Грэцыя абрала хаос

На выбарах 5 мая грэкі адмовілі ў даверы вядучымі партыямі за прынятыя імі меры жорсткай эканоміі. Трыумфатарамі сталі левыя радыкалы. Пра наступствы такога выбару журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з Вольфганам Церпінам, нямецкім журналістам, які працуе ў Грэцыі.



На выбарах 5 мая грэкі адмовілі ў даверы вядучымі партыямі за прынятыя імі меры жорсткай эканоміі. Трыумфатарамі сталі левыя радыкалы. Пра наступствы такога выбару журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з Вольфганам Церпінам, нямецкім журналістам, які працуе ў Грэцыі.

— Грэчаская палітыка доўгі час нагадвала мясцовы футбол, дзе фактычна ёсць два выбітныя клубы — «Алімпіакас» і «Панаіціакас», якія па сутнасці і вырашалі лёс чэмпіянату. У палітыцы такімі гульцамі былі кансерватары і сацыялісты. І раптам іх гегемонію парушыў клуб з самага нізу турнірнай табліцы. Што сабой уяўляе СІРІЗА?

— Група СІРІЗА (Кааліцыя радыкальных левых) узнікла напярэдадні парламенцкіх выбараў 2004 года. Гэта аб’яднанне левых ініцыятыў і партый, якіх у свой час сабрала пад адным дахам нянавісць да дагматычнай сталінісцкай Кампартыі (ККЕ). Пра сектанцкі характар камуністаў сведчыць хаця б тое, што яны дасюль пры фармаванні палітычнага курсу кіруюцца пастановамі даваеннага з’езду Камінтэрна, падтрымліваюць Зюганава і вашага Лукашэнку. Спачатку СІРІЗА набірала невялікую колькасць галасоў — 3–5 працэнтаў. А з трэцяга разу зрабіла папросту прарыў.

— У чым прычыны такога электаральнага цуда?

— Прычыны зразумелыя — недавер да старых партый. У канцы 2011 года тры з чатырох галоўных партый у грэчаскім парламенце дамовіліся пра фармаванне кааліцыйнага ўрада, мэтай якога будзе ратыфікацыя дамовы з Еўропай і, як следства, правядзенне эканамічных рэформаў у краіне. Камуністы, як заўсёды, былі супраць, аднак гэтым разам быццам не вельмі. Гэта і стварыла ілюзію таго, што яны таксама частка каманды. Галоўным пунктам дамовы з МВФ і ЕС наконт выдзялення траншу было патрабаванне скараціць бюджэтны дэфіцыт. У выніку скарачэнне дзяржаўных праграм прывяло да новага вітку беспрацоўя. Як следства, пры першай магчымасці грэкі адмовілі старым партыям у даверы.

— Героем усіх еўрапейскіх газет цяпер з’яўляецца Алексіс Ціпрас, лідар Кааліцыі радыкальных левых. Што гэта за чалавек?

— Алексіс нарадзіўся ў 1974 го­дзе ў Афінах, скончыў звычайную школу, выпускнік палітэхнікума з дыпломам інжынера-будаўніка. Працаваў па спецыяльнасці. Падаўся ў палітыку яшчэ школьнікам. Спачатку быў адным з лідараў камсамолу пры Кампартыі, а пасля правадыром антыглабалістаў. У часы вучобы ў Афінах далучыўся да партыі «Сінаспізмас», на базе якой і была сфармаваная СІРІЗА, а ў 2008 годзе стаў яе лідарам.

— Чаго хоча СІРІЗА і яе харызматычны лідар? Ці ўвойдзе Кааліцыя радыкальных левых у склад новага ўраду?

— Што тычыцца праграмы блоку СІРІЗА, дык яна дастаткова радыкальная — групоўка высунула «10 пунктаў» дзеянняў (ці, хутчэй, прынцыпаў) свайго будучага ўраду. Гэта недапушчэнне мер «цвёрдай эканоміі», прыпыненне выплат па працэнтах і г.д. Пры гэтым СІРІЗА хоча адначасова нацыяналізаваць усе банкі краіны і прынцыпова не выплачваць знешнія запазычанасці, і пры гэтым застацца ў зоне еўра. Праўда, знайсці жадаючых падпісацца пад гэтай праграмай амаль немагчыма.

8 мая СІРІЗА атрымала ад прэзідэнта Грэцыі даручэнне сфармаваць урад, паколькі гэта не атрымалася ў «Новай дэмакратыі», якая заняла першае месца на выбарах. Лідар СІРІЗА таксама заявіў, што ён паспрабуе стварыць блок з левымі партыямі. Аднак можна было адразу сказаць, што наўрад ці левая кааліцыя ўзнікне, паколькі камуністы і сацыялісты адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з радыкальнымі левымі. У тым ліку з-за цяжкіх асабістых адносін. Камуністы раней сцвярджалі, што Ціпрас — агент буржуазіі, наняты для падрыву даверу да ККЕ.

— У адным з першых інтэрв’ю пасля выбараў Алексіс так ахарактарызаваў іх сутнасць: «Палітыка эканоміі, навязаная Ангелай Меркель, атрымала паразу. Вынікі выбараў кажуць пра тое, што статус-кво захаваць не атрымаецца. Народы Еўропы не могуць быць звязаныя варварскімі мемарандумамі». Такая рыторыка зразумелая, паколькі менавіта Берлін з’яўляецца донарам праграмы падтрымкі Грэцыі. Як нямецкі палітыкум ставіцца да вынікаў выбараў і фурору СІРІЗА?

— Праўрадавая нямецкая прэса кажа, што Алексіс Ціпрас — гэта папуліст, які гуляе на пачуццях людзей у нестабільныя часы. Увогуле, прэса ў ФРГ лічыць, што грэкі прагаласавалі за хаос, і не выключае хуткае правядзенне новых выбараў. Праблема, аднак, не толькі ў грэках. Адначасова з Грэцыяй змяніўся палітычны ландшафт у іншых краінах: левыя перамаглі ў Францыі і ў Італіі, дзе адбываліся камунальныя выбары. Сярод іншага, гэта быў гэта пратэст супраць палітыкі жорсткіх мер эканоміі і фінансавай дысцыпліны, сімвалам чаго з’яўляецца Ангела Меркель. Вялікае значэння для легітымнасці такога курсу мела вось Берлін—Парыж. Аднак цяпер з-за паразы Сарказі гэта раўнавага парушана. Што можа дынамізаваць дэбаты пра тое, што фінансавая і бю­джэтная дысцыпліна — гэта не рэцэпт выйсця з крызісу. Тым больш, што сам Аланд прапануе амаль кейнсіянскую праграму — дзяржаўныя інвестыцыі на стварэнне новых працоўных месцаў.

— Якія бліжэйшыя сцэнары развіцця сітуацыі?

— Размеркаванне месцаў у будучым парламенце, верагодна, складзецца на карысць кааліцыі старых партый, якія так ці інакш выступаюць за жорсткія меры эканоміі. Хутчэй за ўсё, урад сфармуюць «Новая дэмакратыя» і ПАСОК. Аднак як доўга пратрымаецца такі ўрад, калі нават партыі не могуць дасягнуць згоды? На працягу месяца новаму ўраду трэба распрацаваць план скарачэння бюджэтнага дэфіцыту на 11 мільярдаў еўра за 2013 і 2014 гады. У адваротным выпадку краіна не атрымае чарговага траншу дапамогі і будзе змушана абвесціць дэфолт. А прыняць новыя план бюджэтных скарачэнняў будзе нялёгка. Нават лідар «Новай дэмакратыі» Антоніс Самарас падтрымлівае ідэю перагляду ўмоў выдачы крэдытаў з боку краін еўразоны і МВФ. Не выключаны новы ўрадавы крызіс і новыя выбары, што яшчэ больш кампраметуе парламенцкую сістэму. Не кажучы пра тое, што ў выніку новых выбараў прадстаўнічая квота як правых, так і левых радыкалаў у парламенце яшчэ павялічыцца.

--------------------------------------------------------

Даведка:


5 мая ў Грэцыі прайшлі датэрміновыя парламенцкія выбары. Пасля падліку галасоў, кансерватыўная «Новая дэмакратыя» атрымала 19,18% галасоў (109 месцаў у парламенце), Кааліцыя радыкальных левых (СІРІЗА) — 16,3% (50 месцаў), сацыялісты з партыі ПАСОК — 13,63% (42 месцы), Незалежныя грэкі — 10,05% (32 месцы), Кампартыя Грэцыі — 8,46% (26 месцаў), ультраправая партыя «Залаты світанак» — 7,04% (22 месцы), Дэмакратычныя левыя — 6% (19 месцаў). Партнёры па ранейшай кааліцыі — кансерватары з «Новай дэмакратыі» і сацыялісты з ПАСОК — не набралі большасці ў парламенце. І зараз для фармавання ўрада нацыянальнага адзінства ім трэба дамаўляцца з трэцяй сілай — левымі радыкаламі. Аднак для гэтага тыя патрабуюць адмовіцца ад дамоваў з ЕС і МВФ.

Каментаваць