Гадавіна трагедыі ў Адэсе: не дапусціць беспакаранасці вінаватых

Маніторынгавая місія ААН апублікавала 5-хвіліннае відэа да гадавіны сутыкненняў 2 траўня 2014 года ў Адэсе, падчас якіх загінулі 48 чалавек. На ім зафіксаваныя кавалкі інтэрв'ю са сваякамі загінуўшых і пацярпелых, а таксама каментары актывістаў, якія адсочваюць вынікі расследавання трагедыі.


Таксама на відэа старшыня маніторынгавай місіі ААН па правах чалавека ў Украіне Фіёна Фрэйзер заклікала Нацыянальную паліцыю, Генеральную пракуратуру і прадстаўнікоў судовай галіны ўлады выявіць праўду і не дапусціць беспакаранасці вінаватых.

«Праз чатыры гады ўсе кажуць пра адно — няздольнасць правасуддзя. Судовыя працэсы зацягваюцца, расследаванні не эфектыўныя, беспакаранасць працягваецца. Я абмяркоўвала гэтую сітуацыю з праваахоўнікамі і выслухала іх сцвярджэнні аб намаганнях, якія яны прыкладаюць у гэтай складанай справе. Аднак яшчэ больш трэба зрабіць. Асобы, вінаватыя ў смерці 48 чалавек, павінны быць прыцягнуты да адказнасці. Справядлівасць павінна быць устаноўлена для ахвяраў і іх сем'яў. Грамадства павінна ведаць праўду», — адзначыла яна.

У Адэсе раніцай 2 траўня мясцовыя жыхары ўскладаюць кветкі да Дома прафсаюзаў, дзе чатыры гады таму ў пажары загінулі 42 чалавекі. Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, імправізаваны мемарыял наведалі дзясяткі людзей — пасля ўскладання кветак адны пакідаюць месца трагедыі, замест іх прыходзяць новыя.

У гадавіну падзеяў 2 мая 2014 у Адэсе ўзмоцнены меры бяспекі. Амаль дзве з паловай тысячы праваахоўнікаў ад 28 красавіка пераведзены на ўзмоцнены рэжым, які прадугледжвае, сярод іншага, патруляванне горада ноччу. Дзе-нідзе на вуліцах можна ўбачыць браніраваную тэхніку.

У паліцыі папярэдзілі, што Саборную плошчу, адкуль чатыры гады таму пачалася мірная праўкраінская хада, на якую напалі прыхільнікі «рускага свету», і Кулікова поле, дзе 2 мая 2014 быў знесены намётавы гарадок «антымайдана» і гарэў Дом прафсаюзаў, узятыя па перыметры ў паліцэйскае ачапленне. Трапіць на абедзве плошчы можна праз спецыяльныя фільтрацыйныя пункты з усталяванымі металадэтэктарамі.

2 мая 2014 у супрацьстаянні ўкраінскіх і прарасійскіх актывістаў на Грэчаскай вуліцы і Грэчаскай плошчы загінулі шэсць чалавек. Яшчэ 42 сталі ахвярамі пажару ў Доме прафсаюзаў на Куліковым полі.

Паводле radiosvoboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць