Ганконгскі Антымайдан

Арганізаваны крымінал існаваў у Ганконгу заўсёды і, натуральна, падтрымліваў нефармальны дыялог з уладай. Паводле лідараў пратэстаў, сёння частка гангстэраў мабілізаваная ўладай для барацьбы з Occupy Central.



«Рэвалюцыю парасонаў» у Ганконгу ахвотна праецыруюць на падзеі на кіеўскім Майдане. А там, дзе Майдан, па закону жанру абавязкова павінен быць і Антымайдан.

Сталымі фрагментамі апошніх тэлерэпартажаў з Ганконгу сталі кадры сутычак пратэстуючых студэнтаў з фізічна моцнымі людзьмі ў масках, якія спрабуюць разбурыць і дэблакаваць акупаваны імі цэнтр гораду. І калі сацыяльны партрэт актывіста руху Occupy Central (так называюцца апазіцыйны рух у Ганконгу) больш-менш зразумелы (моладзь і студэнцтва), то профіль іх апанентаў выглядае дастаткова загадкава. Хто яны такія, і якія матывы ў гэтых жыхароў Ганконгу, каб падтрымліваць у канфлікце бок Пекіна?

Заходняя прэса ў пошуках адказу на гэта пытанне выдзяляе тры сацыяльныя групы лаяльных Кітаю жыхароў Ганконгу.

Першая — гэта людзі сталага ўзросту. Разбіраць барыкады пратэстантаў яны не лезуць, аднак за кошт сваіх бурчання на адрас моладзі фармуюць тую самую маўклівую пасіўную большасць. Гэта сацыяльная фракцыя складаецца, як правіла, з тых, хто большасць жыцця пражыў у яшчэ ў брытанскім Ганконгу. Таму на акцыі Occupy Central пенсіянеры глядзяць праз прызму свайго жыццёвага вопыту. Сам тэрмін «пратэст» выклікае канатацыі з падзеямі 1967 года і спробай рэвалюцыі на пекінскай плошчы Цяньаньмэнь у 1989-м.

Пра падзеі на Цяньаньмэнь у прынцыпе ведаюць усе. Што тычыцца падзей 1967 года ў Ганконгу, то гэта малавядомая ў нас трагічная старонка гісторыі. Увесну 1967 года мясцовыя камуністы і студэнты пад уплывам Культурнай рэвалюцыі ў КНР вырашылі, што час вяртання Ганконгу ў лона Кітая нарэшце прабіў. Левыя арганізавалі выступы рабочых на мясцовай фабрыцы штучных кветак, адкуль пратэсты перакінуліся на студэнцкі квартал. Пры гэтым у ход ішлі самаробныя бомбы і зброя. Рэакцыя брытанскай каланіяльнай адміністрацыі была вельмі жорсткай. Усяго было забіта больш за 50 студэнтаў. Паліцыя страціла 5 чалавек.

Іронія гісторыі ў тым, што за крывавае падаўленне згаданага бунту мясцовая паліцыя атрымала ад каралевы Елізаветы ІІ тытул «каралеўская». Гэты факт ахвотна ўзгадваюць кітайскія прапагандысты, каментуючы крытычныя пасажы брытанскага прэм’ера Дэвіда Кэмерана наконт паліцэйскіх рэпрэсій супраць пратэстоўцаў у Ганконгу.

Паколькі абодва пратэсты — і ў 1967-м, і ў 1989-м — закончыліся паразай, людзі сталага веку не маюць ілюзій наконт таго, што Ганконг здольны супрацьстаяць паліцэйскаму рэсурсу метраполіі. Як метафарычна выказаўся адзін з прадстаўнікоў гэтай кагорты, «студэнты паляць трубку фантазіі». Натуральна, аксакалы таксама незадаволеныя тым, што рух Occupy Central парушыў іх прывычны лад жыцця. Напрыклад, з-за блакады вуліц спыніўся транспарт, што адрэзала некаторыя раёны ад цэнтру і выклікала перабоі з дастаўкай прадуктаў.

Сярод гэтай групы людзей на самай справе хапае незадаволеных схемай кіравання, якую Пекін навязаў Ганконгу, аднак яны лічаць, што зменаў можна дабіцца праз кулуарныя перамовы.

Другая сацыяльная група Антымайдану ў Ганконгу больш арганізацыйна аформленая, паколькі відавочна працуе пад дахам прапекінскай адміністрацыі. Гутарка пра шэраг грамадскіх праўладных ініцыятыў, найбольш вядомая з якіх — «Альянс за мір і дэмакратыю». Прааналізаваўшы кантэнт пракламацый Альянсу, можна заключыць, што галоўная мэта дзейнасці групоўкі — не дапусціць фармавання кааліцыі паміж студэнтамі і гарадскім сярэднім класам, а таксама сацыяльна ізаляваць пратэст.

Для гэтага ў ход ідзе езуіцкая рыторыка. «Альянс за мір і дэмакратыю» сцвярджае, што таксама ў прынцыпе за тое, каб горад сам абіраў сабе кіраўніка (галоўнае патрабаванне Occupy Central), аднак такія складаныя пытанні, як адміністратыўнай рэформа, на вуліцы не вырашаюцца. Шматмільённы Ганконг, маўляў, не павінен стаць закладнікам 70 тысяч пратэстуючых студэнтаў, якія здольныя паралізаваць дзейнасць фінансавых інстытутаў — эканамічнага нерву Ганконгу. «Зараз, калі Occupy Central нарэшце пачаўся, мы адчуваем яго здушальны эфект. Фондавы рынак каціцца ўніз, крамы зачыненыя, нармальны побыт парушаны — і гэта толькі пачатак. Некаторыя кажуць, што гэта невялікі кошт за атрыманне сапраўднай дэмакратыі. Аднак тое ж кажуць закладнікам, прымушаючы іх пакутаваць», — гаворыцца ў агітацыйных матэрыялах «Альянсу за мір і дэмакратыю». Менавіта Альянс стаў аўтарам петыцыі, у якой заклікае студэнтаў прыпыніць акцыі. Усяго, дарэчы, зварот падпісалі недзе паўтара мільёна чалавек.

Самая экзатычная — трэцяя катэгорыя антымайданаўцаў. Калі верыць заходняй прэсе, у бедных кварталах фармуюцца групоўкі, якім у канфлікце адводзіцца роля, падобная на тую, што падчас Майдану выконвалі т.зв. «цітушкі». Але, у адрозненне ад Украіны, у Ганконгу брыгады "цітушак" фармуе не абкам урадавай партыі, а сумнавядомая «Трыяда».

Арганізаваны крымінал існаваў у Ганконгу заўсёды і, натуральна, падтрымліваў нефармальны дыялог з уладай. Паводле лідараў пратэстаў, сёння частка гангстэраў мабілізаваная ўладай для барацьбы з Occupy Central. Чальцам «Трыяды», быццам, даручаецца самая брудная справа — бойкі са студэнтамі, атакі на барыкады, індывідуальны ціск і г.д. «Гэта адна з форм тактыкі, якую кантынентальныя камуністы выкарыстоўваюць час ад часу ў Ганконгу. Яны дасылаюць супраць нас крымінальныя структуры і банды «гопнікаў», каб самім не браць адказнасць за збіццё людзей», — цытуе агенцтва CNN аднаго з актывістаў «Рэвалюцыі парасонаў». Праўда, прэса не выключае, што атакі гангстэраў на студэнтаў таксама робяцца па прычыне таго, што іх акцыі падрываюць бізнэс мафіі.

У любым выпадку, лагер праціўнікаў «Рэвалюцыі парасонаў» відавочна мае сацыяльную базу. Ад таго, ці здолее дэмакратычны рух яе дэфрагментаваць, шмат у чым будзе залежыць вынік бітвы за Ганконг. Нагадаем, што кульмінацыя супрацьстаяння чакаецца ў 2017 годзе, калі адбудуцца выбары ў гарадскі савет. Паколькі ў жніўні Пекін забараніў праводзіць прамыя выбары дэпутатаў, чакаецца, што выбары праз тры гады могуць выліцца ў новую серыю пратэсту.

Каментаваць