Халера шукае новыя ахвяры

Больш за 2 тысячы чалавек ужо памерла ў выніку выбуху эпідэміі халеры ў Зімбабве. Яшчэ сорак тысяч ляжаць у бальніцах. І гэта толькі пачатак.


Сітуацыя ў Зімбабве падаецца незвычайнай. Па-першае, здавалася, часы, калі эпідэміі халеры праносіліся па свету, знішчаючы цэлыя рэгіёны, даўно прайшлі. Халера, нагадаем, гэта вострая інфекцыйная хвароба. З-за яе праяў хворы хутка губляе вадкасць. Каб чалавек памёр, часам дастаткова аднаго дня.



Больш за 2 тысячы чалавек ужо памерла ў выніку выбуху эпідэміі халеры ў Зімбабве. Яшчэ сорак тысяч ляжаць у бальніцах. І гэта толькі пачатак.


Сітуацыя ў Зімбабве падаецца незвычайнай. Па-першае, здавалася, часы, калі эпідэміі халеры праносіліся па свету, знішчаючы цэлыя рэгіёны, даўно прайшлі. Халера, нагадаем, гэта вострая інфекцыйная хвароба. З-за яе праяў хворы хутка губляе вадкасць. Каб чалавек памёр, часам дастаткова аднаго дня.


Лічыцца, што першымі ахвярамі хваробы сталі жыхары Індыі, дзе спякотны трапічны клімат садзейнічае сінтэзу розных відаў бактэрый. З берагоў Ганга зараза пайшла гуляць па свеце ў форме так званых пандэмій.


У 1821 годзе адбылася першая пандэмія. Яе ахвярамі сталі больш за сто тысяч чалавек у Кітаі. 1829 год — другая пандэмія. Ахвяры — сто тысяч чалавек у Францыі і Аўстрыі. 1849 год — трэцяя пандэмія. Ахвяры — больш за мільён чалавек у Расіі. 1863 год — чацвёртая пандэмія. Ахвяры — 150 тысяч чалавек у Германіі. 1881 год — пятая пандэмія. Ахвяры — 260 тысяч чалавек у Расіі, 150 тысяч у Іспаніі. Гэта была апошняя пандэмія, якая дасягнула Еўропы. На той час славуты Роберт Кох знайшоў узбуджальніка хваробы — бактэрыю vibrio cholerae, а ўрады Еўропы пачалі фінансаваць сістэму публічнай аховы здароўя. Еўропы, але не Расіі... Пандэмія 1899 года ўсталявала жудасны рэкорд: за першае дзесяцігоддзе ХХ стагоддзя ў Расіі ад халеры памерла паўмільёна чалавек. Пасля рэвалюцыі сітуацыя значна палепшылася, аднак пандэмія 1964 года не абышла поўдзень СССР. Пандэмія 60-х гадоў была апошняй.


Усяго за ХІХ стагоддзе халера забіла 23 мільёна чалавек. Сярод іх два мільёна — грамадзяне Расійскай імперыі. У спісе славутых ахвяр халеры Міцкевіч, Чайкоўскі, Гегель, Джэймс Порк — прэзідэнт ЗША.


Аднак тыя змрочныя часы даўно прайшлі: цяперашнія лекі дастаткова эфектыўныя, каб ставіць на ногі 999 з 1000 хворых.


Па-другое, у Зімбабве, якой ужо дваццаць гадоў кіруе Роберт Мугабэ, пануе дыктатарскі рэжым, што, тэарэтычна, павінна было б дазволіць уладам без усякіх нарматыўных працэдур мабілізаваць патрэбны дзяржаўны рэсурс і хутка праводзіць санітарныя меры. У якасці прыкладу можна згадаць, як змагаліся з халерай у СССР. У 1971 годзе халеру выявілі ў Адэсе. Горад папросту зачынілі. Усіх курортнікаў, якіх было каля ста тысяч, разбілі на дзесяткі. Калі ў кагосьці былі праблемы са здароўем, усіх клалі ў шпіталь. Кожны вечар дружыннікі абыходзілі кватэры, шукаючы тых, у каго пачалася дыярэя — адзін з асноўных сімптомаў халеры.


Аднак абодва фактары не спрацавалі з-за адной прычыны: Зімбабве — гэта тыповая краіна ў стане заняпаду. За гады дыктатуры ў краіне была зруйнавана ўся інфраструктура. Нават чыстая вада — цяпер дэфіцыт. Міністр абароны здароўя прызнае, што без вонкавай дапамогі Зімбабве не ў стане перамагчы vibrio cholerae.


Акрамя таго дыктатарскі рэжым баіцца публічна прызнаваць свае памылкі. Калі ў снежні з’явілася халера, улады ўпарта маўчалі. Потым нечакана Роберт Мугабэ з’явіўся на экранах, каб павіншаваць суайчыннікаў з перамогай над халерай. У той жа дзень у сталіцы адной з правінцый памерла 30 чалавек. Калі схаваць факт эпідэміі было ўжо немагчыма, Мугабэ заявіў, што вірус — біялагічная зброя падступнага Захаду, які праз халеру хоча скінуць ягоны самы народны рэжым на планеце. Сітуацыя даходзіць да камічнага. Міністр інфармацыі сабраў нараду супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ і патрабаваў мінімізаваць маштабы хваробы, каб «не даць падстаў ворагам прэзідэнта для атак на яго».


Найбольш катастрафічная сітуацыя ў прыгарадах. Тут поўная антысанітарыя, і хвароба распаўсюджваецца рэкорднымі тэмпамі. Жыхарам сталіцы пашанцавала больш. Белыя каланізатары, якія кіравалі краем да пачатку 80-х, вельмі любілі купацца ў басейнах, якія звычайна будавалі ва ўнутраных дворыках. Гэтыя басейны сёння выратавалі жыццё тысячам людзей: у іх можна трымаць чыстую ваду, якую потым ужываць без рызыкі для здароўя. Водаправод і каналізацыя даўно ўжо ў Харарэ не працуюць. Чыстая вада зараз самае вялікае раскоша для жыхароў краіны. Якраз дрэнная якасць вады, якую спажываюць у прыгарадах, стала прычынай хуткага пашырэння эпідэміі (часам людзі тут пілі ваду нават з лужын).


Згаданая вышэй лічба ахвяр — гэта дадзеныя афіцыяльнай статыстыкі. На самай справе, як піша прэса, колькасць нябожчыкаў — дзесяткі тысяч. Сістэма аказання медыцынскай дапамогі ў шматлікіх вёсках папросту адсутнічае, з правінцыяй часам няма нават тэлефоннай сувязі. Адказны ў Чырвоным Крыжы за сітуацыю з халерай у Зімбабве баіцца, што атручаная вада з гарадоў можа трапіць на палі фермераў. У такім выпадку вірус трапіць у ежу.


Уся Афрыка ў паніцы. Час інкубацыі — ад заражэння да яўнага праяўлення праяў хваробы — складае тры дні. Гэтага дастаткова, каб які-небудзь чалавек у яшчэ знешне здаровым стане пакінуў краіну і дабраўся да суседняй Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі (ПАР) або Мазамбіку, заразіў там людзей і толькі потым апынуўся ў шпіталі. Усе краіны — суседзі Зімбабве — ужо абвясцілі ў сябе стан трывогі на выпадак імпарту халеры.


Пакуль галоўным адказам на пагрозу пашырэння эпідэміі стаў выраб вялікіх, на 75 тысяч літраў, цыстэрнаў у раёнах, дзе пануе хваробы. Плануецца, што чыстая вада, якая будзе там утрымлівацца і раздавацца насельніцтву, прытармозіць эпідэмію.


Аднак гэта не панацэя. Фактычная ізаляцыя Зімбабве, якую пачынаюць суседзі, значыць смяротны прысуд для яе грамадзян. У самой краіне даўно ўжо няма ніякай вытворчасці. Інфляцыя б’е сусветныя рэкорды. Кошты ў крамах пераглядаюцца кожную гадзіну. Жыхары краіны раней выжывалі за кошт працоўнай міграцыі або спекуляцый імпартнымі таварамі. Цяпер толькі вар’ят з-за мяжы будзе працаваць на зімбабвійскім рынку.


Прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя бачыць будучыню Зімбабве так: «У бліжэйшы час колькасць хворых будзе ўдвая большай. Тыя, хто выжывуць, усё роўна памруць. З-за рэжыму ізаляцыі краіне пагражае праблема з прадуктамі харчавання, а людзі, якія ўжываюць мала ежы, звычайна становяцца ахвярамі малярыі або грыпу».

Каментаваць