Гульні з пралетарыятам

18 мая Уладзімір Пуцін прапанаваў заняць пасаду паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта ва Уральскай Федэральнай Акрузе начальніку цэха Уралвагоназаводу Ігару Халманскіх. Апошні праславіўся на ўсю краіну, калі падчас “прамой лініі з Пуціным прапанаваў пад’ехаць “з мужыкамі ў Маскву і разагнаць мітынгі апазіцыі. Пра тое, нашто Пуціну флірт з рабочымі, журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з расійскім палітолагам Дзмітрыем Касценкам.



18 мая Уладзімір Пуцін прапанаваў заняць пасаду паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта ва Уральскай Федэральнай Акрузе начальніку цэха Уралвагоназаводу Ігару Халманскіх. Апошні праславіўся на ўсю краіну, калі падчас “прамой лініі з Пуціным прапанаваў пад’ехаць “з мужыкамі ў Маскву і разагнаць мітынгі апазіцыі. Пра тое, нашто Пуціну флірт з рабочымі, журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з расійскім палітолагам Дзмітрыем Касценкам.

— Навіна пра прызначэнне Халманскіх стала сенсацыйнай, хаця яшчэ падчас выбараў адзначалі левы дрэйф у прапагандзе Пуціна.

— У левых нават быў такі тэрмін — “левы паварот Пуціна. З пункту гледжання палітычнай тактыкі ўсё выглядала вельмі лагічна, паколькі ў апазіцыі тон задавалі лібералы, прычым лібералы правыя. У правінцыі, дзе моцныя стыхійныя левыя настроі, сталічныя пратэсты падтрымалі не актыўна. А ўлічваючы, што па ўсіх апытаннях грамадскай думкі грамадзяне Расіі схільныя падтрымліваць левы папулізм, такі манеўр стаў для ўлады проста выратавальным.

Аднак пры гэтым ніхто з левых аналітыкаў не прагназаваў, што Пуцін працягне выкарыстоўваць гэтую тэму. Лічылася, што ў доўгатэрміновай перспектыве такі нумар не спрацуе, паколькі сацыяльная палітыка Крамля вельмі супярэчлівая. Пуцін абяцае, што сацыяльныя выдаткі не будуць скарачацца, але не прапануе змяняць агульны трэнд, накіраваны на скарачэнне сацыяльнай сферы. Ён прызнае адказнасць дзяржавы за развіццё сістэмы адукацыі, але прапануе рабіць гэта пераважна за кошт прыватнага сектару. Тагачасны прэм’ер-міністр крытыкаваў алігархаў, але ніколі не казаў пра прагрэсіўны падаходны падатак. І ўжо абсалютна супярэчыла вучэнню Маркса ідэя Пуціна пра неабходнасць стварэння лаяльнай да ўлады рабочай арыстакратыі.

— Аднак у выніку, як сведчыць справа Халманскіх, Пуцін, здаецца, не збіраецца адмаўляцца ад іміджу палітыка, які абапіраецца менавіта на рабочы клас. Як правіла, расійскія СМІ тлумачаць класавую лінію Пуціна тым, што ён канчаткова страціў давер у абедзвюх сталіцах, і ўвогуле сярод сярэдняга класу і моладзі.

— Такая ідэя належыць былому міністру фінансаў Кудрыну, які адным з першых пракаментаваў навіну пра прызначэнне Халманскіх. Гэта думка карыстаецца падтрымкай у ліберальных колах. Некаторыя нават пішуць, што Пуцін вырашыў звярнуцца да метадаў бальшавізму. Аднак “кар’ерны ліфт для аднаго чалавека — не значыць сістэмнай змены іміджу і філасофіі рэжыму. У гэтым можна лёгка пераканацца, калі паглядзець на ўральскія інфармацыйныя рэсурсы. Нават на радзіме Халманскіх не ўспрымаюць як рабочага: ён кіраўнік цэху. Прызначэнне разглядаюць як выказванне цэнтрам асабістай падзякі рэгіёну за актыўную падтрымку на выбарах. Не дарма раней той жа завод атрымаў вялікі дзяржаўны заказ. Нават тагільскія фанаты Халманскіх не бачаць тут перамогі рабочага класу. Яны пішуць патрыятычныя каментары накшталт: “Тагіл, наперад!. Блізкія да ўлады СМІ таксама заклікаюць не рабіць акцэнт на класавым паходжанні Халманскіх, які, дарэчы, пачынаў як грузчык. Яны нагадваюць пра тое, што большасць цяперашніх лібералаў прыйшлі ва ўладу ў 1990-я гады з лабараторый і кафедраў ВНУ, напрыклад, той жа Чубайс.

— Якая тады матрыца кадравай рэформы на Урале?

— Гэта, хутчэй, пасланне прэзідэнта да эліты, а дакладней, да той яе фракцыі, якая не вельмі задаволеная вяртаннем Пуціна ў Крэмль. Быццам, прадстаўнікі гэтай фракцыі нават негалосна падтрымлівалі апошнія апазіцыйныя маніфестацыі ў сталіцы. Сапраўды, шмат хто не верыў, што Пуцін вернецца на трэці тэрмін. Перавод правінцыяла Халманскіх на пасаду прадстаўніка прэзідэнта — гэта ясны знак таго, што Пуцін, у выпадку далейшай фронды, можа лёгка абнавіць цэнтральны апарат новымі людзьмі, якія будуць цалкам адданыя яму. І гэта было б лагічным працягам сённяшняй тэндэнцыі, калі вертыкаль проста ператвараецца ў паслухмяных выканаўцаў волі прэзідэнта. Пра што сведчыць дастаткова шэры склад новага ўраду? Пра тое, што здзейсніўся плаўны пераход ад тэхнічнага прэм’ера да ніякага. Па фігурах міністраў зусім відавочна, што кадравая палітыка ў Расіі становіцца ўсё больш прымітыўнай. А нашто ва ўрадзе яскравыя фігуры, калі краінай 5 гадоў руліў ніякі Дзмітрый Анатольевіч! Руліў — і быццам нічога не здарылася. Досвед з пасадкай у Крэмль муляжа паказаў, што краінай цалкам можна кіраваць пры любых чыноўніках.

— Як паставілася да прызначэння Халманскіх Кампартыя, якая пазіцыянуе сябе ў якасці галоўнага абаронца інтарэсаў працоўных мас?

— Камуністы правялі круглы стол, на якім пастанавілі, што кар’ерны рост Халманскіх не звязаны з тым, што ён вядомы рабочы. Яго прозвішча асацыюецца з цалкам зразумелымі, вельмі агрэсіўнымі заявамі ўлады ў дачыненні да любых людзей, якія маюць іншы пункт гледжання. Гэта значыць, такім чынам, на іх погляд, супрацоўнікам адміністрацый пасланы відавочны сігнал, хто сёння ў фаворы. Прызначэнне Халманскіх, на думку камуністаў, звязана з апошнімі ініцыятывамі з нагоды закона пра мітынгі, дзе прадугледжваюцца фантастычныя штрафы для людзей, якія парушаюць і так не вельмі ліберальныя правілы правядзення масавых мерапрыемстваў.

— Як увогуле ставіцца расійскі рабочы клас да Пуціна?

— Вельмі супярэчліва. З аднаго боку, вялікая частка рабочых удзячная Пуціну за нейкую стабільнасць. Асабліва тыя, хто памятае пачатак 1990-х гадоў, калі вытворчасць амаль перастала працаваць і рабочыя перабіваліся спекуляцыяй, падпрацоўвалі ў камерцыі, ішлі ў крымінал. З іншага боку, рабацягі традыцыйна ненавідзяць службоўцаў усіх узроўняў, падазраючы іх у карупцыі. Адсюль невысокі рэйтынг папулярнасці партыі “Адзіная Расія практычна ва ўсіх буйных індустрыяльных цэнтрах, уключаючы, дарэчы, і Ніжні Тагіл. У дадатак улада сама баіцца росту класавай свядомасці на прадпрыемствах, што прывядзе да радыкалізацыі прафсаюзаў і затармозіць камерцыялізацыю сацыяльнай сферы, сектару ЖКГ. Таму стаўка Пуціна на гегемона можа мець толькі візуальны і кароткатэрміновы эфект у выглядзе штучных мітынгаў для тэлебачання. Але ў будучыні нават такая “актыўнасць рабочых пагражае палярызацыяй грамадства, што і самому Пуціну як гаранту стабільнасці наўрад ці патрэбна.

— Калі гегемон не дапаможа, што можа яшчэ зрабіць Пуцін, каб атрымаць у вачах грамадства статус усенароднага прэзідэнта?

— Мяркую, Пуцін паспрабуе замяць канфрантацыю са сталічнай публікай і інтэлігенцыяй, неяк пашырыць свой сегмент падтрымкі. Для гэтага дастаткова адправіць у адстаўку Мядзведзева, які пры ўсіх мінусах і камічнасці сваёй фігуры лічыцца нефармальным сімвалам крамлёўскай ліберальнай групы. А на вольную вакансію прэм’ера можна запрасіць нейкага палітыка — прадстаўніка так званай “крывавай гэбні кшталту Сяргея Іванова. У такім выпадку ліберальная публіка будзе з менш аўтарытарнага Пуціна парушынкі здзімаць.
 

Каментаваць