Гвалт за гвалт

Забойства Джорджа Ціллера, доктара і актывіста руху за права жанчын на аборты, прымусіла амерыканскае грамадства гаварыць пра новы накірунак у сучасным экстрэмізме — так званы anti-abortion violence (англ.: «антыабортны гвалт»).

Джордж Ціллер, доктар жаночай клінікі ў Канзасе, забіты 31 мая ў царкве свайго роднага горада, быў не першым, хто паплаціўся за сваю працу і погляды.



Забойства Джорджа Ціллера, доктара і актывіста руху за права жанчын на аборты, прымусіла амерыканскае грамадства гаварыць пра новы накірунак у сучасным экстрэмізме — так званы anti-abortion violence (англ.: «антыабортны гвалт»).

Джордж Ціллер, доктар жаночай клінікі ў Канзасе, забіты 31 мая ў царкве свайго роднага горада, быў не першым, хто паплаціўся за сваю працу і погляды.

Пачынаючы з канца 1970-х у крымінальных зводках ЗША, Канады і Аўстраліі рэгулярна сустракаюцца навіны пра напады на жаночыя клінікі і на іх персанал, спробы падпалаў згаданых медычных устаноў, што дазваляе разглядаць такога кшталту злачынствы ўжо не проста як праяву персанальнай дэвіяцыі.

Наогул, прыхільнікаў anti-abortion violence можна лічыць фракцыяй больш шырокага грамадскага руху рro-life (англ.: «за жыццё»). Сябры рro-life у глабальным сэнсе выступаюць за медыцынскую этыку, якая грунтуецца на хрысціянскіх догматах, а дакладней на запаведзі: «Не забі». Адсюль тэзіс — наступствам працы медыкаў не можа быць смерць жывой істоты. Pro-life вымагае, каб быў прыняты закон пра абарону ўсіх формаў чалавечага жыцця, у тым ліку і зародкаў ва ўлонні маці.

Цікава, што такі падыход лагічна павінен патрабаваць адмены смяротнага пакарання. Аднак у гэтым пункце сябры руху pro-life не маюць адзінага падыходу. Таксама гэта тычыцца палемікі наконт таго, ці павінна жанчына ў выпадку аборту мець згоду мужа, біялагічнага бацькі дзіцяці, і сваіх бацькоў?

Затое актывісты pro-life адзіныя ў метадах. Яны прыдумалі шмат формаў актыўнасці, якія сталі іх візіткай. Напрыклад, вельмі папулярная практыка, калі маладым жанчынам, які ідуць падаваць заяву на аборт, робяць бясплатнае ультрагукавае сканіраванне. Актывісты pro-life вераць, што, пабачыўшы плод, жанчына адмовіцца ад ідэі аборту.

Маюць папулярнасць так званыя Life Chain — стаянне групы асобаў з лозунгамі кшталту «Аборты забіваюць дзяцей» або «Я дзіця, а не выбар».

Больш радыкальная форма пратэсту — rescue operation, калі праціўнікі абортаў папросту блакіруюць уваходы ў клінікі, якія робяць гэтыя аперацыі.

Ідэю акцый die-in сябры руху pro-life пазычылі ў пацыфістаў, якія ў 1960-я, пратэстуючы супраць вайны ў В’етнаме, папросту сядалі на зямлю. Розніца ў тым, што падчас die-in трэба легчы ў позе чалавечага эмбрыёна.

Самая эфектная, аднак, форма прапаганды называецца truth display. Сэнс у тым, каб распаўсюдзіць літаратуру са здымкамі зародкаў — ахвяраў абортаў. Здымкі проста жудасныя. Тактыка шоку, праўда, падзяляецца не ўсімі сябрамі руху.

Нарэшце, ёсць палітычнае лабіраванне. Патрабаванні pro-life знаходзяць увасабленне ў праграмных устаноўках Рэспубліканскай партыі. Сярод дэмакратаў таксама існуе група pro-life, аднак яна не настолькі ўплывовая.

Часткай барацьбы рro-life ёсць гарачая палеміка з прадстаўнікамі руху pro-choice (англ.: «за выбар»). Для апошніх галоўнае — рэпрадукцыйныя магчымасці жанчыны, а не правы эмбрыёна. Канфлікт pro-choice і рro-life цягнецца з 1960-х, калі ўлады дазволілі легальныя аборты і ўстанавілі тэрмін цяжарнасці, да якога можна зрабіць штучнае перарыванне. Адпаведна апытанням сацыялагічнай агенцтва Gallup, 49 працэнтаў амерыканцаў адносяць сябе да лагеру pro-choice, а 45 працэнтаў — да катэгорыі pro-life.

Звычайна палеміка паміж лагерамі была мірнай, аднак апошнім часам радыкальныя прыхільнікі рro-life усё часцей ужываюць такі аргумент, як бомбы і стрэльбы.

Напрыклад, папулярны акты вандалізму на тэрыторыі лякарняў, спробы падпалу, напады або забойствы супрацоўнікаў медычных устаноў. Усяго з 1977 года ў ЗША і Канадзе было зарэгістравана 17 забойстваў на гэтай глебе, 153 спробы нападу на медыкаў і актывістаў pro-choice. Тры разы іх нават выкрадалі.

Самыя вядомы выпадак — гэта справа Эрыка Раберта Рудольфа, заўзятага праціўніка абортаў і гомасексуалістаў. У 1996 годзе ён ўзарваў бомбу падчас летніх алімпійскіх гульняў у Атланце. Выбухам былі забіты два чалавекі, 11 — параненыя.

Толькі ў 1998 годзе паліцыя ідэнтыфікавала асобу тэрарыста і змясціла Эрыка ў спіс дзесяці самых небяспечных злачынцаў, якія знаходзяцца ў вышуку. ФБР устанавіла прэмію за інфармацыю пра Рудольфа памерам у адзін мільён долараў. Аднак Эрык быццам у ваду кануў. Яго злавілі толькі ў 2003 годзе. Высветлілася, што ўвесь гэты час ён жыў дзікуном у лясах Апалачы. Пры затрыманні ён быў паголены і памыты, што сведчыць пра падтрымку звонку, якую ён меў увесь гэты час. Цяпер Рудольф сядзіць у турме і вядзе ўласную старонку ў інтэрнэце.

Пакуль Рудольфа лавілі, ён стаў культавай асобай радыкалаў з pro-life. Тыя ахвотна насілі майкі з лозунгам «Бяжы, Эрык, бяжы!». У гонар Рудольфа былі напісаныя дзве песні ў стылі кантры. Сітуацыя часам нагадвала істэрыю. Так, родны брат Эрыка перад відэакамерай засунуў руку пад цыркулярную пілу як «пасланне ФБР». Дзякуй богу, руку потым прышылі.

Наўрад ці забойца Джорджа Ціллера атрымае такую ж папулярнасць. У яго былі праблемы з псіхікай. Усе буйныя арганізацыі pro-life крытыкуюць ягоны ўчынак. Аднак, так ці інакш, пытанне пра прычыны росту выпадкаў anti-abortion violence застаецца актуальным.

На думку шматлікіх экспертаў, важным фактарам радыкалізацыі руху рro-life ёсць ужо згаданыя акцыі rescue operation. Такія акцыі з сярэдзіны 1980-х пачалі арганізоўвацца не каталіцкімі святарамі, а радыкальнымі пратэстанцкімі кансерватарамі. Некаторыя адміністрацыі штатаў ужо прынялі адпаведныя законы, якія забараняюць «rescue operation». Застаецца пачакаць вынікаў.

Магчыма, значна больш эфектыўны метадам барацьбы з anti-abortion violence стане ідэя групы каталікоў з Каліфорніі, сяброў pro-life. Яны гатовыя даць 50 тысяч долараў за інфармацыю пра падрыхтоўку новых акцый anti-abortion violence.

Каментаваць