваць органы цэнтральнага кіравання.

Каментаваць