Галіпалі і генацыд армян

Сто гадоў таму,  25 красавіка 1915 года, высадзіўся дэсант у Галіпалі. Аперацыя войскаў Антанты атрымала назву «Дарданельская» і дасюль застаецца малавядомай у нас старонкай гісторыі Першай сусветнай вайны.



Антанта планавала захапіць Басфорскі праліў, каб дэблакіраваць саюзную Расію, чый флот быў зачынены ў Чорным моры. З гэтай мэтай Уінстан Чэрчыль — тагачасны лорд адміралцейства, дабіўся згоды на адпраўку англа-французскага дэсанту для акупацыі Канстанцінопаля.

Такім чынам, 19 лютага 1915 года саюзны флот пачаў бамбіць асманскія фартыфікацыі на Галіпальскім паўвостраве — паўвостраў у еўрапейскай частцы Турцыі, што размешчаны паміж Эгейскім морам і пралівам Дарданелы. 26 красавіка пачалася высадка дэсанту. Хаця англа-французскія войскі здолелі высадзіцца і стварыць плацдарм, выканаць галоўную задачу ў іх не атрымалася. Туркі так і не далі ім прасунуцца далёка ад берага. Пасля некаторых беспаспяховых спробаў прарваць лінію фронту Лондан і Парыж вырашылі ў студзені 1916 года эвакуяваць свае часткі. Лічыцца, што галоўнымі вынікам баталіі за Дарданелы стала адстаўка Уінстана Чэрчыля і ўступленне ў вайну Балгарыі на баку Цэнтральных дзяржаў.

На першы погляд, падзеі на Галіпалі ніяк не звязаныя з цяперашнімі рэаліямі. Аднак на самай справе тая далёкая бітва можа адгукнуцца на цяперашніх палітычных працэсах.

Перш за ўсё, юбілейныя ўрачыстасці, якія пачынаюцца, паўплываюць на грамадска-палітычную дыскусію ў Аўстраліі і Новай Зеландыі. Дарданельская аперацыя ў свой час стала баявым хрышчэннем ANZAC (Аўстралійскія і Новазеландскія армейскія карпусы) — фармавання ўнутры брытанскіх войкаў. Дасюль бітва за Галіпалі з’яўляецца самай буйной бітвай у вайсковай гісторыі гэтых дзяржаў. Дзень пачатку дэсантнай аперацыі — 25 красавіка — з 20-х гадоў мінула стагоддзя адзначаецца як нацыянальны Дзень памяці.

Аднак за сто гадоў падыходы да подзвігаў ANZAC у Турцыі кардынальна змяніліся. Усё больш становіцца папулярным тэзіс пра тое, што масавае вынішчэнне маладых людзей у незразумелай вайне на іншым канцы зямнога шара не мела ніякага сэнсу. На думку аўстралійскіх феміністак, культ ANZAC шмат у чым паспрыяў стварэнню інстытутаў дамінавання мужчын у аўстралійскім грамадстве і палітычным жыцці. Гісторыкі скардзяцца, што з-за вялікіх маштабаў свята 25 красавіка гісторыя Аўстраліі аказалася паступова вельмі арыентаванай на гісторыю Еўропы. Адпаведна, аўстралійцы выпалі з кантэксту гісторыі азіяцкага рэгіёну, у якім геаграфічна знаходзіцца пяты кантынент. Высвятляюцца і некаторыя малавядомыя старонкі гісторыі. Цяпер ужо вядома, што журналісцкая карэспандэнцыя ў Аўстралію і Новую Зеландыю праходзіла жорсткую цэнзуру. Матэрыялы, на аснове якіх фармавалася ўяўленне пра ANZAC у калоніях, дазвалялася пісаць выключна ў патрыятычна-бравурным стылі.

Некалькі гадоў таму ў Аўстраліі ўзнік рух за скасаванне святкавання так званага дня ANZAC. У гэтым годзе аматары гэтай ідэі ў штаце Вікторыя дабіліся першай перамогі — тут свята адзначаць не будуць. Па меры набліжэння 25 красавіка дыскусія вакол Галіпалі будзе толькі напаляцца, паколькі наўпрост датычыцца пытання, ці трэба Аўстраліі фармальна заставацца адзінкай брытанскай манархіі? Ход святкавання паўплывае таксама на вынікі анансаванага ў Новай Зеландыі рэферэндуму аб змене дзяржаўнага сцяга, элементам якога ёсць выява брытанскага «Юніён Джэка».

Галіпалі будзе тэмай і еўрапейскай палітыкі. Справа ў тым, што Анкара — арганізатар афіцыйных урачыстасцяў, нечакана вырашыла перанесці дату мерапрыемства на 25 красавіка (звычайна ў Турцыі бітву за Галіпалі ўзгадваюць 17 сакавіка, калі турэцкія марскія мінёры і артылерыя ў адным з баёў нанеслі вялікую шкоду англа-французскаму флоту). Шмат хто з палітолагаў падазрае, што каляндарныя фінты турэцкіх уладаў тлумачацца тым, што на 25 красавіка гэтага года таксама выпадае стагоддзе пачатку армянскіх пагромаў у Асманскай Імперыі (у выніку дэпартацый і рэпрэсій тады, па розных ацэнках, было забіта ад 200 тысяч да 2 мільёнаў чалавек). Гэта тэма традыцыйна не вельмі прыемная для афіцыйнай Анкары і, магчыма, за кошт гадавіны Галіпалі турэцкія ўлады жадаюць адцягнуць увагу ад іншай даты.

У выніку мы маем парадаксальную сітуацыю, калі ўдзел у афіцыйных мерапрыемствах з нагоды Дарданельскай бітвы можа разглядацца як адмова ад прызнання генацыду армян. Менавіта на гэтым робіць акцэнт Ерэван. Сёння шматлікія лідары дзяржаў (усяго Анкара даслала запрашэнні каля ста палітыкам) ламаюць галаву, ці трэба ім ехаць на святкаванні ў Галіпалі. Быццам, на цяперашні момант прыехаць 25 красавіка ў Турцыю пагадзіліся каля пяці кіраўнікоў, уключаючы лідараў Аўстраліі і Новай Зеландыі. Самая цяжкая дылема, натуральна, стаіць перад Франсуа Аландам. Парыж не можа ігнараваць той факт, што ў той бітве загінула каля 26 тысяч французаў. З іншага боку, армянская дыяспара і яе палітычнае лобі вельмі ўплывовыя ў Францыі.

Хутчэй за ўсё, гадавіна Галіпалі прымусіць панервавацца таксама і Ангелу Меркель. Яшчэ ў мінулым годзе гісторыкі пачалі казаць, што Асманская імперыя, пачынаючы зачыстку армянскага насельніцтва, мусіла атрымаць санкцыю з Берліну, сатэлітам якога па сутнасці была. Вядома, што кайзер Вільгельм, сапраўды, неяк абмовіўся наконт таго, што рэпрэсіі супраць армян не з’яўляюцца ў яго вачах чымсьці жудасным.

Праўда, пытанне, ці будзе ўзнятая тэма ўдзелу Германіі ў генацыдзе армян, застаецца адкрытым. Затое можна дакладна прагназаваць шквал гістарычных спекуляцый. На днях брытанскі гісторык Дональд Блоксхэм напісаў, што пралогам масакры армян стала пазітыўная рэакцыя армянскай інтэлігенцыі Канстанцінопаля на навіну пра высадку саюзнікаў у Дарданелах. На яго думку, такая нелаяльная пазіцыя, быццам, і справакавала асманскія ўлады на запуск машыны тэрору супраць армян. У расійскай прэсе можна наткнуцца на тэзіс пра тое, што дэсант у Галіпалі быў праявай старажытнай традыцыі недаверу Захаду да Расіі. Быццам, англічане ў лютым 1915 года жадалі акупаваць Басфоры, каб не аддаць іх пасля вайны Раманавым, як патрабавалі раней заключаныя паміж сябрамі Антанты сакрэтныя дамовы.

Каментаваць