2013 год у Ганконгу пачаўся з акцыі пратэста (фота)

Ужо 1 студзеня 2013 года па цэнтральнай вуліцы Ганконга маршам пратэсту прайшлі больш за 130 тысяч чалавек. Доўжыўся марш болей за тры гадзіны і завяршыўся мітынгам перад Домам ураду.



Найбольш папулярны слоган “Чжэньін сыходзь!”


Гэта не першая акцыя пратэста.  У 2012 годзе іх адбылося некалькі. Каб лепш зразумець матывы і мэты пратэсту, трэба ўзгадаць, што ў 1997 годзе Вялікабрытанія перадала Кітаю сваю калонію Ганконг. За каланіяльным часам Ганконг, хаця і не быў цалкам дэмакратычным, зрабіўся сучасным, перадавым і свабодным грамадствам.

Таму напярэдадні перадачы шмат ганконгцаў эмігравала ў Канаду і Аўстралію, бо чакалі хуткіх зрухаў у бок дыктатуры камуністычнага ўзору. Але кіраўніцтва кампартыі Кітая вымушана было прыняць прынцып “адна краіна, дзве сістэмы", які стаў умовай перадачы і быў замацаваны ў асноўным законе Ганконга.

На працягу 15 гадоў вялікіх пагроз палітычнай мадэлі “адна краіна, дзве сістэмы" з боку Пекіна не ўзнікала. Ганконг працягваў існаваць і развівацца як эканамічна паспяховы і сацыяльна свабодны горад. Шмат тых, хто з’ехаў, вярнуліся.

Пагрозы выразна абазначыліся менавіта ў 2012 годзе. Асабліва ўсхвалявала людзей пазіцыя новага мэра гораду Лян Чжэньіна, пракітайскага палітыка, які нарадзіўся ў Ганконгу ў сям'і выхадцаў з кітайскай правінцыі Шаньдун. Фармальна ён беспартыйны, але, па меркаванні палітыкаў і экспертаў, мае цесную сувязь з кіраўніцтвам кампартыі Кітая. У 2012 годзе ён ўжо спрабаваў увесці ў школах Ганконга абавязковы ў КНР курс ідэалагічнай падрыхтоўкі, што выклікала моцную хвалю супраціву. Незадаволенасць грамадства ўзрасла тым больш, што журналісты выявілі і апублікавалі шэраг фактаў асабістых злоўжыванняў Лян Чжэньіна ўладай на сваю карысць.

Лян Чжэньін, якому нададзены вобраз ваўкалака

Марш пратэсту і мітынг каля дому ўраду 1 студзеня 2013 года арганізавалі грамадскія дэмакратычныя арганізацыі, аб’яднаныя ў так званы “пандэмакратычны альянс, сярод якіх найбольшую актыўнасць ў арганізацыі шэсця выявіў “Фронт за грамадскія правы чалавека. У акцыі таксама прымалі ўдзел усе асноўныя дэмакратычная партыі Ганконга, у прыватнасці, Грамадзянская партыя, партыя “Народная Воля", Партыя працы, Дэмакратычная партыя.

Апошнім часам нечакана для палітычных эліт узніклі рух “За Аўтаномны Ганконг" і рух “Мы ганконцы, а не кітайцы", якія выступаюць за фармальную аўтаномію тэрыторыі, па сутнасці за незалежнасць Ганконга. На шэсці гэтыя рухі ішлі пад былым каланіяльным сцягам гораду — факт, які асабліва раздражняе пекінскіх лідараў.

Група з незалежніцкіх рухаў з былымі каланіяльнымі сцягамі

Аўтары прайшлі ўвесь шлях і размаўлялі з удзельнікамі. Іх выказванні аб матывах свайго ўдзелу абагульняючы можна сфармуляваць так: занепакоенасць стратай дэмакратычных свабодаў, недавер асабіста да кіраўніка Лян Чжэньіна, патрабаванне імпічменту мэру і тром міністрам, патрабаванне наўпроставых выбараў замест існуючай сістэмы, калі кіраўнік ураду абіраецца выбарным саветам з 1200 сябраў.

Лічба 689 — столькі сябраў выбарнага савета прагаласавалі за Лян Чжэньіна. Сэнс плаката — перавага мінімальная і сумніўная, кіраўнік — нелегітымны, патрабуюцца новыя выбары

Пікет з агітацыйнай літаратурай

На самаробным плакаце: “КПК (Камуністычная партыя Кітая) перастань забіваць наш горад"

На дэманстрацыю многія выйшлі сем’ямі, з малымі децьмі. Нашага пытання: "Ці не баяцца яны, што дзеці могуць падвергнуцца небяспецы ў магчымых беспарадках, ці ад сілавых дзеянняў паліцыі?" — людзі проста не разумелі. Такога ніколі не было.

Такія ланцужкі паліцэйскіх — уся ахова. Яркія камізэлькі, выразна бачныя асабістыя нумары на пагонах. Ні шчытоў, ні дубінак, ні спецназу ў шлемах

Рэдактар “Новага часу" Аляксей Кароль сярод удзельнікаў дэманстрацыі

Удзельнікі акцыі, у якіх мы бралі каментары

Трыбуна, усталяваная на машыне, што рухаецца ў калоне. Акрамя яе ў калоне было яшчэ некалькі машын з гукаўзмацняльнай апаратурай. На працягу ўсяго маршу заклікі, слоганы, спевы, прамовы гучалі бесперапынна. Людзі, як у калоне, так і на ўзбочыне, адгукаліся на заклікі і скандзіравалі лозунгі з непадробным энтузіязмам

Адмыслова аформленая пляцоўка для выступоўцаў перад самым Домам ураду

Каментаваць