Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Галівуд будзе кітайскім?

На думку кіназнаўцаў, 2017 стане годам пачатку акупацыі Галівуду кітайцамі — гэта тэндэнцыя, якая з часам можа цалкам зменіць профіль сучаснага кіно.

Падчас апошняй прэзідэнцкай кампаніі кандыдат Дональд Трамп актыўна казаў, што ў Злучаных Штатаў засталося прыблізна 15 гадоў. Калі за гэтыя 15 гадоў краіна не мабілізуецца, то ў 2030-м саступіць Кітаю статус глабальнага эканамічнага лідара, што пацягне за сабой буйныя геапалітычныя трансфармацыі. А вось у сферы кінематографа працэс «кітаізацыі» можа скончыцца хутчэй. На нашых вачах адбываецца імклівая экспансія кітайцаў на Галівуд.

За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Днямі кітайская кампанія Dalian Wanda Group набыла амерыканскую студыю Legendary Entertainment, якая ў свой час падаравала нам «Парк Юрскага перыяду» ды кінатрылогію пра Бэтмэна. У мінулым верасні кампанія Fundamental Films, галоўны офіс якой знаходзіцца ў Шанхаі, сталася другім акцыянерам ў кампаніі ЕuropaCorp. EuropaCorp — студыя французскага кіно, заснаваная Люкам Бесонам. Нягледзячы на французскую прапіску, EuropaCorp актыўна працуе ў Штатах. У лістападзе іншая кітайская кампанія — Digital Media Alibaba — стала саўладальнікам кампаніі Amblin Partners, у спісе заснавальнікаў якой вядомы рэжысёр Стывен Спілберг. У лістападзе ўсё тая ж Wanda анансавала набыццё за суму памерам у адзін мільярд долараў славутага конкурсу «Залаты глобус». І гэта яшчэ далёка не фінал. Паводле замежнай прэсы, у гэтым годзе адбудзецца яшчэ шэраг гучных здзелак.


Чаму ўладальнікі амерыканскіх кінакампаній прадаюць кітайцам свае праекты? Натуральна, перш за ўсё таму, што ім прапануюць шалёныя грошы. Тая ж Dalian Wanda Group выклала на бочку за Legendary Entertainment 3,5 мільярдаў баксаў.

Аднак грошы — не галоўны чыннік. На супрацоўніцтва з кітайцамі штурхаюць ўмовы кітайскага пракату — сапраўдная залатая жыла для Галівуду. У Паднябеснай цяпер працуе 41 тысяча кінатэатраў, што колькасна ўжо больш, чым у Злучаных Штатах. Толькі ў мінулым годзе на пракаце ў КНР зарабілі 5,6 мільярда долараў. Эксперты ўжо зрабілі калькуляцыю: у 2019-м кітайскі пракат будзе лідарам у так званым «box office» — гэтае азначэнне ўжываецца ў кінапракаце і пазначае выручку ад продажу квіткоў.


Выйсці на кітайскі кінарынак без падтрымкі мясцовых кіношнікаў вельмі цяжка. У Кітаі дзейнічае жорсткі кінапратэкцыянізм. Мала таго, што ўрад увёў жорсткую 30-працэнтную на замежныя стужкі ў кітайскіх кінатэатрах. Акрамя таго фільмы, якія не знятыя ў КНР, забаронена круціць у святочныя дні, калі глядач ахвотней выбіраецца ў кінатэатры. Нарэшце, існуе абмежаванне для рэкламы іншаземных стужак на ТБ. З улікам падобных абставінаў галівудскім кампаніям не застаецца нічога іншага, як вырабляць сумесныя з кітайцамі фільмы.

Менавіта для выхаду на кітайскі пракат у мінулым верасні тая ж Dalian Wanda Group дамовілася пра стратэгічнае супрацоўніцтва з найвядомейшай галівудскай студыяй — Sony Pictures. Паколькі Wanda ўкладае грошы ў Sony Pictures, фільмы згаданай студыі не трапляюць пад драконаўскія законы супраць замежных стужак.

 theguardian.com

 theguardian.com

І гэта яшчэ не ўсё. Як лічаць спецыялісты, стаўка на кітайскі рынак будзе відавочна цягнуць за сабой змену прыярытэтаў для вытворцаў галівудскай прадукцыі. Перш за ўсё, у фільмах часцей будуць граць акцёры, якіх ведае кітайская аўдыторыя. Акрамя таго, нас чакае з’ява, калі ў фільмах будуць у пазітыўным плане асвятляць кітайскія рэаліі. Тут ужо ёсць першыя эксперыменты. Так «пад кітайцаў» быў перапісаны сцэнар стужкі «Марсіянін» — проста падчас здымак. Насуперак першапачатковай версіі, на экранах нечакана ўзнікла тэма амерыканска-кітайскай кааперацыі ў космасе.


Аднак гэта толькі кветачкі. Проста прысутнасці кітайскіх акцёраў на другім плане ўжо недастаткова. Не толькі акцёрскі кастынг, аднак і фабулы карцінаў у будучым усё больш будуць арыентавацца на капрызы грамадзян КНР.

Першай спробай стварыць фільм пад кітайцаў стала «Вялікая сцяна» рэжысёра Чжана Імоў. Кіно, рэліз якога ў СНД запланаваны на 2 лютага 2017 года, разглядаюць як нейкую магчымую формулу будучых галівудскіх фільмаў, аўтары якіх шукаюць сімпатыю як сярод заходняй, так і кітайскай публікі. Па сюжэце нейкія містычныя сілы спрабуюць захапіць старажытны Кітай. Для абароны ад жудасных дэманаў ствараюцца сумесныя фармаванні Кітая і Захаду. Ролі чальцоў атраду герояў, які павінны спыніць нячыстую сілу на Вялікай сцяне, выконваюць вядомыя галівудскія і кітайскія акцёры.

Кадр з фільма "Вялікая сцяна"

Кадр з фільма "Вялікая сцяна"

Ці трэба баяцца кітаізацыі Галівуда, які, як вядома, фармуе масавыя забабоны вялікай часткі чалавецтва? Адзінай думкі на гэты конт няма. Нельга выключаць, што самі кітайцы ў штыхі ўспрымуць трэнд, калі ў карцінах пачнуць дамінаваць сюжэты з кітайскага побыту і гісторыі. Амаль сто год існуючы галівудскі шаблон падабаецца таксама аматарам кіно ў Кітаі. Ці трэба ў такім выпадку нешта рэфармаваць?

А вось французская прэса, наадварот, не супраць новых тэндэнцый. Некаторыя культуролагі ў Парыжы бачаць у феномене паўзучай кітаізацыі Галівуду знак яго паступовага заняпаду, што павінна стаць фактарам развіцця нацыянальных кінашколаў.

Каментаваць